Пошук

23.12.2019 11:14   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

Перад святамі Божага Нараджэння 19 снежня пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску ксёндз канонік Францішак Рудзь наведаў Акадэмію МУС РБ. На сустрэчы з курсантамі следча-экспертнага факультэта і факультэта міліцыі святар распавёў пра традыцыі Калядаў.

Апошнія дзесяцігоддзі ў гісторыі нашай краіны характарызуюцца змяненнем ролі і месца рэлігіі ў жыцці грамадства.

Рэлігійныя каштоўнасці ў культуры беларускага народа традыцыйна з’яўляюцца важнымі ў штодзённым жыцці і светапоглядзе. Таму на працягу ўсёй беларускай гісторыі важнае месца займае таксама пытанне духоўнага выхавання. Каталіцкі Касцёл з часоў Сярэднявечча мае высокі ўзровень методыкі выкладання. Сярод святароў было шмат не толькі духоўных прапаведнікаў, але і знакамітых навукоўцаў.

Таму з адкрыццём першых кадэцкіх корпусаў на тэрыторыі Беларусі ў 1745 г. у Нясвіжы і ў 1774 г. у Гародні сярод выкладчыцкага складу гэтых навучальных устаноў былі і святары.

Традыцыя ўдзелу святароў у маральным выхаванні кадэтаў працягваецца па сённяшні дзень. Сустрэча ксяндза Францішка з курсантамі Акадэміі МУС ужо стала традыцыйнай.

Гэтым разам святар распавёў курсантам аб традыцыях Адвэнту ва ўсім свеце і асаблівасцях святкавання Калядаў на беларускіх землях, раскрыў значэнне сімволікі свята, падзяліўся рэцэптамі поснага стала.

Дыялог з курсантамі яшчэ раз пацвердзіў, што сучасная мадэль адукацыі для будучых спецыялістаў у галіне абароны грамадскага парадку і годнасці асобы павінна абавязкова ўключаць сустрэчы са святаром.

Для кожнага святара аснова пастырскай працы з моладдзю – гэта раскрыццё ў кожным чалавеку любові да бліжняга, якая непарыўна звязана з бескарыслівасцю, самааддачай, ахвярнасцю. Любоў да Айчыны, да бацькоў, да блізкіх — усе гэтыя праявы любові вельмі важныя для ўдасканалення асобы будучага спецыяліста.

 

Абноўлена 23.12.2019 11:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.