Пошук

07.06.2023 05:55   Catholic.by

У чацвер 8 чэрвеня па ініцыятыве «Каталіцкага дзеяння» і шэрагу іншых каталіцкіх арганізацый а 13-й гадзіне ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Адна хвіліна дзеля міру».

Як гэта адбываецца штогод з 2014 года, у сераду 8 чэрвеня ў 13.00 (паводле мясцовага часу) арганізатары запрашаюць усіх людзей добрай волі спыніцца ў тым месцы, дзе хто знаходзіцца, кожны ў сваёй краіне, каб прысвяціць «Адну хвіліну дзеля міру».

Дэвізам сёлетняй малітоўнай акцыі дзеля міру ва Украіне, на Святой Зямлі і ва ўсім свеце сталі словы Папы Францішка з яго паслання перад благаслаўленнем Urbi et orbi на Вялікдзень гэтага года:

«Паспяшаймася пераадолець канфлікты і падзелы і адкрыць нашыя сэрцы для тых, хто ў найбольшай патрэбе. Паспяшаймася ісці сцежкамі міру і братэрства».

У цяперашнім кантэксце фрагментарызаванай трэцяй сусветнай вайны, арганізатары акцыі заклікаюць разам маліцца і працаваць для міру словамі, дыялогам, сустрэчамі, мерапрыемствамі, ініцыятывамі, прывітаннямі супакою. Акрамя таго, сёлета яны прапануюць усім у суботу 10 чэрвеня правесці на платформе Zoom кароткую малітоўную сустрэчу анлайн са сваімі сябрамі з зон канфліктаў.

  • Электронная форма для рэгістрацыі ТУТ>>>

Як праходзіць акцыя?

Ініцыятары заклікаюць усіх, каму дарагая справа міру, веруючых і няверуючых, затрымацца на хвіліну малітвы або маўчання. Можна маліцца паасобку або ў супольнасці, дома, на працы, на вучобе. Магчыма таксама запланаваць на гэты час набажэнства ў інтэнцыі міру і правесці яго ў святыні або на вуліцы.

Галоўнае, як адзначаюць ініцыятары акцыі, каб да яе далучылася як мага больш людзей і каб такім чынам ва ўсім свеце пашыралася справа міру.

Хвіліна спантаннай малітвы зазвычай завяршаецца малітвай «Ойча наш». Ёй можа папярэднічаць таксама малітва аб міры Папы Францішка.

Малітва папы Францішка 8 чэрвеня 2014 года

Пане, Божа міру, выслухай нашае маленне! Мы шмат разоў на працягу многіх гадоў спрабавалі вырашаць канфлікты паміж намі з дапамогаю сілы і нават з дапамогаю зброі; перажылі так шмат хвілін варажнечы і цемры; пралілі так шмат крыві; паламалі так шмат лёсаў; пахавалі так шмат надзеяў… Але нашыя намаганні аказаліся марнымі.

Цяпер, о Пане, Ты сам дапамажы нам! Дай нам мір, навучы нас міру, вядзі нас да міру. Адкрый нашыя вочы і нашыя сэрцы і дай нам мужнасць сказаць: «Няхай больш ніколі не будзе вайны! Вайна ўсё разбурае!» Напоўні нас адвагаю рабіць канкрэтныя справы дзеля пабудовы міру. Пане, Божа Абрагама і Прарокаў, Божа Любові, які стварыў нас і заклікаеш нас, каб мы жылі як браты, дай нам сілы кожны дзень быць творцамі міру; дай нам здольнасць добразычліва глядзець на ўсіх нашых братоў, якіх мы сустракаем на нашым шляху. Дай нам здольнасць пачуць крык нашых суграмадзянаў, якія просяць нас ператварыць нашыя ўзбраенні ў прылады міру, нашыя страхі — у давер, а нашыя крыўды — у прабачэнне.

Падтрымлівай у нас нязгаснае полымя надзеі, каб з цярплівай настойлівасцю мы выбіралі дыялог і прымірэнне дзеля канчатковай перамогі міру. Няхай з сэрца кожнага чалавека назаўжды знікнуць словы «падзел, нянавісць, вайна»! Пане, абяззброй язык і рукі, аднаві сэрцы і думкі, каб нашым прывітаннем заўсёды было слова «брат», а стылем нашага жыцця стаў шалом, мір, салям!

Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа