Пошук

28.11.2026 19:56   Жанна Мецеж / Catholic.by
Фота: Аляксандра Шчыглінская

Ці можа радыёстанцыя пражыць дзесяць гадоў у эфіры без рэкламы і грантавага фінансавання, з бюджэтам, які штомесяц залежыць ад ахвяраванняў слухачоў? Каталіцкае «Радыё Марыя Беларусь» даказвае: так! У лістападзе яно адзначыла сваё дзесяцігоддзе і працягвае працу, абапіраючыся на веру, салідарнасць і валанцёрскую дапамогу. Пра асаблівы твар беларускай рэдакцыі «Радыё Марыя», пра тры слупы яе місіі і чаму на гэтай працы трэба мець з сабой сурвэткі, пагаварылі з тымі, хто стаіць ля штурвала радыё.

Каб адзначыць дзесяцігоддзе «Радыё Марыя», на свята радыёстанцыі прыйшлі супрацоўнікі і валанцёры — амаль усе, хто стаяў ля вытокаў праекта. Віншаванні, успаміны, размовы, усмешкі і слёзы радасці — праграма свята была настолькі насычанай, што нават тыя, хто планаваў прыйсці на хвілінку, затрымаліся амаль да вечара. Але што значыць кіраваць караблём, на борце якога знаходзяцца людзі, для якіх служэнне на «Радыё Марыя» даўно стала часткай жыцця?

Яўгенію Найдовіч, якая адказвае за адміністрацыйныя справы радыё, карэспандэнту Catholic.by удалося «злавіць» літаральна паміж разразаннем торта і задуваннем свечак.

 — Дзесяць гадоў — сур'ёзны перыяд для радыё. Калі азірнуцца назад, што было самым складаным за гэты час?

— Не было такога, каб нешта нельга было пераадолець. Было радаснае і рэалізуемае. Эмацыйна складана, калі людзі з'язджаюць, калі хтосьці вельмі дарагі чамусьці пакідае справу і не можа больш з намі быць. А ўсё астатняе мы можам пераадолець разам.

Фота: Аляксандра Шчыглінская

— Калі вы пачыналі праект, якім вы бачылі яго далягляд — і ці супала гэтае бачанне з тым, як усё склалася?

— Я прагназавала максімум год. Таму, калі паказвала фінансавую справаздачу на святкаванні, згадвала, што за першыя тры месяцы мы сабралі на сваё існаванне ўсяго 150 рублёў. За тры месяцы! Таму я была ўпэўненая, што года нам хопіць. Астатнія, хто быў з намі, мелі больш аптымістычныя погляды. Вялікі дзякуй ім.

Мара пра новы радыёпульт і штомесячны фінансавы цуд

«Радыё Марыя» — некамерцыйная ўстанова, якая існуе выключна дзякуючы ахвяраванням фізічных асоб у Беларусі. Усе грошы, якія паступаюць на яго рахунак, могуць выкарыстоўвацца толькі на патрэбы радыё. Асабісты прыбытак з гэтых сродкаў атрымаць нельга.

Асноўныя крыніцы паступленняў — ахвяраванні ў касцёлах (42,6%), анлайн-плацяжы (38,3%), сталая падтрымка ахвярадаўцаў (16,6%) і дабрачынныя тэлефонныя званкі (2,5%). Апошняя паслуга, на жаль, ужо не працуе пасля 12 лістапада.

Больш за палову выдаткаў складаюць заробкі супрацоўнікаў (54,5%). Астатняе — гэта арэнда памяшкання (18,5%), падаткі і сацыяльныя адлічэнні на заробкі (14,7%), а таксама ІТ-паслугі і інтэрнэт (8%). Астатняя частка бюджэту ідзе на «камуналку», банкаўскія камісіі і тэлефонную сувязь.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, радыё пакуль удаецца пакрываць свае базавыя патрэбы. Асаблівая роля ў гэтым «ратаванні» належыць зборам у касцёлах: для «Радыё Марыя» гэта не проста адзін са спосабаў ахвяравання.

