Пошук

20.10.2023 11:30   Тэкст: Яна Чайко / Фота: з архіву супольнасці беларусаў-католікоў Кракава

Пасля часовага перапынку ў Любліне і Кракаве зноў будуць цэлебравацца святыя Імшы на беларускай мове для католікаў беларускага паходжання, якія жывуць у гэтых польскіх гарадах.

Як паведамлялася раней, у сувязі з тым, што папярэдні душпастыр супольнасці беларусаў-католікаў у Кракаве ксёндз Ежы Вільк SCJ напрыканцы чэрвеня змяніў месца служэння на тры месяцы супольнасць, у якой былі штонядзельныя святыя Імшы на роднай мове, засталася без святара. Але ў мінулую нядзелю ў гісторыі беларускага душпастырства распачаўся новы этап. Мітрапаліт Кракаўскі арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі даў дазвол беларускаму святару Юрыю Рашатко несці душпастырскую паслугу ў супольнасці суайчыннікаў.

На першай Літургіі сабралося больш людзей, чым звычайна. Прыйшлі тыя, хто толькі даведаўся пра святыя Імшы на роднай мове, а былі таксама і такія, хто зусім ніколі не хадзіў у касцёл. Эўхарыстыя суправаджалася прыгожым спевам, пры алтары служылі міністранты. Пасля Літургіі ўсе сабраліся на гарбату ў парафіяльным класе, каб пазнаёміцца і абмеркаваць планы на бліжэйшы год. Уздымалася пытанне, каб арганізаваць катэхезы для дарослых, катэхезы для дзетак і іншыя дадатковыя сустрэчы.

Ці будуць святыя Імшы па-беларуску ва ўрачыстасці — пакуль невядома: усё будзе залежаць ад патрэбаў вернікаў.

Ксёндз Юрый адкрыты на ідэі і ініцыятывы для рэалізацыі супольнай мэты: стварыць жывую суполку, удзельнікі якой будуць адзін аднаго падтрымліваць. Супольнасць беларусаў удзячная Кракаўскаму арцыбіскупу і беларускім касцёльным уладам за магчымасць мець свайго душпастыра, а пробашчу — за дазвол маліцца ў яго парафіі і праводзіць сустрэчы ў касцёльных класах.

Святыя Імшы ў Кракаве адбываюцца кожную нядзелю ў 15.30 у касцёле Святога Стэфана па адрасе: Henryka Sienkiewicza 19.

Ад 15-й гадзіны ёсць магчымасць споведзі, а пасля святой Імшы — сустрэча ў катэхетычным класе.

Інакш выглядае сітуацыя ў Любліне, дзе святыя Імшы па-беларуску цэлебруюцца ўжо на працягу каля 20-і гадоў.

Спецыфіка супольнасці ў тым, што прыкладна 70 адсоткаўм тых, хто ўдзельнічае ў Літургіі, гэта студэнты. Сярод іх увесь час былі і святары, якія навучаліся ў мясцовым каталіцкім універсітэце і цэлебравалі святыя Імшы на беларускай мове. Сустрэчы адбываліся раз на месяц з кастрычніка па чэрвень — акурат у час, калі ў Польшчы працягваецца акадэмічны год. Апошні год мясцовым беларусам служыў брат Гжэгаж Юзвяк OFMCap, але ў верасні ён быў прызначаны настаяцелем капуцынскай супольнасці ў Вільні (Літва).

Першую Літургію ў новым акадэміічным годзе цэлебраваў капуцын з Беларусі брат Андрэй Багдановіч OFMCap, які праходзіць у Любліне другі год фармацыі. Як адзначае святар, ён спадзяваўся, што зацікаўленыя прыйдуць на першую Імшу, але ад колькасці прысутных быў нават здзіўлены, бо ўдзельнікаў сабралося каля паўсотні.

«Да першай у гэтым годзе святой Імшы спецыяльна не рыхтаваліся — спеў, літургія, малітва вернікаў былі спантаннымі. Але гэта была цудоўная, сямейная атмасфера. Было радасна. Шмат новых асоб, якія толькі пачынаюць вучобу альбо проста не былі ў мінулым годзе»,

— падзяліўся святар.

Пасля Эўхарыстыі адбылася сустрэча пры гарбаце, дзе брат Андрэй прадставіў гісторыю сустрэч беларусаў Любліна, пастараўся акрэсліць сітуацыю і спецыфіку сённяшняга іх выгляду і складу, запрасіў прысутных паразважаць пра бачанне будучыні, чаго яны шукаюць на гэтых сустрэчах і аб чым мараць, а таксама падзяліўся сваім бачаннем і прапановамі. Святар адкрыты на ідэі і на саміх беларусаў. У планах увесці яшчэ адну святую Імшу ў месяц, рэгулярную магчымасць споведзі і катэхезы для дарослых. Але пакуль вядуцца абмеркаванні на розных узроўнях аб месцы сустрэч і іх фармаце.

На цяперашні момант святыя Імшы ў Любліне адбываюцца кожную трэцюю нядзелю месяца ў 15.00 пры кляштары капуцынаў па адрасе: Krakowskie Przedmieście 42.

Ад 14-й гадзіны можна прыступіць да сакрамэнту споведзі, а пасля святой Імшы — выпіць гарбаты з супольнасцю.

Абноўлена 20.10.2023 13:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця