Пошук

22.02.2021 11:16   Пераклад і адаптацыя: Ігар Цярэшчанка / Catholic.by
Цярпенне Ёва. Фрагмент. Мастак а. Гансало Караско Эспіноза SI

Сёння мы публікуем першую частку велікапосных анлайн-рэкалекцый «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак, якія публікуюцца па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.

Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.

Частка 1. Што з’яўляецца цэнтрам майго жыцця?

  • Уваход у малітву

Пачакайце крыху, не рухайцеся, мы пачынаем малітву.

Дзе б вы ні слухалі гэта: седзячы, стоячы, у памяшканні, звонку, скарыстайцеся момантам, каб звярнуць увагу на тое, што вакол вас… Што вы бачыце… Што вы чуеце… Якое паветра вы ўдыхаеце… Як вашае цела дакранаецца да адзення, крэсла ці зямлі…

Наколькі засяроджаным вы можаце быць, звяртаючы ўвагу на гэтыя рэчы? Адзначце гэта… Адчуйце, што Бог глядзіць на вас…

  • Божае слова

З кнігі Ёва

Адказваючы, Пан сказаў Ёву з віхуры:
Хто той, хто засланяе план Мой словамі без разумення?
Падперажы свае сцёгны як мужчына.
Я буду пытацца ў цябе, а ты навучы Мяне!
Дзе быў ты, калі Я засноўваў зямлю?
Адкажы, ці ведаеш і разумееш гэта?
Хто вызначыў яе памеры?
Напэўна ведаеш?
Або хто расцягнуў над ёю мерны шнур?
На чым пастаўлены яе асновы,
ці хто паклаў яе вуглавы камень,
пакуль спявалі разам ранішнія зоркі,
і ўсклікалі ад радасці ўсе сыны Бога?
І хто замкнуў дзвярыма мора,
калі яно ўсхвалявалася, нібы выходзячы з нутра,
калі Я хмары зрабіў адзеннем яго
і цемру — покрывам ягоным?
Я замкнуў яго ў межах Маіх
і паставіў замкі і дзверы.
І сказаў: Дагэтуль дойдзеш, не далей.
Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі.
<…>

І адказаў Ёў Пану: Вось я малы, што Табе адкажу?
Руку сваю кладу на вусны свае.
Я раз прамовіў, і ўжо не адкажу;
нават двойчы, але нічога не дадам.

Ёв 38, 1–11; 40, 3–5

  • Разважанне

Ёсць у гэтай сустрэчы паміж Богам і Ёвам штосьці да глыбіні аўтэнтычнае. Яна яскрава выяўляе чалавечы гонар і нашу нахабную думку, што мы можам ведаць, рабіць і кантраляваць усё. Бог гаворыць з Ёвам «з віхуры».

Ці гаворыць сёння з намі Бог з глыбіні віхуры нашых сэрцаў?

Богу, здаецца, ўжо надакучылі «ўсёзнайкі», і Ён задае Ёву шэраг цяжкіх пытанняў, якія мы маглі бы падсумаваць словамі: «Кім ты насамрэч сябе ўявіў?»

Сапраўды, Божае апісанне боскага кантролю над межамі акіяна цалкам можа быць выкарыстана ў адносінах да нас саміх; да тых абмежаванняў, якія мы сустракаем на на нашым шляху: «Дагэтуль дойдзеш, не далей. Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі».

Рэакцыя Ёва на Божыя словы вельмі кранальная. Напоўнены пакорай, ён разумее, наколькі ж ён насамрэч малы, і згаджаецца быць менш гаваркім у будучыні, але больш гатовым да таго, каб слухаць.

Падчас гэтых рэкалекцый мы знаходзімся на шляху да перамянення, але яно пачынаецца ўнізе, а не на вяршыні гары.

На пачатку духоўных практыкаванняў Іньіга заклікае нас задумацца пра тое, дзе мы сапраўды знаходзімся, і прыняць рэвалюцыйную ісціну, што стварэнне не існуе для таго, каб служыць нам і нашаму «я», і не знаходзіцца пад нашым кантролем, але што ўсё стварэнне, уключаючы наша ўласнае сэрца і розум, можа атрымаць канчатковую мэту толькі тады, калі знаходзіцца ў правільных адносінах з тым, што ёсць у глыбіні ўсяго быцця. Мы пройдзем праз цемру да святла толькі тады, калі цэнтрам нашага жыцця будзе цэнтр быцця сусвету.

Прысвяціце крыху часу на гэтым тыдні, каб падумаць пра тое, што гэта значыць для вас асабіста. Добрым пытаннем, да якога можна вярнуцца, можа быць:

«Ці ў гэтай сітуацыі я спрабую прымусіць падзеі круціцца вакол майго ўласнага эга? Або, быць можа, я раблю цэнтрам майго жыцця штосьці больш глыбокае?»

Не хвалюйцеся. Большую частку часу мы ўсе арыентаваныя на ўласнае эга, але акурат усведамленне самога факту наяўнасці такой мадэлі мыслення і паводзінаў з’яўляецца прыкметай таго, што ў глыбіні душы мы хочам, каб усё было па-іншаму. Прызнаўшы гэта, мы можам прасіць аб ласцы, каб у любых абставінах быць больш свядомымі ў распазнанні нашага духоўнага стану (ці ён скіраваны да Бога ці на маё эга?), а таксама аб мужнасці і пакоры, каб пачаць працэс змен.

  • Размова з Богам

Азіраючыся назад на працягу тыдня, прыгадвайце якія-небудзь інцыдэнты або размовы, у якіх вы, як цяпер бачыце, спрабавалі (магчыма, несвядома) зрабіць так, каб усё «было па-мойму»? Як вы ставіцеся да іх цяпер? Такія моманты часта пакідаюць у нас пачуццё няёмкасці. Калі вы мелі гэты досвед, паспрабуйце выказаць свае пачуцці ў малітве.

З іншага боку, за гэты час адбываліся інцыдэнты або размовы, якія, як здаеццана, набліжалі вас да цэнтру жыцця і сусвету — да Бога. Як вы цяпер ставіцеся да іх з перспектывы часу?

Такія моманты звычайна пакідаюць нам адчуванне ўнутранага супакою, нават нягледзячы на тое, што абставіны могуць быць складаныя.

У мінулым годзе ўсё чалавецтва сутыкнулася з усведамленнем абмежаванасці нашага ўяўнага кантролю над светам і жыццём. Маленечкі вірус навучыў нас, што мы не можам зрабіць так, каб стварэнне служыла нам. Па меры таго, як вы будзеце разважаць пра гэтыя падзеі ў малітве (як у асабістых інтэнцыях, так і ў агульных), падумайце, аб якой ласцы вы хацелі б папрасіць Бога, каб Ён дапамог вам і ўсім нам зрабіць Яго цэнтрам жыцця і дапамагчы больш цвяроза ставіцца да пажаданняў уласнага эга.

Запішыце ў сваім дзённіку ўсё, што асабліва важна для вас на гэтым тыдні. Заўважце тыя моманты, калі вы адчувалі Бога як цэнтр вашага жыцця. Пазначце таксама, як вы адказалі на гэту ласку.

Па меры таго, як мы пачынаем усведамляць (як гэта ў свой час зрабіў Ёў), што мы насамрэч ведаем вельмі мала, а разумеем яшчэ менш, давайце паспрабуем прыйсці да Бога ў праўдзівай пакоры, папрасіць Яго аб ласках, каб пачаць гэтае падарожжа, давяраючы менш нашым уласным сілам і больш адкрываючы душу для кіраўніцтва Святога Духа.

Працяг 1 сакавіка

Абноўлена 27.02.2021 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа