Пошук

02.11.2026 15:06   Grodnensis.by

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй віншуе каталіцкае «Радыё Марыя» ў Беларусі з дзесяцігоддзем з пачатку вяшчання, якое яно адзначае 31 кастрычніка.

Біскуп звярнуўся да кіраўніцтва радыё, супрацоўнікаў, валанцёраў, слухачоў і ўсіх, хто спрыяе служэнню радыё малітвай і падтрымкай, з прывітальным словам:

Сардэчна вітаю вас і з вялікай радасцю віншую з прыгожым юбілеем — дзесяццю гадамі ў эфіры. Гэта важная дата для ўсіх, хто на працягу гэтых гадоў працаваў, маліўся і служыў дзеля таго, каб голас «Радыё Марыя» даходзіў да людскіх сэрцаў.

Радыё суправаджае чалавека ў самыя звычайныя хвіліны дня: у дарозе, дома, на працы, у час адпачынку і цішыні. Праз яго да людзей прыходзяць Божае слова, малітва, разважанне і сведчанне веры. Для кагосьці перадача становіцца нагодай глыбей задумацца, для кагосьці — крыніцай суцяшэння, а для самотнага чалавека — знакам, што ён не забыты і не адзін.

У гэтым бачу асаблівую каштоўнасць вашага служэння: вы дапамагаеце людзям адкрываць сэрцы для прысутнасці Бога ў іх жыцці. За кожнай перадачай стаіць вялікая праца і вернасць многіх людзей.

Выказваю шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву і супрацоўнікам радыё, вядучым і гасцям праграм, валанцёрам, святарам і кансэкраваным асобам, а таксама ўсім слухачам і дабрадзеям.

Дзякую за ваш час, таленты, ахвярнасць і малітоўную падтрымку. Няхай Пан аддзячыць кожнаму за дабро, якое вы чыніце.

Імя Марыі, якое носіць радыё, нагадвае нам пра жанчыну, якая з верай прыняла Божае Слова і з радасцю панесла Хрыста іншым.

Няхай Найсвяцейшая Панна будзе для вас прыкладам уважлівага слухання, даверу Богу і гатоўнасці служыць. Няхай Евангелле застаецца сэрцам вашай працы, а кожнае слова, якое гучыць у эфіры, нясе праўду, надзею і спакой. Жадаю вам, каб наступныя гады былі напоўненыя Божым благаслаўленнем, творчым натхненнем і еднасцю.

Няхай у вашым служэнні заўсёды знаходзіцца месца для голасу тых, хто шукае, сумняваецца, перажывае цяжкасці і прагне сустрэчы з Богам.

Няхай «Радыё Марыя» і далей дапамагае людзям пазнаваць Хрыста, маліцца разам і будаваць адносіны, у якіх ёсць месца для праўды, міласэрнасці і любові.

Дзякую вам за гэтыя дзесяць гадоў вернага служэння. Віншую з юбілеем і ад усяго сэрца жадаю, каб «Радыё Марыя» ў Беларусі працягвала быць добрым голасам Евангелля і надзеі для многіх людзей.

Няхай Пан благаславіць вас, вашыя сем’і і ўсю вашу працу. Няхай апека Марыі суправаджае вас сёння і ва ўсе дні.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй

Гродна, 30 кастрычніка 2026 года

Абноўлена 02.11.2026 17:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.