Пошук

01.10.2021 16:19   Тэкст: Яраслаў Леўшуноў / Фота: Ніна Бабіч / Catholic.by

30 верасня, ва ўспамін святога Гераніма — доктара Касцёла і славутага перакладчыка Бібліі, ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылося благаслаўленне моладзі і студентаў на новы навучальны год.

Сустрэча распачалася святой Імшой, якую целебраваў арцыбіскуп Тадевуш Кандрусевіч. Арцыпастыр прамовіў гамілію, у якой звярнуў увагу на тое, што моладзь павінна максімальна выкарыстоўваць свой час для вучобы, каб пасля добра і плённа служыць Богу, Касцёлу і грамадству.

«Студэнты на пачатку новага навучальнага года павінны прасіць Бога перадусім аб дары мудрасці і розуму. Падобна да таго, як грошы ў банку прыносяць працэнты, таксама з Божай дапамогай развіваюцца і павялічваюцца атрыманыя ад Яго дары і здольнасці, у тым ліку дар мудрасці і розуму», — падкрэсліў заслужаны іерарх, які ў маладосці сам быў студэнтам. Нагадаўшы юнакам і дзяўчатам словы Папы Францішка, арцыбіскуп адзначыў, што новы навучальны год — гэта добры час для таго, каб «устаць з канапы», якая ў вучэнні Святога Айца з’яўляецца сімвалам ляноты і нуды.

Асабліва звярнуўшыся да першакурснікаў, арцыпастыр сказаў: «Многія з вас, дарагія студэнты, прыехалі ў Мінск з іншых гарадоў і вёсак.

Вы ўпершыню апынуліся далёка ад дома і апекі бацькоў, але гэта не павінна азначаць, што цяпер вы можаце быць таксама далёка ад Бога. Памятайце словы Езуса: „Без Мяне нічога не зможаце зрабіць“», — заахвоціў маладых людзей арцыбіскуп Кандрусевіч.

Літургія слова на Імшы была падрыхтавана Душпастырствам моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам» — моладзевай супольнасці, якой апякуюцца ксяндзы хрыстусоўцы.

У гэты дзень моладзь асабліва прасіла Бога аб дарах і ласках на новы навучальны год, а таксама аб тым, каб кожнае маладое сэрца знайшло сваю супольнасць і сустрэлася з Хрыстом.

Падчас ахвяравання дароў салезіянская моладзь з Серабранкі прынесла да алтара свечку — сімвал святла і ведаў, мёд — плён працы пчалінага рою, а таксама хлеб і віно, якія праз некалькі хвілін сталі на алтары Целам і Крывёю Хрыста.

Напрыкацы Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў студэнтаў, моладзь і іх залікоўкі, а таксама пажадаў расці не толькі узростам, але таксама ў ведах і мудрасці.

Пасля Эўхарыстыі моладзь і духавенства сабраліся ў дольным касцеле, каб правесці супольную сустрэчу. Спярша адбылося прадстаўленне кожнай каталіцкай суполкі сталіцы пад назваю «Мапа моладзі Мінска»: прысутная моладзь з розных мінскіх парафій падрыхтавала невялікае прадстаўленне і запрасіла прысутных на свае моладзевыя сустрэчы.

Пасля кожны удзельнік і кожная суполка пазначылі на мапе Мінска свае адрасы, стварыўшы такім чынам вялікую мапу сустрэч каталіцкай моладзі сталіцы.

Далей адбылася інтэграцыйная частка, якую падрыхтавала моладзь з Бараўлянаў: юнакі і дзяўчаты танцавалі, пілі цёплую гарбату, удзельнічалі у віктарыне і, вядома ж, знаёміліся паміж сабою.

Сустрэча завяршылася супольнай малітвай.

Абноўлена 01.10.2021 16:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа