
Беларускі епіскапат прыме ўдзел у агульнаеўрапейскім Эўхарыстычным ланцугу ў інтэнцыі міру ва Украіне, у Святой Зямлі і ва ўсім свеце, які будзе праводзіцца на працягу ўсяго Вялікага посту. Ад Папяльцовай серады і да Вялікага чацвярга Касцёл у Еўропе кожны дзень будзе збірацца вакол эўхарыстычнага стала, каб маліцца аб дары міру. Ініцыятыва праводзіцца Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE).
Малітва аб «бяззбройным і раззбройваючым» міры
У рамках малітоўнай акцыі падчас Вялікага посту кожны нацыянальны епіскапат кантынента арганізуе прынамсі адну святую Імшу ў інтэнцыі ахвяр вайны і з просьбай да Бога аб «бяззбройным і раззбройваючым» міры ва Украіне, у Святой Зямлі і ва ўсім свеце.
Каляндар эўхарыстычных цэлебрацый, апублікаваны на афіцыйным сайце CCEE, складзены ў алфавітным парадку. Згодна з ім, беларускі епіскапат будзе маліцца за мір 21 лютага 2026 года.
Бачны знак надзеі для кантынента
Эўхарыстычны ланцуг ужо з’яўляецца традыцыйнай велікапоснай ініцыятывай Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Ён пакліканы стаць досведам адзінства і бачным знакам надзеі для ўсяго еўрапейскага кантынента, паведамляецца на сайце арганізацыі.
Сёлета натхненнем для акцыі служаць словы Льва XIV:
«Давайце адкрыемся на мір! Давайце прымем яго і прызнаем замест таго, каб лічыць яго нечым далёкім і немагчымым. Мір перш чым мэтай з’яўляецца прысутнасцю і шляхам».
Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы была створана ў 1971 годзе. Яна налічвае 39 членаў, якія прадстаўляюць Касцёл у 45 краінах еўрапейскага кантынента. Сядзіба арганізацыі знаходзіцца ў Рыме. Яе старшыня — арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас.

