Пошук

Ілюстрацыйная выява: Пір у доме Сымона фарысея. Мастак Паоло Веранэзэ

1 чыт.: Іс 25, 6–10а;
Пс 23 (22), 1–3а. 3b–4. 5. 6;
2 чыт.: Флп 4, 12–14. 19–20;
Ев.: Мк 22, 1–10

У мінулую нядзелю мы чулі падчас Імшы прыпавесць пра гаспадара і злых вінаградараў. Разам з папярэднім евангельскім сюжэтам, сённяшні ўрывак метафарычна прадстаўляе ўсю гісторыю збаўлення чалавецтва. Пачутая намі чарговая прыпавесць павінна была стаць адпаведным адказам на абвінавачванне ў тым, што Езус не мог навучаць людзей, бо кантактаваў з мытнікамі і грэшнікамі.

У пачутай намі прыпавесці Езус дае зразумець, што Ён сябруе з грэшнікамі і абвяшчае ім Добрую Навіну аб Божым збаўленні, таму што кніжнікі і фарысеі адкінулі Яго і Яго Навіну, у той час як грэшнікі (якімі эліты Ізраэля пагарджалі) прынялі Яго ўсім сэрцам.

Таму Хрыстус параўноўвае Бога з каралём, які загадвае запрашаць простых людзей з узбочча жыцця ў якасці гасцей на каралеўскі прыём свайго сына. Езус таксама абвяшчае, што крыніцай Ягонага аўтарытэту з’яўляецца Бог, яго Айцец, які паслаў свайго Сына прапаведаваць Добрую Навіну пра збаўленне.

Х’юі Лонг быў вельмі каларытным палітыкам штата Луізіяна ў Злучаных Штатах, які меў надзею балатавацца на прэзідэнцкую пасаду ў 1936 годзе. Ён пачынаў жыццё як неадукаваны фермерскі хлопчык, але стаў губернатарам і адным з самых папулярных палітыкаў у гісторыі штата Луізіяна.

Лонг нарадзіўся ў цэнтральнай частцы Луізіяны, і калі ўпершыню балатаваўся на пасаду губернатара, яму далі некалькі парад наконт выбаршчыкаў у раёне Новага Арлеана. «Паўднёвая Луізіяна адрозніваецца ад паўночнай часткі штата, — сказалі яму. — У нас тут шмат католікаў». Лонг выслухаў гэта, кіўнуў і пайшоў выступіць з прамовай. Пачыналася яна так: «Калі я быў хлопчыкам, кожную нядзелю раніцай я ўставаў а шостай гадзіне, запрагаў нашага старога каня і вазіў сваіх бабулю і дзядулю католікаў на Імшу ў касцёл». Выступ меў ашаламляльны поспех. Пасля гэтага адзін з уплывовых людзей Новага Арлеана сказаў: «Х’юі, чаму ты так доўга трымаўся ад нас на адлегласці. Мы не ведалі, што ў цябе бабуля і дзядуля католікі». Х’юі хітра паглядзеў на яго і сказаў: «У нас нават не было каня…»

Гэтая анекдатычная гісторыя з’яўляецца адначасова вельмі сумнай. Хрыстус просіць нас не дазваляць нікому ўводзіць нас у зман і не дзяліць людзей на горшых або лепшых. Тут, на зямлі, арыентуючыся на нашыя зямныя катэгорыі, мы часта не бачым у людзях навокал свайго брата ці сястру, свайго бліжняга…

За святочным сталом Божым у Небе месца ўсім падрыхтавана.

Там не будзе галоўнага стала, адведзенага для самых святых. У Небе будуць грэшнікі, за якіх памёр Хрыстус, і якія раскаяліся ў сваіх грахах. У Небе ўжо падрыхтавана месца для цябе і для мяне. Аднак калі мне складана пабыць з Богам некалькі хвілін на малітве, прысвяціць Яму гадзіну на святую Імшу ў нядзелю, ці не азначае гэта, што тым больш мне будзе складана правесці з Ім усю вечнасць?.. І Бог ушануе гэты мой выбар, і я сам у такім выпадку абяру сабе вечнасць без Бога, гэта значыць вечнасць сярод такіх жа людзей, зацыкленых на саміх сабе. Такое месца называюць Пеклам: там ніхто нікога не можа шчыра палюбіць. Як часам кажуць, цяпер усе людзі імкнуцца быць свабоднымі, ніяк не звязанымі апекай над іншымі, але чамусьці такое ігнараванне любові да іншых чыніць людзей яшчэ больш самотнымі, залежнымі і вельмі нешчаслівымі.

Мы пакліканыя быць удзячнымі Хрысту за запрашэнне на нябесны «прыём»: з моманту нашага хросту мы былі запрошаны на нябесную гасціну і забяспечаны вясельнай вопраткай асвячальнай ласкі. Гэтыя вялікія прывілеі і благаслаўленні бясплатна прапануюцца ўсім, і яны дадзены нам, хто прымае дар веры. Гэтыя штодзённыя Божыя запрашэнні да збаўлення трэба прымаць з гатоўнасцю перамяняцца Божай ласкай і згодна з Божай воляй.

Тыя ж перашкоды, якія заміналі фарысеям увайсці ў Валадарства — гонар, любоў да гэтага свету, багацце, улада і  задавальненні, — могуць перашкодзіць і нам. Такім чынам, мы запрошаныя быць гатовымі ахвяраваць сябе ў любові і служэнні Езусу і Яго народу. Толькі так мы будзем захоўваць нашае вясельнае адзенне чыстым і прыгожым кожны дзень. Поўнае прыняцце гэтых Божых дароў таксама патрабуе, каб мы не заставаліся абыякавымі членамі нашай парафіяльнай супольнасці, але давалі рашучае сведчанне нашых перакананняў.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што Эўхарыстыя з’яўляецца прадсмакам месіянскага прыёму-гасціны.

Уцелаўлёны Бог чакае нас у сваім доме — касцёле ці царкве, — ахвяруючы сябе за нас на нашых алтарах і запрашаючы нас на ўрачысты пачастунак са сваім Целам і Крывёю для насычэння нашых душаў у святой Эўхарыстыі. Такім чынам, мы ніколі не можам падыходзіць да прыняцця Езуса ў святой Камуніі «непрыстойна апранутымі», гэта значыць не будучы ў стане асвячальнай ласкі, дадзенай нам падчас хросту. Святы Павел кажа, што мы ямо і п’ем асуджэнне саміх сябе, калі прыступаем да гэтага сакрамэнту ў смяротным граху (1 Кар 11, 27–32). Падобна таму, як кароль раней забяспечваў урачыстым адзеннем гасцей вяселля, так Езус прапануе нам сакрамэнт пакаяння, каб ачысціць і ўпрыгожыць нашу душу.

Нам неабходна ўдзельнічаць у эўхарыстычнай гасціне з належнай падрыхтоўкай праз пакаянне ў нашых грахах і актыўны ўдзел у малітвах і спевах падчас святой Імшы, слуханне Божага Слова і разважанне над ім, а таксама праз духоўную і матэрыяльную падтрымку бедных і разнастайны клопат пра тую парафію, да якой мы належым. Кожны раз, калі мы, напрыклад, у вялікім горадзе ці ў новай мясцовасці прыходзім на святую Імшу толькі для таго, каб выканаць абавязак удзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі, мы з’яўляемся «ананімнымі католікамі», якіх не могуць падтрымаць іншыя сёстры і браты з мясцовай парафіі або іншай супольнасці.

Удзел у святой Імшы з’яўляецца найлепшай падрыхтоўкай і найбольшай крыніцай сілы для нашага будучага ўдзелу ў Нябеснай гасціне.

Нам неабходна ўвесь час насіць вясельную вопратку святасці і праведнасці, захоўваць стан ласкі, чыніць дабро для ўсіх, цаніць і атрымліваць Божыя ласкі ў Касцёле.

Будзем маліцца, каб мы змаглі захаваць чыстым і незабруджаным нашае вясельнае адзенне і каб мы сталі вучнямі, якія сапраўды выконваюць слова Езуса, а не застаюцца проста «нядзельнымі католікамі». Памолімся аб глыбокай веры, надзеі і любові для кожнага з нас, а таксама аб адказнасці адзін за аднаго.

Абноўлена 14.10.2023 10:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа