Пошук

11.03.2026 12:54   Аляксандр Гелагаеў / Catholic.by

Сын беларускіх сялян, дзякуючы якому Апостальская Сталіца прызнала Беларусь як асобную нацыю са сваімі патрэбамі і памкненнямі.

Будучы прадстаўнік сапраўднай духоўнай і інтэлектуальнай эліты беларускага народа нарадзіўся 11 сакавіка (па новым стылі) 1911 года ў вёсцы Трашчычы пад Навагрудкам.

Бацькі аддалі здольнага хлопчыка ў Навагрудскую беларускую гімназію, многія навучэнцы якой сталі адданымі прыхільнікамі беларускай справы.

У сям'і яшчэ жылі традыцыі беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, забароненай Расійскай імперыяй у 1837 годзе. 

Верагодна, што менавіта гэтым кіраваўся юнак, калі паступіў у 1931 годзе ў Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію. Дапамаглі Льву Гарошку ў паступленні дырэктар Навагрудскай гімназіі Ян Цеханоўскі і дырэктар беларускага музея ў Вільні Антон Луцкевіч. 

Потым было навучанне ў каталіцкім Тэалагічным інстытуце ў Інсбруку ў Аўстрыі — за свае акадэмічныя поспехі айцец Леў Гарошка атрымаў стыпендыю грэка-каталіцкага Мітрапаліта Львоўскага вялебнага Андрэя Шаптыцкага.

17 кастрычніка 1937 года айцец Леў атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук украінскага грэка-каталіцкага епіскапа Мікіты Будкі ў прыватнай капліцы Мітрапаліта Шаптыцкага ў Львове. 

Першую Боскую Літургію на Бацькаўшчыне святар адслужыў у грэка-каталіцкай парафіі Далятычы на роднай Навагрудчыне, дзе тады працаваў айцец Вячаслаў Аношка. 

Потым служыў на Палессі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі — у парафіях ва Угрынічах, Гарадной (Столінскі р-н), Стоўбцах, Збуражы (Маларыцкі р-н). Пераследаваўся за сваю душпастырскую і нацыянальна-асветніцкую дзейнасць польскімі ўладамі, пастаянна знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Пасля стварэння ў 1939 годзе Беларускага Экзархату ГКЦ і прызначэння ў кастрычніку 1940 года айца Антона Неманцэвіча SJ першым у XX стагоддзі беларускім грэка-каталіцкім экзархам, айцец Леў Гарошка 2 мая 1942 года быў абраны ў Раду экзархату і стаў віцэ-экзархам.

Акрамя духоўнай працы, айцец Леў, які ўвесь час вучыўся сам, знаходзіў час для таго, каб дапамагаць суайчыннікам нават падчас вайны — працаваў настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і мэдычнай школах у Баранавічах, рэдакцыях беларускіх газет. Кіраўнік медычнай школы ў Баранавічах Мацвей Смаршчок сцвярджаў, што айцец Леў Гарошка уратаваў ад вывазу ў Нямеччыну моладзь з гэтай школы, якую немцы планавалі накіраваць у працоўныя лагеры.

У 1944-1945 гадах разам з многімі тысячамі беларусаў, якія не жадалі зноў трапіць пад савецкі тэрор, айцец Леў апынуўся ў эміграцыі, дзе стаў духоўным айцом для беларусаў на чужыне і прадстаўніком Беларусі ў Рыме, дапамагаў беларусам, якія служылі ў польскай арміі генерала Андэрса.

У 1946 годзе айцец Леў Гарошка падрыхтаваў і выдаў малітоўнік «Божым шляхам», які дагэтуль выкарыстоўваецца многімі беларусамі і шмат разоў перавыдаваўся.

Тады ж адбылася гістарычная падзея, пра якую распавядаў айцец Аляксандр Надсан:

«На той год прыпадалі 350-я ўгодкі Брэсцкай Уніі 1596 года. З гэтай нагоды Папа Пій ХІІ выдаў 25 снежня энцыкліку Orientalis omnis. Айцец Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што неабходна перакласці энцыкліку на беларускую мову.  Ён таксама настаяў, каб, беручы пад увагу абставіны ХХ стагоддзя, лацінскае слова "Rutheni" (рускія) перакладалася як "беларусы і ўкраінцы". Кангрэгацыя доўга вагалася, але нарэшце згадзілася. Перамога была невялікая, але важная». 

Да айца Гарошкі ў Рым прыязджала даволі шмат беларускіх святароў і студэнтаў, але ніводзін з іх не зрабіў высілкаў, каб царкоўныя ўлады прызналі Беларусь як асобную нацыю са сваімі патрэбамі і памкненнямі. 

Можна смела сказаць, што назва «Беларусь» з'явілася на мапе Каталіцкага Касцёла дзякуючы айцу Льву Гарошку.

Айцец Леў Гарошка далей служыў беларускім вернікам у Францыі і Брытаніі, не мог толькі патрапіць дадому — у Беларусь, аднак кіраваў беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё ў 1970-1977 гадах. У гэты перыяд вяшчанне радыёстанцыі на беларускай мове павялічылася да пяці разоў на тыдзень па 14 хвілін. Акрамя непасрэдна ватыканскіх навін, айцец Гарошка рабіў ухіл на апалагетычную і беларускую нацыянальную тэматыку. 

Кожны святар — у пэўнай ступені карэспандэнт, бо распавядае Добрую Навіну пра самыя важныя ў жыцці чалавецтва падзеі. І менавіта такім нястомным карэспандэнтам быў айцец Леў Гарошка.  Ён падрыхтаваў цыклы праграм, прысвечаныя хрысціянскім аспектам беларускай літаратуры, гісторыі хрысціянства ў Беларусі, славутым беларускім рэлігійным дзеячам, сведчанням вялікіх асобаў — навукоўцаў, астраномаў, кампазітараў — пра існаванне Бога.

Усяго толькі 14 гадоў не дажыў да незалежнасці Беларусі і адраджэння Касцёла ў нашай краіне айцец Леў Гарошка, аўтар і выдавец кніг, адзін з аднаўляльнікаў беларускай грэка-каталіцкай традыцыі, патрыёт, чалавек, які вярнуў Беларусь на сучасную мапу Касцёла.

Айцец Леў Гарошка для гісторыі беларускай эміграцыі фігура знакавая. Яго дзейнасць у замежжы мела грандыёзны маштаб. Ацэньваючы цяпер яе плён нават у асобных галінах, часам бывае цяжка паверыць, быццам на ўсё гэта хапіла аднаго чалавечага жыцця да таго ж не самага працяглага і адзначанага не абы-якімі нягодамі ды выпрабаваннямі.

Абноўлена 11.03.2026 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа