Пошук

27.03.2024 16:12   Паводле: Сredo.pro / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Фота Аляксандры Шпілеўскай

20 сакавіка Вярхоўная Рада Украіны не падтрымала дэпутацкі запыт аб перадачы касцёла святога Мікалая ў Кіеве ва ўласнасць яго гістарычнаму ўладальніку — рэлігійнай супольнасці Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Як паведамляецца на сайце Сredo.pro, запыт падтрымалі 205 дэпутатаў замест неабходных 226 галасоў.

У запыце да прэзідэнта Украіны дэпутаты, у прыватнасці, адзначаюць: «У адрозненне ад іншых святынь у Кіеве, дзяржава не вярнула касцёл святога Мікалая каталіцкай супольнасці, хоць вярнуць парафіяльны касцёл абяцалі яшчэ ў 1991 годзе. Потым былі ўказы прэзідэнта Украіны аб парадку вяртання святыні ў 2005 годзе. За гэты час змянілася 18 міністраў культуры. <…>

Прызначэнне касцёла як культавага будынка перш за ўсё не культурнае, а рэлігійнае. Гэтую падзею доўга чакала як свецкая, так і рэлігійная грамадскасць. Гэты касцёл быў пабудаваны на сродкі вернікаў рыма-каталіцкай супольнасці».

Нядаўна прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль даручыў Міністэрству культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны перадаць касцёл святога Мікалая рэлігійнай супольнасці Рыма-Каталіцкага Касцёла ў пастаяннае карыстанне да 1 мая 2024 года.

Нагадваецца, што, згодна з заключэннем № 190 ад 26 верасня 1995 года, Украіна падчас уступлення ў Раду Еўропы ўзяла на сябе абавязацельствы ў рэлігійнай сферы, у тым ліку па прававым вырашэнні пытанняў, звязаных з вяртаннем касцёльнай маёмасці.

Гэтую сітуацыю пракаментаваў для Сredo.pro пробашч парафіі святога Мікалая ксёндз Паўло Вышкоўскі OMI:

«Украіна абвясціла сябе правапераемніцай Украінскай ССР, а таму нясе ўсе абавязкі, у тым ліку маральныя; а па сітуацыі з нашым касцёлам відаць, як цяжка ёй пазбавіцца ад камуністычнай спадчыны і вярнуць скрадзенае. Аднак я б усё ж глядзеў на гэтую сітуацыю са станоўчага боку. Глядзіце: нават калі не хапіла галасоў, прагаласавала 205 дэпутатаў Вярхоўнай Рады! Па выніках галасавання відаць, што „супраць“ ніхто не галасаваў. Так, ёсць тыя, хто не прыйшоў галасаваць, ёсць абыякавыя да аднаўлення гістарычнай справядлівасці… Але сітуацыя паступова мяняецца. 205 галасоў „за“ — гэта важна!»

Касцёл святога Мікалая ў Кіеве быў пабудаваны вядомым архітэктарам Уладзіславам Гарадзецкім у неагатычным стылі. Пасвячэнне адбылося ў 1909 годзе. З 2009 года будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Да таго ж у 2021 годзе ў святыні здарыўся пажар, у выніку якога цалкам згарэў арган, упала жырандоль, абгарэў крыж пасярод алтарнай часткі. Пасля здарэння касцёл быў адрамантаваны за сродкі парафіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця