Пошук

07.05.2024 12:51   Паводле: Niedziela.pl / Catholic.by
Фота: Jeff Dachowski / ncregister.com

Рыхтуючыся да Нацыянальнага Эўхарыстычнага кангрэсу ў ЗША, які пройдзе ў Індыянапалісе з 17 да 21 ліпеня, чатыры сястры з Апостальскага таварыства Дачок Марыі маюць намер здзейсніць амаль 1000-мільную пілігрымку.

Як паведаміў сайт Niedziela.pl, яны пойдуць шляхам святой Элізабэт Эн Сэтан (1774–1821) — першай кананізаванай карэннай амерыканка.

Гэта адзін з чатырох паломніцкіх маршрутаў, па якіх вернікі пойдуць з сярэдзіны мая, каб трапіць на Кангрэс у сталіцы Індыяны ў сярэдзіне ліпеня. Агульная працягласць гэтых маршрутаў складае каля 6,5 тыс. міль і ўключае наступныя шляхі: Марыйны (Паўночны), святой Элізабэт Сэтан (Усходні), святога Хуана Дыега (Паўднёвы) і С’ера (Заходні).

24 красавіка, праз некалькі гадзін пасля з’яўлення інтэрв’ю з чатырма сёстрамі ў каталіцкіх СМІ, хутка з’явіліся ахвярадаўцы. Некаторыя прапанавалі ім, між іншым, новы зручны абутак для вандровак на вялікія адлегласці, іншыя будуць перавозіць іх заплечнікі паміж этапамі на маршруце.

«Гэта знакі, праз якія Пан Езус кажа нам: „Так, я хачу, каб вы туды дайшлі“», — пракаментавала гэтыя паведамленні настаяцельніца кангрэгацыі Дачок Марыі, Маці аздараўляльнай любові (заснаванай у 2003 г. з сядзібай у Манчэстэры, Нью-Гэмпшыр), 56-гадовая сястра Мэры Максімільян, якая таксама ідзе ў пілігрымку.

Інтэрв’ю таксама выявіла глыбокую веру сясцёр у рэальную прысутнасць Пана Езуса ў Эўхарыстыі. Умацаванне гэтай веры ў сэрцах амерыканскіх католікаў — галоўная мэта кангрэса ў Індыянапалісе. Паводле статыстыкі, прадстаўленай даследчым цэнтрам, звязаным з каталіцкай тэлевізійнай станцыяй EWTNNews, прыкладна 66 працэнтаў католікаў у ЗША вераць у гэтую прысутнасць. У сваю чаргу свецкі Інстытут Pew, грунтуючыся на крыніцах, адносна дакладнасці якіх пакуль ёсць сумневы, паведаміў у 2019 годзе, што «толькі 49 працэнтаў амерыканскіх католікаў вераць, што падчас Імшы хлеб і віно сапраўды становяцца Целам і Крывёю Хрыста».

Тым часам сваёй тысячамільнай пілігрымкай сёстры жадаюць «узвялічыць Езуса, каб увесь свет і ўсе людзі маглі наблізіцца да Яго». Яны таксама падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з харызмай сваёй кангрэгацыі жадаюць «лячыць разбураныя сем’і і сужэнствы, каб яны сталі хатнім Касцёлам».

Іншая ўдзельніца пілігрымкі сястра Мірыям Крыстэ падкрэсліла, што «ў наш час, калі ўсё стала „лёгкім“, праходжанне такога шляху, а не пералёт на самалёце, патрабуе вялікіх намаганняў. І гэта паказвае, як моцна мы любім нашага Пана. Гэта варта таго, каб прайсці пешшу ад Канэктыкута да Індыянапаліса — Езус варты таго», — кажа сястра Мірыям.

Ксёндз Роджэр Ландры, студэнцкі капелан з Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку, які таксама збіраецца на Кангрэс, тлумачыць унікальнае сведчанне сясцёр:

«Гэтыя кансэкраваныя жанчыны вучаць усіх нас у Касцёле, як любіць Езуса ўсім сэрцам. Дзякуючы малітве, міру і радасці, што даюцца ўсім, а таксама духоўнаму мацярынству яны становяцца вялікай падтрымкай для нас, якія таксама пілігрымуем да Дому Айца», — кажа святар.

Каб выправіцца ў такое далёкае падарожжа, законніцы маюць не толькі духоўную, але і фізічную падрыхтоўку. Вышэйзгаданая 39-гадовая сястра Мірыям Крыстэ перад тым, як далучыцца да Дачок Марыі, у 2018 годзе ў адзіночку прайшла ўвесь Апалацкі шлях — турыстычны маршрут працягласцю 1200 міль ва ўсходняй частцы краіны. У мінулым годзе ўсе чацвёра падняліся на тры гары ў Нью-Гэмпшыры, самая высокая з якіх — гара Эйзэнхаўэр — мае вышыню прыкладна 1500 м. У 2022 годзе яны каардынавалі дыяцэзіяльную пілігрымку ў рэгіён Азёраў у штаце, а потым у дзевяць касцёлаў, даставіўшы туды рэліквіі благаслаўлёнага Карло Акуціса (1991–2006) і святога Эмануэля Гансалеса Гарсіі (1877–1940) — заснавальніка Кангрэгацыі Місіянераў Эўхарыстыі з Назарэта.

Абодва яны з’яўляюцца апекунамі Эўхарыстычнага кангрэсу ў Індыянапалісе.

Гэтая падзея таксама прыцягвае пілігрымаў з іншых краін, у тым ліку з Японіі. Айцец Павел Янацінскі, польскі дамініканін, які вядзе заняткі ў каталіцкім цэнтры ў Токіо, сказаў, што «людзі, якія жадаюць паехаць туды, маюць глыбокую веру, але яны не багатыя, таму мы вырашылі падтрымаць іх, каб яны маглі дабрацца да ЗША і стаць там нашымі прадстаўнікамі».

Абноўлена 07.05.2024 13:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця