Пошук

14.08.2023 23:23   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Таццяна Ефіменка / Catholic.by

11–12 жніўня ў мястэчку Лагішын, што непадалёк ад Пінска, адбыліся традыцыйныя Марыйныя ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Асаблівую атмасферу гэтага фэсту, які адбываецца ў выходныя перад урачыстасцю Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, ствараюць шматлікія пілігрымы, якія ў жніўні прыбываюць да Багародзіцы ў цудатворнай іконе.

Сёлета ў традыцыйных чатырохдзённых пілігрымках з Бярозы і Баранавічаў прыбыло ў санктуарый каля трох соцень пешых пілігрымаў.

Таксама шматлікія вернікі з парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых мясцін Беларусі прывандравалі разнастайнымі сродкамі транспарту.

Вечарам 11 жніўня ўсіх пешых пілігрымаў урачыста вітаў на парозе санктуарыя біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка разам з кусташам ксяндзом Андрэем Шутам. У прывітальным слове пастыр Пінскай дыяцэзіі параўнаў пілігрымаў са званочкамі, якія, ідучы доўгімі дарогамі Палесся, заклікалі сваім прыкладам і малітвай усіх людзей звярнуць свае сэрцы да Бога, задумацца аб вечным і даверыцца апецы Маці Божай.

Непаўторная атмасфера Марыйнай пілігрымкавай духоўнасці суправаджала святую Імшу ўвечары 11 жніўня на адмысловым палявым алтары каля санктуарыя.

Узначаліў цэлебрацыю дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец ОР. Разам з ім літургію цэлебравалі біскуп Дзям’янка, Апостальскі адміністратар католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары Пінскай дыяцэзіі. Гамілію прамовіў ксёндз Дзмітрый Кернога з Лунінца. Святар засяродзіў увагу пілігрымаў і ўсіх сабраных вернікаў на бязмежным даверы да Бога як ключы да святасці, які прапануе нам Найсвяцейшая Панна.

Апоўначы працягам набажэнства стала традыцыйная працэсія святла, калі ўсе духоўныя і кансэкраваныя асобы разам з пілігрымамі і сабранымі вернікамі вырушылі са свечкамі з копіяй выявы Маці Божай Лагішынскай вакол санктуарыя, з марыйнымі спевамі, малітвамі і святлом свечак раз’ясняючы змрок каля трону Валадаркі Палесся.

Усяночнае чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту каля цудадзенай іконы Маці Божай Лагішынскай завяршылася на світанні традыцыйным набажэнствам Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і ранішняй святой Імшой, якую цэлебраваў ксёндз кусташ Андрэй Шут.

Завяршыла ўрачыстасці святая Імша 12 жніўня перад поўднем, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыцяэзіі Юрый Касабуцкі.

Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі біскуп Дзям’янка, біскуп Велікаселец, архімандрыт Гаек і шматлікія святары Пінскай дыяцэзіі. Гамілію прамовіў ксёндз доктар Ян Саламон. Святар засяродзіў увагу сабраных на вернасці Марыі, якая, нягледзячы на самыя розныя абставіны свайго жыцця і неразуменне ўсёй паўнаты парадаксальных з чалавечага пункту гледжання Божых планаў, захоўвала вернасць і разважала над Божым словам, каб далей як найвярней выконваць волю Найвышэйшага.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Касабуцкі заахвоціў пілігрымаў і ўсіх сабраных вернікаў вучыцца ў Марыі радасці ў надзеі.

Асабліва гэты заклік быў актуальны ў сувязі з тым, што Пінская дыяцэзіі перажывае год Надзеі ў межах падрыхтоўкі да святкавання ў 2025 годзе юбілею 100-й гадавіны з часу яе заснавання.

Як заўважыў іерарх, хрысціянская надзея поўная аптымізму, бо яна адкрывае для кожнага чалавека перспектыву вечнага жыцця ў Божым Валадарстве.

На заканчэнне ўрачыстасці кусташ санктуарыя ксёндз Андрэй Шут асабліва дзякаваў усім, хто прычыніўся да аднаўлення лагішынскага касцёла, які сёлета адзначае 110-ю гадавіну з часу кансэкрацыі. Дзякуючы пілігрымам за сведчанне іх веры і малітвы, святар запрасіў іх на чарговыя традыцыйныя пешыя пілігрымкі з Баранавічаў і Бярозы да Маці Божай Лагішынскай, пачатак якіх у наступным годзе запланавны на 6 жніўня, а таксама на фэст Каралевы Палесся, запланаваны на 9–10 жніўня 2024 года.

Абноўлена 14.08.2023 23:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця