
22 кастрычніка Касцёл ушаноўвае памяць Папы Яна Паўла ІІ — нашага святога сучасніка, які за свой доўгі і плённы пантыфікат шмат чаго зрабіў упершыню, а таксама ўстанавіў нямала рэкордаў у сваёй апостальскай дзейнасці. Прыводзім 25 цікавых фактаў пра яго жыццё і служэнне.
1. Стаў першым Папам неітальянскага паходжання за апошнія 455 гадоў, адным з самых маладых Пантыфікаў у гісторыі і першым Папам славянскага паходжання.
2. У юнацтве захапляўся тэатрам і марыў стаць прафесійным акцёрам. У 14 гадоў паспрабаваў сябе ў школьным драматычным гуртку і напісаў п’есу «Кароль-Дух». У Ягелонскім універсітэце ў Кракаве стаў членам тэатральнага гуртка «Студыя 38». А ў 1942 годзе, будучы семінарыстам, стаў адным з ініцыятараў падпольнага «Тэатра Рапсодыі».
3. Кардынал Караль Вайтыла актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх чатырох сесіях Другога Ватыканскага Сабору, скліканага Папам Янам XXIII, і быў адным з самых маладых яго ўдзельнікаў.
За час пантыфікату Папа Ян Павел II склікаў 15 сінодаў біскупаў, узначаліў 9 кансісторый і ўзвёў у кардынальскую годнасць 231 духоўную асобу. Ён таксама кіраваў шасцю пленарнымі пасяджэннямі Калегіі кардыналаў.
Падчас сваёй першай паездкі ў ЗША ў 1979 годзе Ян Павел II стаў першым Папам, які наведаў Белы дом, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Джымі Картэрам.
4. 13 мая 1981 года падчас сустрэчы з вернікамі на плошчы Святога Пятра Ян Павел II быў цяжка паранены стрэлам у жывот. Замах здзейсніў Мехмет Алі Агджа, член турэцкай ультраправай групоўкі; яго затрымалі на месцы. У 1983 годзе Папа наведаў Агджу ў турме, дзе той адбываў пажыццёвае зняволенне. Яны пагутарылі сам-насам, але тэма іх размовы дагэтуль невядомая. Пасля сустрэчы Ян Павел II сказаў:
«Тое, пра што мы гаварылі, застанецца нашым сакрэтам. Я размаўляў з ім як з братам, якому дараваў і які мае мой поўны давер».

Па просьбе Папы Агджу памілавалі італьянскія ўлады, пасля чаго яго перадалі турэцкаму правасуддзю.
6. У 1982 годзе, упершыню за 450 гадоў пасля аддзялення Англіканскага Касцёла ад Рыма-каталіцкага Касцёла, Папа правёў сумеснае з арцыбіскупам Кентэрберыйскім набажэнства.
7. 11 снежня 1983 года Ян Павел II стаў першым Пантыфікам, які наведаў лютэранскую кірху.
8. Ян Павел II ахвотна сустракаўся з моладдзю і надаваў ёй шмат увагі. Ён заснаваў традыцыю Сусветных дзён моладзі, якія з 1984 года збіраюць маладых людзей з усяго свету.
9. У красавіку 1986 года Папа ўпершыню з апостальскіх часоў наведаў сінагогу. Седзячы побач з галоўным рабінам Рыма, ён сказаў:
«Вы — нашы ўмілаваныя браты і, можна сказаць, нашы старэйшыя браты».
У 2000 годзе Папа наведаў Ерузалем, памаліўся ля Сцяны плачу і пабываў у мемарыяле Яд ва-Шэм.
10. У кастрычніку 1986 года ў італьянскім горадзе Асізі адбылася першая Сусветная сустрэча малітвы за мір. На запрашэнне Пантыфіка прыехалі прадстаўнікі 47 хрысціянскіх дэлегацый і 13 іншых рэлігій, каб абмеркаваць міжрэлігійны дыялог.
11. 1 снежня 1989 года Ян Павел II упершыню прыняў у Ватыкане савецкага лідара — Міхаіла Гарбачова. Сустрэча стала важным этапам у адносінах паміж СССР і Ватыканам, а таксама ў адраджэнні Каталіцкага Касцёла ў СССР. 15 сакавіка 1990 года Ватыкан і СССР усталявалі афіцыйныя адносіны дыпламатычнага характару. У красавіку 1991 года быў падпісаны дакумент аб аднаўленні структур Каталіцкага Касцёла ў Расіі, Беларусі і Казахстане.
12. У 1992 годзе Папа зацвердзіў і абнародаваў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, у якім даступнай мовай выкладзена каталіцкае веравучэнне. Праца над ім пачалася пасля рашэння Надзвычайнага сінода біскупаў 1985 года, скліканага з нагоды 20-й гадавіны завяршэння Другога Ватыканскага сабору. Катэхізіс перакладзены больш чым на пяцьдзесят моў.

13. У маі 1999 года Ян Павел II наведаў Румынію і стаў першым Папам, які здзейсніў візіт у краіну з праваслаўнай большасцю.
14. 12 сакавіка 2000 года Пантыфік здзейсніў абрад Mea culpa — папрасіў прабачэння за грахі, учыненыя католікамі на працягу гісторыі. Ён таксама падкрэсліў, што Касцёл даруе крыўды, прычыненыя яму іншымі.
15. У маі 2001 года Ян Павел II наведаў Грэцыю. Гэта быў першы візіт Папы ў краіну з 1054 года — часу расколу паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі.
16. Караль Вайтыла добра ездзіў на лыжах і захапляўся гарналыжным спортам з дзяцінства. Будучы студэнтам, ён удзельнічаў у аматарскіх спаборніцтвах. Любоў да гор захоўваў усё жыццё: ужо будучы Папам, часам ананімна катаўся ў гарах Тэрмініла, недалёка ад Рыма.
17. Нягледзячы на адкрытасць да сучаснага свету і імкненне да аднаўлення Касцёла, Ян Павел II цвёрда адстойваў традыцыйнае каталіцкае вучэнне пра сужэнства і сям’ю. Ён выступаў супраць дашлюбных і пазашлюбных сувязяў, кантрацэпцыі, разводу і абортаў. Пра гомасэксуальнасць дакладней сказаць, што ён асуджаў аднаполыя сексуальныя акты, але заклікаў ставіцца да людзей з павагай і без дыскрымінацыі.
18. У маі 2001 года, падчас візіту ў Сірыю, Ян Павел II маліўся ў Дамаску і стаў першым Папам, які наведаў мячэць — Вялікую мячэць Амеядаў. Раней, 19 жніўня 1985 года, ён выступіў у Марока перад мусульманскай моладдзю і заклікаў да ўзаемаразумення і міру паміж хрысціянамі і мусульманамі.
19. 16 кастрычніка 2002 года Ян Павел II апублікаваў апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae і ўвёў у Ружанец таямніцы святла, прысвечаныя важным падзеям публічнага служэння Хрыста.
20. Ян Павел II напісаў 14 энцыклік, 15 апостальскіх адгартацый, 11 апостальскіх канстытуцый і 45 апостальскіх лістоў, а таксама некалькі кніг. Яго кніга «Пераступіць парог надзеі» стала міжнародным бестсэлерам. Памяць і ідэнтычнасць выйшла ў 2005 годзе. Ён таксама пісаў вершы і п’есы.
21. За пантыфікат Ян Павел II правёў 147 беатыфікацыйных цырымоній, абвясціўшы благаслаўлёнымі 1338 чалавек, і 51 кананізацыю, абвясціўшы святымі 482 чалавекі. Сярод кананізаваных — Піо з П’етрэльчыны, Максіміліян Кольбэ, Фаўстына Кавальская, Эдыта Штэйн, Хасэмарыя Эскрыва і Тэрэза з Калькуты.
22. За 27 гадоў пантыфікату Ян Павел II здзейсніў 146 апостальскіх візітаў па Італіі і наведаў 317 з 333 парафій Рыма.
Ён таксама здзейсніў 104 замежныя апостальскія падарожжы і наведаў 129 краін, агулам праехаўшы больш за 1 167 000 кіламетраў.
Яго няздзейсненай марай заставалася паездка ў Расію.
23. Паводле прыведзеных звестак, на агульных аўдыенцыях Яна Паўла II пабывала амаль 18 мільёнаў пілігрымаў, а ў Юбілейны 2000 год ён сустрэўся прыкладна з 8 мільёнамі вернікаў. Як кіраўнік Ватыкана ён здзейсніў 38 афіцыйных візітаў у іншыя краіны, правёў 738 аўдыенцый з кіраўнікамі дзяржаў і 246 — з прэм’ер-міністрамі.
24. Пантыфікат Яна Паўла II доўжыўся амаль 27 гадоў — з 16 кастрычніка 1978 года да 2 красавіка 2005 года. Паводле традыцыйнага падліку, ён быў трэцім па працягласці пасля пантыфікатаў святога Пятра і Пія IX.
25. Развітанне з Папам Янам Паўлам ІІ і яго пахаванне сталі самай масавай цырыманіяльнай падзеяй у гісторыі чалавецтва. 300 тысяч чалавек прысутнічалі на жалобнай літургіі, 4 млн пілігрымаў праводзілі пантыфіка з жыцця зямнога ў жыццё вечнае (з іх больш за мільён склалі палякі); больш за мільярд вернікаў, якія належаць да розных хрысціянскіх канфесій і вызнаюць розныя рэлігіі, маліліся за спачын яго душы; 2 млрд гледачоў сачылі за цырымоніяй у прамым эфіры. На пахаванне з'ехаліся больш за 100 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў — 11 манархаў, 70 прэзідэнтаў і прэм'ер-міністраў, некалькі кіраўнікоў міжнародных арганізацый, у тым ліку Генеральны сакратар ААН Кофі Анан. І яшчэ каля дзвюх тысяч членаў розных дэлегацый — усяго са 176 краін.
Біяграфічная даведка

Караль Юзаф Вайтыла (свецкае імя Яна Паўла II) нарадзіўся 18 мая 1920 года у Вадавіцах, за 50 км ад Кракава, у Польшчы. У 1938 годзе ён пачаў вывучаць польскую філалогію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Пасля таго як у 1939 годзе універсітэт быў зачынены нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, малады Караль, каб пазбегнуць прымусовай дэпартацыі на працу ў Нямеччыну, працаваў у каменяломні (1940–1944), а таксама на хімічнай фабрыцы «Салвей».
З 1942 года, адчуўшы пакліканне да святарскага жыцця, Караль пачаў наведваць заняткі ў падпольнай семінарыі, арганізаванай кракаўскім арцыбіскупам, кардыналам Адамам Сапегам. Пасля заканчэння вайны ён працягнуў адукацыю ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Кракаве, а таксама на тэалагічным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта.
1 лістапада 1946 года Караль прыняў святарскае пасвячэнне, а праз некалькі дзён адправіўся ў Рым, каб працягнуць тэалагічную адукацыю.
Пасля вяртання ў Польшчу яму прапанавалі выкладаць у Люблінскім каталіцкім універсітэце. Там ён працаваў са студэнтамі, а ў канцы 1956 годзе узначаліў катэдру этыкі. 4 ліпеня 1958 года папа Пій XII прызначыў яго тытулярным біскупам Омбры і дапаможным біскупам Кракава. Біскупскае пасвячэнне адбылася 28 верасня 1958 года. 13 студзеня 1964 года папа Павел VI прызначыў Караля Вайтылу арцыбіскупам Кракава, а 26 чэрвеня 1967 года узвёў яго ў кардынальскую годнасць.
У жніўні 1978 годзе, пасля смерці Паўла VI, Караль Вайтыла ўдзельнічаў у канклаве, які абраў папу Яна Паўла I. Аднак той памёр 28 верасня, усяго праз 33 дні пасля абрання.
Пасля смерці Яна Паўла I, 16 кастрычніка 1978 года, канклаў абраў 58-гадовага кардынала Караля Вайтылу 263-м Папам Рымскім.
Ян Павел II памёр 2 красавіка 2005 годзе ў 21.37 ва ўзросце 84 гадоў. Яго пахавалі 8 красавіка ў Базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане. 1 мая 2011 года папа Бэнэдыкт XVI беатыфікаваў Яна Паўла II, а 27 красавіка 2014 года папа Францішак кананізаваў яго.






