Пошук

23.11.2026 15:15   Паводле: karmel.by / Catholic.by
Фота: https://karmel.by

20 лістапада у Мядзелі адбылася сустрэча кармэлітаў босых, якія нясуць служэнне ў Рэгіянальным вікарыяце ў Беларусі. На супольную малітву і братэрскае спатканне прыехалі браты з усіх чатырох манаскіх супольнасцяў з Гудагая, Нарачы, Мядзела і мінскага мікрараёна Ангарская. Сустрэча была прымеркавана да літургічнага ўспаміну святога Рафала Каліноўскага — галоўнага апекуна кармэлітаў босых у Беларусі.

Дзень распачаўся малітвай Літургіі гадзінаў. Пасля яе браты выслухалі духоўную канферэнцыю ксяндза доктара Андрэя Лысага SChr з Мінска.

Ксёндз Андрэй сканцэнтраваўся на тэме братэрства ў манаскай сям’і і прапанаваў прыгледзецца да постацяў, якія фармуюць духоўнасць Кармэлю. Найсвяцейшую Панну Марыю святар паказаў як узор для манахаў, бо менавіта вакол Яе браты збіраюцца і яднаюць сваё штодзённае жыццё. Святога прарока Іллю ксёндз Андрэй прадставіў як чалавека, які няспынна жыве ў прысутнасці Бога і сведчыць пра Яго. Асобна святар спыніўся на вялікіх постацях Кармэлю. Нагадаў і пра іншых святых:

  • пра святую Тэрэзу ад Езуса — настаўніцу духоўнага жыцця, якая вучыць трываць у еднасці з любячым Богам;
  • пра святога Яна ад Крыжа з ягонай перасцярогай, што на схіле веку судзіць нас будуць паводле любові;
  • пра святую Тэрэзу ад Дзіцяткі Езуса, што адкрыла шлях да святасці праз вернасць у малых справах.

Ксёндз Андрэй звярнуў увагу і на будні манаскай супольнасці. Ён падкрэсліў важнасць ўзаемнага прабачэння і заахвоціў братоў не насіць у сэрцы даўніх крыўдаў і не вяртацца думкамі да мінулых памылак, што часам цяжарам цягнуцца за чалавекам, а з надзеяй глядзець наперад і трываць у еднасці з Богам. Напрыканцы канферэнцыі ксёндз Андрэй пажадаў усім верна сцерагчы дар паклікання і нястомна падтрымліваць адзін аднаго ў малітве ды штодзённым жыцці.

Пасля канферэнцыі браты памаліліся ў цішыні падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым цэлебравалі святую Імшу, якую ўзначаліў ксёндз Андрэй.

У гаміліі, разважаючы над літургічнымі чытаннямі дня, святар нагадаў пра скрутак Божага слова з Апакаліпсіса, які горкі ў нутры:

Божае слова заўсёды дзейснае, і хоць яно часам балюча выкрывае нашыя слабасці і грахі, яго трэба глыбока засвоіць, каб пасля дзяліцца ім з іншымі.

Таксама святар згадаў ачышчэнне святыні, калі Езус, спасылаючыся на прарокаў, нагадаў, што дом Божы — гэта дом малітвы для ўсіх народаў, а не пячора разбойнікаў.

«У гэтым жэсце гучыць прарочы заклік вярнуць святыні яе сапраўднае прызначэнне — быць месцам сустрэчы чалавека з Богам»,

— падкрэсліў святар.

Завяршылася сустрэча супольным абедам і рэкрэацыяй.

Святы Рафал Каліноўскі (1835–1907) звязаны з беларускай зямлёй сваімі каранямі і жыццёвым шляхам: бацька будучага святога паходзіў з Гродзеншчыны, а маці з Міншчыны. Нарадзіўся ён у Вільні, вучыўся ў Горках, затым скончыў вайсковую акадэмію ў Пецярбургу і служыў вайсковым інжынерам у Брэсце. Там пасля доўгага перыяду духоўнага пошуку ён перажыў глыбокае навяртанне і вярнуўся да сакрамэнтальнага жыцця. За ўдзел у паўстанні 1863 года быў сасланы на дзесяцігадовую катаргу ў Сібір. Вызваліўшыся, уступіў у Ордэн кармэлітаў босых, прыняў святарскае пасвячэнне і адрадзіў ордэн у Галіцыі, праславіўшыся як руплівы спаведнік і духоўны кіраўнік.

Абноўлена 23.11.2026 15:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.