Пошук


21–22 жніўня ў Лагішыне адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай Каралевы Палесся, галоўнай Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне сёлета ў лагішынскі санктуарый не ладзіліся традыцыйныя арганізаваныя масавыя пешыя пілігрымкі. Аднак 21 жніўня, у вігілію ўрачыстасці Маці Божай Лагішынскай, да цудадзейнай іконы Каралевы Палесся ўсё ж прыбылі пешыя пілігрымы, якія прайшлі паломніцкі шлях індывідуальна, сем’ямі ці невялікімі сяброўскімі малітоўнымі групамі.

Святую Імшу ў вігілію ўрачыстасці цэлебраваў перад абразом Маці Божай Лагішынскай Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. У гаміліі іерарх заахвоціў кіравацца ў сваім хрысціянскім жыцці прыкладам Панны Марыі — вернай слугі Бога, якая трывала ў няспыннай малітве сярод звычайных штодзённых клопатаў і ў складаныя моманты свайго зямнога жыцця.

Галоўныя ўрачыстасці ў санктуарыі адбыліся 22 жніўня з удзелам вернікаў і святароў як з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі, так і з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Цэлебрацыю Імшы на палявым алтары перад копіяй іконы Каралевы Палесся ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да сабраных, ён заахвоціў да малітвы за сем’і, каб яны ўзрасталі ў веры па прыкладу Святой Сям’і з Назарэта. Таксама іерарх заахвоціў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

На заканчэнне ўрачыстай літургіі прысутныя павіншавалі біскупа Казіміра Велікасельца з юбілеем 75-годдзя. А біскуп Юзаф звярнуў увагу вернікаў, што наведванне санктуарыя — гэта наведванне школы Марыі, дзе ў Яе мы вучымся веры і малітве. Іерарх падзякаваў Нябеснай Маці за Яе нястомную апеку над Касцёлам, а таксама праз адмысловы спеў старадаўняй народнай песні падзякаваў кожнай маці за дар жыцця і веры, які яны перадаюць сваім дзецям.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, звярнуўся са спецыяльным пасланнем да сабраных у санктуарыі святароў Пінскай дыяцэзіі.

У пасланні іерарх падзякаваў ім за ахвярнае і самаадданае служэнне Касцёлу на Палессі і даручыў іх, а таксама ўсіх вернікаў асаблівай апецы Маці Божай Лагішынскай.

«Мы маем вялікія магчымасці жыць марыйным стылем жыцця: бязмежна давяраць Богу, заўважаць Яго прысутнасць у штодзённасці і перадусім успрымаць святарства як выбар з боку Бога і запрашэнне да Яго служэння», — напісаў біскуп. Ён дадаў, што бачыць дух служэння і ў святарах, і назваў такую паставу «доказам таго, што, пазнаючы Бога, мы разумеем Яго логіку любові і паводле гэтай логікі будуем нашу іерархію каштоўнасцяў».

Пастыр Пінскай дыяцэзіі заклікаў вучыцца ў Марыі, «як жыць, як быць добрым чалавекам і святаром у часы несумненна складаныя, калі адбываецца пераасэнсаванне жыццёвых каштоўнасцяў, якія ставяць перад намі іншыя прыярытэты». Біскуп адзначыў, што Езус, аднак, «застаецца той самы ўчора, сёння і навекі».

 

Абноўлена 24.08.2020 17:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа