
Велікапосная ініцыятыва «24 гадзіны для Пана» пройдзе ў дыяцэзіях свету 13-14 сакавіка. Парады для яе правядзення падрыхтавала Дыкастэрыя па справах евангелізацыі.
Тэмай велікапоснай акцыі, якая сёлета адбудзецца ўжо ў трынаццаты раз, Папа Леў XIV выбраў словы, натхнёныя Евангеллем паводле святога Яна: «Я прыйшоў збавіць свет» (Ян 12, 47).
«24 гадзіны для Пана» — штогадовая ініцыятыва, у рамках якой дзверы некаторых касцёлаў у дыяцэзіях ва ўсім свеце застаюцца адчыненымі і ўдзень, і ўначы. Адзінага ўніверсальнага раскладу не існуе, бо кожная парафія складае ўласную праграму, якая ўключае адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць споведзі і сумесную малітву.
«Падзею можна пачаць у пятніцу ўвечары пакаяннай літургіяй, каб падрыхтаваць вернікаў да споведзі, а завяршыць цэлебрацыяй святочнай святой Імшы ў другой палове дня ў суботу»,
— гаворыцца ў даведніку, які падрыхтавала Дыкастэрыя па справах евангелізацыі.
Ён утрымлівае парады для правядзення акцыі ў парафіях і даступны для бясплатнага спампавання на сайце ватыканскага ведамства на англійскай, іспанскай і італьянскай мовах.
Ініцыятыва мае на мэце даць вернікам дадатковую магчымасць прымірыцца з Богам у святле падрыхтоўкі да Вялікадня. Звычайна яна адбываецца ў вігілію чацвёртай нядзелі Вялікага посту.

