Пошук

Хрыстус сярод фарысеяў. Мастак Якаб Ёрданс

1 чыт.: Мал 1, 14b–2, 2b. 8–10;
Пс 131 (130), 1. 2. 3;
2 чыт.: 1 Тэс 2, 7b–9. 13;
Ев.: Мц 23, 1–12

Цэнтральнай тэмай сённяшніх чытанняў з’яўляецца настойлівае запрашэнне да сціплага, бескарыслівага, руплівага, адданага і ахвярнага служэння іншым у супольнасці, не чакаючы ўзамен славы або ўзнагароды.

У сённяшнім евангельскім урыўку Езус звяртаецца не толькі да фарысеяў, кніжнікаў ці прыхільнікаў Ірада, як мы чулі ў папярэднія нядзелі, але таксама да ўсіх сваіх вучняў. Гэта момант, калі Езус ужо не навучае натоўпы, якім больш былі цікавыя цуды, але вучняў: тых, хто гатовы Яго сур’ёзна слухаць.

І для нас не позна сёння сур’ёзна аднесціся да словаў Езуса і рэалізаваць іх у сваім жыцці.

У сённяшнім Евангеллі Езус крытыкуе святароў і фарысеяў свайго часу за неадпаведнасць жыцця іх вучэнню.

Можна наступным чынам рэзюмаваць крытыку Езуса адносна рэлігійных лідараў у часы Яго місіі на зямлі: духоўныя эліты не практыкавалі тое, чаму вучылі (крывадушнасць). Яны ўскладаюць вялікі цяжар на іншых, але не на сябе (легалізм). Яны шукалі і любілі грамадскае прызнанне (пыха). Статус і тытулы былі для іх самым важным (ганарыстасць). Яны не дапускалі людзей да Божага Валадарства (суб’ектыўнае асуджэнне). Яны ўстанавілі законы для сябе (прагнасць). Яны забыліся практыкаваць справядлівасць і міласэрнасць (прадузятасць). Яны былі саўдзельнікамі прымусу прарокаў да маўчання (дэспатычнасць). Тое, чым займаліся тагачасныя эліты Ізраэля, мы цяпер называем маралізатарствам.

У сённяшнім Евангеллі мы бачым трагедыю быць рэлігійным, але не быць сапраўдным, калі галоўны акцэнт робіцца на знешніх паводзінах, а не на ўнутраным стане.

Тыя, да каго звяртаецца Езус, не ўсведамлялі сваёй патрэбы ў перамене. Езус кажа: «Не рабіце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць». Яны як расліны, якія не прыносяць пладоў; у іх не было ўнутраных рэсурсаў веры, бо яны канцэнтарваліся толькі на знешнім.

Падобныя неадпаведнасці і непаслядоўнасці не былі ўнікальнымі толькі для кніжнікаў і фарысеяў. Можна ўзгадаць, напрыклад, Томаса Джэферсана, які быў галоўным стваральнікам амерыканскай Дэкларацыі незалежнасці. Нельга не захапляцца бляскам і смеласцю запісаных там словаў: «Усе людзі створаны роўнымі і маюць права на жыццё, свабоду і імкненне да шчасця». Для многіх будзе нечаканасцю даведацца, што Джэферсан і некаторыя іншыя падпісанты гэтай Дэкларацыі былі… рабаўладальнікамі. Гэта адна з іроній у гісторыі чалавецтва, што гэтыя людзі адмовілі мільёнам у той самай свабодзе, якой яны патрабавалі для сябе. Гэта ілюструе распаўсюджаную велізарную неадпаведнасць паміж чалавечымі памкненнямі і чалавечымі дзеяннямі.

У аднаго са святых з раннехрысціянскіх часоў аднойчы запыталі: «Што б ты зрабіў, каб які-небудзь язычнік стаў хрысціянінам?» Святы адказаў, што запрасіў бы такога язычніка пажыць побач з ім на працягу года, каб той меў магчымасць паглядзець на новы стыль жыцця, і гэта быў бы найлепшы спосаб прапанаваць стаць хрысціянінам. Ці той, хто пражыў бы побач з намі год, стаў бы хрысціянінам?..

Лёгка прачытаць сённяшняе Евангелле і пачаць паказваць пальцам на іншых, што яны менавіта такія, як тагачасныя фарысеі.

Вядома, я магу паказаць пальцам на многіх знаёмых людзей, духавенства, чыноўнікаў, калегаў і так далей, што яны кажуць адно, а паступаць па-іншаму. Аднак давайце задамо сабе пытанне: «Няўжо я так моцна адрозніваюся ад іх?» Важна, каб я бачыў, як слова Хрыста рэалізуецца ў маім жыцці. Евангелле скіравана ў першую чаргу менавіта да мяне, да канкрэтнага чалавека. Наколькі я ўражлівы да таго, як да мяне ставяцца людзі, асабліва калі ў мяне ёсць нейкае званне або адказнасць, напрыклад, калі я настаўнік ці бацька? Павагі нельга патрабаваць — яе неабходна заслужыць.

Хрыстус прапануе нам своеасаблівыя чатыры «таблеткі» ад хваробы фарысейства: па-першае, неабходна быць вучнем Хрыста, гэта значыць тым, хто Яго слухае і гатовы пачуць пра сябе непрыемныя рэчы, а менавіта пра свае памылкі; па-другое, неабходна быць братам (сястрой) для бліжніх, гэта значыць умець прызнаць перад іншымі сваю слабасць і прыняць дапамогу па яе выпраўленні; па-трэцяе, калі Езус прапануе нам не называць адно аднаго айцамі, Ён запрашае нас быць дзецьмі Божымі, якія прызнаюць сваю несамастойнасць ад Бога і сваю несамадастатковаць; і па-чацвёртае, Хрыстус запрашае нас быць слугамі адзін аднаму, гэта значыць быць гатовымі рабіць дабро іншым, не баючыся быць незаўважанымі, не чакаючы нічога ўзамен.

Сённяшні ўрывак з Евангелля мы можам ужыць як люстэрка, праз якое мы паглядзім на сябе і задамо сабе пытанне, колькі з крытыкаванага Хрыстом фарысейства я магу знайсці ў самім сабе?

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.