«Калі, напрыклад, выпадаюць касцёлы, хаця б адзін з гэтых элементаў падтрымкі, гэта ўжо вельмі сур'ёзная праблема»,

— прызналася Яўгенія і дадала, што часта радыё адчувае складанасці па прычыне неадназначнага стаўлення да яго з боку некаторых святароў, якія не згаджаюцца на правядзенне акцыі ў парафіі. «Мы вельмі беражна ставімся да гэтай магчымасці, і не злоўжываем клопатам людзей. Звычайна просімся ў парафію нагадаць пра сябе і папрасіць падтрымкі не часцей, чым раз на 2 гады, а то і радзей».

Часцей за ўсё «Радыё Марыя» просіцца туды, дзе шчыра любяць радыёстанцыю, дзе ёй рады, і дзе ўся парафія — яе слухачы, якія зусім не супраць раз на год паслухаць навіны з жыцця радыё і яго падтрымаць.

«Мы разумеем (...), — дзеліцца Яўгенія, — што мы аддана робім важную для ўсіх справу і нам важна падысці бліжэй да людзей, паказаць ім радыё, як яно працуе, як гэта проста, як шмат цудоўнага там ёсць для сэрца чалавека».

Яўгенія ўдакладняе: людзі самі могуць прыняць рашэнне, ці звярнуць увагу на радыё, ці падтрымаць яго дзейнасць сваім ахвяраваннем. 

«Уявіце, што нават пасля 10 гадоў няспыннай працы ў Беларусі, у вялікай колькасці выпадкаў мы прыязджаем у касцёл, і на пытанне, ці ведаеце вы пра "Радыё Марыя", падымаецца толькі 5 рук! І гэта пры тым, што ў парафіі мы былі ўжо дагэтуль. Шмат разважаем на гэту тэму і разумеем, што трэба менавіта ісці да людзей»,

— дадае Яўгенія.

— Наколькі сёння вам удаецца не толькі выжываць, але і планаваць развіццё?

— Мы кожны раз назіраем цуд. Часам здараецца, што не ўсім адразу выплачваем заробак. Часам просім людзей пачакаць з аплатай нейкіх рахункаў. У цэлым кожны месяц мы спраўляемся з гэтай задачай. Аднак пры гэтым мы не расцём. Нам у гэтым базавым мінімуме душна. Хацелася б мець больш магчымасцяў, набываць неабходнае абсталяванне, прыцягваць новых спецыялістаў, якія б маглі займацца сацыяльнымі сеткамі, маркетынгам, узяць на пастаянную працу аператара.

Хацелася б таксама новы тэлефон у студыю (гэта не просты тэлефон, а вельмі складанае абсталяванне, якое дазваляе нам аб'ядноўваць некалькі званкоў у малітву на Ружанцы і выводзіць гэта ў эфір). Але калі казаць пра раскошны максімум, то хацелася б мець новы радыёпульт.

— Слухачы, напэўна, памятаюць, як увесну гэтага года зламаўся радыёпульт і эфір пэўны час ішоў у запісе...

— Так, мы вельмі хацелі б яго набыць, бо стары зусім зношаны. Пакуль што гэта застаецца ў сферы жаданага, але не рэалізаванага.

Валанцёры — каманда, якая трымае радыё

Фінансавыя лічбы паказваюць, колькі каштуе ўтрыманне радыё. Але яны не могуць паказаць усяго, дзякуючы чаму яно насамрэч існуе. Значная частка працы трымаецца на валанцёрах. Гэта людзі, якія прыходзяць у студыю, рыхтуюць і вядуць праграмы, манціруюць запісы, дапамагаюць з паездкамі, ахвяруюць свой час і сілы.

Падчас святочнай сустрэчы неаднойчы ўзгадваліся імёны тых, хто стварае эфір, — аўтараў і вядучых праграм, начных чуванняў, дзённых і вечаровых эфіраў, якія робяць гэта бясплатна, у свой вольны час, а нават ахвяруюць грошы, каб паехаць па Беларусі і прывезці матэрыял для праграмы здалёк. Асобна згадваліся валанцёры, якія прыйшлі пазней і працягнулі справу папярэднікаў.

— Яўгенія, вы неаднойчы падкрэслівалі, што радыё немагчыма ўтрымліваць толькі сіламі штатных супрацоўнікаў. Наколькі важная валанцёрская дапамога?

— Без гэтых людзей нічога не было б увогуле. І я вельмі люблю быць адной з гэтых працаўнікоў. Мне падабаецца рабіць простую, звычайную працу, а не «быць дырэктарам». Таму я навучылася манціраваць, здымаць, і раблю гэта разам з усімі, як той конік у адной супольнай запрэжцы.

— Чаго сёння не хапае ў валанцёрскай камандзе?

— Нам па-ранейшаму не хапае валанцёрскіх галасоў, людзей, якія хацелі б прыходзіць і весці праграмы. Не хапае рук для відэамантажу, тых, хто мог бы дапамагчы з якаснай візуальнай часткай. Мы можам добра распавядаць, але хацелася б і больш якасна паказваць.

Малітва, евангелізацыя і місія — тры слупы «Радыё Марыя»

Пра тое, што стаіць за гэтай працай і чаму яе нельга звесці толькі да падрыхтоўкі перадач, гаварыў і ксёндз Аляксандр Фаміных. Сам ён прыйшоў сюды спачатку як валанцёр, а ўжо сем гадоў працуе праграмным дырэктарам і адказвае за духоўнае напаўненне радыё.

Сёння радыё займае значнае месца ў штодзённым жыцці ксяндза Аляксандра: кожную раніцу святар пачынае з малітвы за гэтую справу, потым  удзельнічае ў прамым эфіры. Увечары зноў вяртаецца ў студыю, каб сустрэцца з валанцёрамі і паразмаўляць. Быць духоўным кіраўніком радыё — для святара не проста прыгожы сказ. Нават сваімі ўчынкамі ён пацвярджае адказнасць за сваю місію. Яго часта можна сустрэць на вуліцы з ружанцам у руцэ — ксёндз Аляксандр неаднойчы прызнаваўся, што кожны дзень моліцца ўсе чатыры часткі. 

Акрамя таго, ён вядзе катэхезы для дарослых, да якіх грунтоўна рыхтуецца, выкарыстоўваючы матэрыялы радыё, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла і духоўную літаратуру.

«Я радуюся і цешуся, што Радыё Марыя ёсць. Яно патрэбнае. І веру, што яно будзе існаваць далей, таму што гэта справа Божая»,

— падзяліўся святар.

Ксёндз Аляксандр прызнаўся, што асаблівую радасць яму прыносіць кожны новы голас у эфіры — знак таго, што да супольнасці далучаецца яшчэ адзін валанцёр.

Паводле ксяндза Аляксандра, тры асноўныя слупы, на якіх трымаецца місія радыё, — гэта малітва, евангелізацыя і місія.

Апошняя азначае само служэнне праз радыё: магчымасць несці Божае слова слухачам, быць з імі ў малітве і дапамагаць ім адкрываць Евангелле. Таму праца ў эфіры, падрыхтоўка перадач і валанцёрская дапамога — не проста тэхнічныя ці арганізацыйныя справы, а менавіта часткі гэтай місіі.

Ксёндз Аляксандр падкрэсліў, што гэтая справа павінна пачынацца з Бога і заставацца з Ім:

«Важна, каб «Радыё Марыя» не губляла сваёй веры і духоўнай асновы».
Жывыя людзі з жывой верай

«Радыё Марыя» працуе больш чым у 85 краінах свету, з’яўляючыся адной сям’ёй з 95 нацыянальных радыёкарпарацый і дзесяткаў рэгіянальных падстанцый, якія вяшчаюць больш чым на 80 мовах.

Аднак кожная мясцовая рэдакцыя «Радыё Марыя» мае сваю адметнасць, бо гаворыць з людзьмі пра іх жыццё, веру і праблемы на зразумелай ім мове.

— Чым беларускае «Радыё Марыя» адрозніваецца ад іншых рэдакцый міжнароднай сеткі?

— Нягледзячы на тое, што мы жывем у фармаце нашай адзінай радыё-марыйнай харызмы і місіі «Радыё Марыя» ва ўсім свеце, я думаю, што ў «Радыё Марыя Беларусь» ёсць свой асаблівы твар. Па-першае, мы тыповыя беларусы. Мы сціплыя, мілыя, ціхія, вельмі працаздольныя людзі, але пры гэтым крэатыўныя. Нягледзячы на тое, што кожны з нас знаходзіцца ў розных абставінах, і не заўсёды вельмі простых, мы можам прыдумаць, як з іх выкруціцца, не будучы ні нахабнымі, ні асабліва вёрткімі.

Яшчэ мне падаецца, што хоць мы сціплыя і стрыманыя, мы вельмі-вельмі жывыя. Жывыя людзі з жывой верай. 

— Рэлігійны кантэнт даволі спецыфічны, але мы жывем у час трэндаў. Як вы вызначаеце, пра што сёння трэба гаварыць са слухачамі, а пра што ўжо не?

— Рэлігійны кантэнт сапраўды спецыфічны.

У нас ёсць духоўны дырэктар, ксёндз Аляксандр Фаміных, які не дазволіць нам выйсці за межы прыстойнасці і каталіцкай дактрыны. Ды мы і самі гэтага не імкнёмся рабіць.

Нам вельмі падабаецца быць у сваім фармаце — высокакультурным медыя для беларусаў, хрысціянаў, людзей, для якіх важныя высокія матэрыі. Нам не абавязкова ісці за сучаснымі трэндамі. Возьмем, напрыклад, перадачу «Адкуль пайшло свята». Гэта, магчыма, не трэнд, але, на мой погляд, вельмі цікавая і важная рэч. Хто з нас калі задумваўся, адкуль пайшло тое ці іншае свята? А цяпер людзі даведваюцца пра гэта. І, думаю, гэта таксама можа стаць сваім трэндам.

Мова, якая злучае пакаленні

Неаднойчы згадвалі, што менавіта «Радыё Марыя» вельмі добра дапамагае захоўваць нашу беларускую мову. «Так, наш прынцып у гэтым», — адказвае Яўгенія.

Увогуле мясцовае «Радыё Марыя» звычайна вяшчае на мове мясцовасці, дзе яно знаходзіцца. Калі ў краіне ёсць некалькі моваў або дыялектаў, як, напрыклад, у Бельгіі, там могуць існаваць і некалькі радыёстанцый: у кожнай мовы — сваё «Радыё Марыя».

«А ў Беларусі мы прынялі рашэнне, што будзем размаўляць па-беларуску, — працягвае Яўгенія, — гэта наша прынцыповая пазіцыя, нягледзячы на тое, што часам нам кажуць, што размаўляй мы па-руску, у нас была б шырэйшая аўдыторыя... Але наш погляд такі, і мы не будзем мяняць гэтую пазіцыю, бо нам вельмі хочацца вось гэтае малае захаваць».

Калісьці, яшчэ будучы адным з першых прамоўцаў «Радыё Марыя», Яўгенія звярнулася да парафіян на Залатой Горцы па-руску. Гэта была яе штодзённая мова, і яна доўгі час лічыла, што, паколькі паходзіць з Дагестана, беларуская ёй не патрэбная. Але прысутныя здзівіліся: «Як так можна? Наша нацыянальнае беларускае „Радыё Марыя“ павінна казаць па-беларуску».

— Але на пачатку гісторыі беларускай рэдакцыі «Радыё Марыя» быў такі момант, калі яго не хацелі чуць на беларускай мове?

— Не зусім так. Мы тады сутыкнуліся з тым, што шмат католікаў, асабліва ў заходняй частцы Беларусі, добра ведаюць і маюць магчымасць слухаць польскае «Радыё Марыя». У сувязі з гэтым мы атрымлівалі шмат такога мілага каталіцкага «хэйту», што «вас не будзем слухаць». Напачатку мы перажывалі, а зараз я ўжо пра гэта зусім не хвалююся. «Радыё Марыя» ў Беларусі размаўляе пра тое, што нам блізка: пра нас саміх, нашых святароў, наш касцёл, радасці і гароты супольнага жыцця. 

Для «Радыё Марыя» гэта аргумент, чаму трэба слухаць сваё, а не польскае. «Але я разумею кожнага», — прызнаецца Яўгенія і распавяла пра такі выпадак: «Аднойчы ў Гродне пані сказала мне: "Навошта ты на гэтай варожей мове кажаш, па-беларуску?" Я адказала: "Я вас разумею, прабачце мяне". Кожны з нас на пэўным павароце гісторыі страціў мову сваёй бабулі, мову сямейнай малітвы, мову дзяцінства. Ніхто з нас не вінаваты. Людзі маюць права маліцца на той мове, якая ім блізкая. Кожны з нас на пэўным этапе мог аказацца адлучаным ад матчынай мовы».

— Ці можна сказаць, што «Радыё Марыя» ў Беларусі — гэта яшчэ і сувязь паміж пакаленнямі?

— Так, і я хацела б, каб яна не перарывалася. Мне заўсёды прыемна бываць у такіх мясцінах і сем'ях, дзе гэтая сувязь захоўваецца. Тады адчуваеш пульс жыцця. На жаль, у нас былі часы бязвер'я, калі людзі страцілі сувязь са сваімі каранямі — не толькі каталіцкімі, але і ўвогуле хрысціянскімі. Нас адарвалі ад гэтай жыватворчай сілы веры нашых продкаў. Таму асабліва радасна бачыць людзей, якія здолелі захаваць веру і перадаць яе наступным пакаленням.

Шчасце, калі ў чалавека была бабуля, якая малілася ў доме, і захавалася памяць пра гэта.

Пра працу, якая не заканчваецца

Многіх слухачоў цікавіць: якая яна, праца на радыё? Актыўная, захапляльная, эмацыйная? Чым займаюцца вядучыя і валанцёры паміж эфірамі? У выпадку з Яўгеніяй здаецца, што яе жыццё — імклівая завіруха. 

— З чаго складаецца дзень свецкага дырэктара «Радыё Марыя»?

— Дырэктар «Радыё Марыя» жыве ў двух вымярэннях. У мяне ёсць праца па-за радыё — на жаль, але дзякуй Пану Богу за яе. Я працую гідам, а ў прамежках паміж турамі раблю мантаж, падлікі і ўсё астатняе, што неабходна для радыё. Дзень пачынаецца з таго, што я чытаю працоўны чат. І ноччу таксама чытаю. Мы ўвесь час нешта абмяркоўваем.

— А ноч калі заканчваецца?

— Ніколі не заканчваецца! У нашых чатах нармальна адказаць адно аднаму на паведамленне нават ноччу. Убачыў — ну дык адкажы. Але слухачам я раю так не рабіць паміж сабой. Гэта няправільна! (Смяецца.) 

«Сурвэткі — за банерам на падваконні»

На юбілеі гаварылі не толькі пра грошы, абсталяванне і планы. У размове пастаянна ўзнікалі імёны, гісторыі і сведчанні веры. І, здаецца, менавіта ў гэтым — адна з асаблівасцяў «Радыё Марыя»: за эфірам заўсёды стаіць чалавек. Раптам высветлілася яшчэ адна асаблівая прафесійная рыса «Радыё Марыя», пра якую Яўгенія гаворыць з усмешкай. Але спачатку — зноў пытанне.

— Калі б існаваў тэлепорт, што хацелася б змяніць у гэтай гісторыі — «Радыё Марыя»?

— Напэўна, нічога. Можа, дадала б больш планавання, але мы жывём у такіх умовах, у якіх складана нешта прадбачыць. Таму нічога не змяняла б. Хацелася б толькі фінансавай палёгкі — сталай апекі з боку каталіцкай супольнасці. Каб знайшліся людзі, якія разумеюць каштоўнасць «Радыё Марыя» і гатовыя пастаянна яго падтрымліваць. Тады мы маглі б больш займацца творчасцю.

— А што вы хацелі б сказаць людзям, якія ўжо дзесяць гадоў ствараюць гэтае радыё разам з вамі?

— Мне сорамна, калі мяне над імі ўзвышаюць. Мне радасна, што я магу рабіць працу, патрэбную радыё, разам з імі.

Падчас нашай размовы да Яўгеніі падышла адна з гасцей. Вельмі прывабная жанчына, якая ўвасабляла ўсю прыгажосць залатога ўзросту, падзякавала за сустрэчу і сказала, што цяпер хоча прыходзіць яшчэ і яшчэ, а таксама больш часу прысвячаць працы на радыё. Гэта быў невялікі эпізод, але вельмі красамоўны ў тым, чаму людзі падтрымліваюць радыё.

— Што для вас значаць сустрэчы са слухачамі?

— Кожны з іх мяне натхняе. Калі я сустракаюся з нашымі слухачамі, бачу, што, па-першае, праца, якую мы робім, патрэбная. Па-другое, мяне натхняюць самі людзі і іх лёсы. Калі мне ўдаецца з імі паразмаўляць, гэта для мяне вялікая палёгка. У мяне рана не стала ніводнай бабулі, і такая «опцыя», як бабуля, у маім жыцці не існавала. А цяпер у мяне іх вельмі-вельмі шмат. І гэта вялікая радасць — бачыць людзей, старэйшых за сябе, вучыцца ў іх, слухаць іх мудрасць. Гэта і прыклад веры, і жыццёвы арыенцір. Дзякуючы слухачам я ніколі не адчуваю сябе няшчаснай.

Пасля гэтых слоў размова ўжо неяк сама перайшла ў смех і ўспаміны, а часам — і ў расчуленне да слёз. І тут Яўгенія прызналася ў тым, што, напэўна, зразумее кожны, хто хоць раз працаваў у гэтым калектыве:

— У нас на «Радыё Марыя» заўсёды ёсць над чым паплакаць. Гэта адна з асаблівасцяў нашай працы.

Часам людзі распавядаюць такія кранальныя гісторыі, што немагчыма ўстрымацца. Мы час ад часу тут усе ў слязах. Раней у нас нават у студыі ляжала інструкцыя: «Сурвэткі за банерам на падваконні».

Мабыць, у гэтых словах — таксама частка адказу на пытанне, як «Радыё Марыя» ўдаецца працаваць нават тады, калі невядома, ці хопіць сродкаў на наступны месяц. Але пакуль ёсць тыя, хто прыходзіць у студыю, бярэ мікрафон, вядзе дзённыя і начныя ружанцы, манціруе праграмы і ахвяруе на радыё, гэтая гісторыя працягваецца. Пакуль ёсць тыя, хто слухае «Радыё Марыя», гэтая гісторыя мае будучыню.

Звяртаючыся да слухачоў, ксёндз Аляксандр Фаміных пажадаў ім і надалей заставацца з «Радыё Марыя» і не забывацца пра малітву:

«Каб слухалі і маліліся! Марыя перш за ўсё прасіла малітвы».

Абноўлена 29.11.2026 01:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа