Пошук

30.11.2023 15:59   Паводле: CNA / Пераклад і адаптацыя: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Дыего Валенсія. Фота: 8directo.com

Дыяцэзія Кадыса і Сэуты на поўдні Іспаніі пачала атрымліваць запыты ад вернікаў з просьбай паспрыяць працэсу кананізацыі Дыего Валенсіі, сакрыстыяніна, які быў забіты мусульманскім экстрэмістам у студзені мінулага года.

Пра гэта паведамляе CNA са спасылкай на ACI Prensa.

Напад адбыўся 25 студзеня 2022 года. Грамадзянін Марока Ясін Канджаа смяротна параніў Дыего Валенсію.

Радыкальна настроены ісламіст увайшоў у касцёл Маці Божай Ла-Пальма ў Альхесірасе (Іспанія) і пачаў знішчаць фігуры, свечкі і іншыя прадметы даўгім нажом. 65-гадовы Валенсія, уласнік крамы кветак, які 16 гадоў служыў у парафіі сакрыстыянінам, сутыкнуўся з нападнікам, які быў апрануты ў чорную джалабу (мараканскую мужчынскую сукенку). Пасля ўдару Канджаа тым, што адзін сведка назваў «вялікім сінім мачэтэ», а іншыя назвалі «нажом» або «чымсьці падобным на катану» — японскі меч, — сакрыстыянін уцёк з касцёла, але нападнік дагнаў яго, каб дабіць.

Як паведамляе асацыяцыя Enraizados en Cristo y la Sociedad (Укаранёны ў Хрысце і грамадстве), якая распачала намаганні па пачатку працэсу кананізацыі, пробашч мясцовай парафіі айцец Хуан Хасэ Марына ўжо звярнуўся да біскупа Кадыса і Сэуты Рафаэля Cарноcы з просьбай, каб распачаць працэс кананізацыі, а менавіта яго дыяцэзіяльны этап.

Памерлага сакрыстыяніна «вельмі любілі ў парафіі і ў горадзе за яго адданасць і добразычлівасць да ўсіх», паведамляе дыяцэзія.

Асацыяцыя Enraizados падкрэсліла ў заяве на сваім сайце, што «яго забойца скончыў сваё жыццё. Мы не дазволім часу знішчыць яго (сакрысціяніна – рэд.) памяць і яго незвычайны ўчынак мужнасці, несумненна падштурхнуты Святым Духам». 

Паводле расследавання, 25 студзеня Ясін Канджаа з матываў рэлігійнай нянавісці напаў на два касцёлы ў Альхесірасе. 

Спачатку ён скіраваўся ў касцёл Збаўцы, дзе параніў ксяндза Антоніё Радрыгеса Лусена, салезіяніна, які выжыў пасля нападу, але праз некалькі месяцаў памёр з-за хваробы, якая была дыягнаставана ў яго пасля нападу.

Потым ён пайшоў у парафію Маці Божай Ла-Пальма, дзе забіў Дыего Валенсію. Пробашча не было ў касцёле, бо ў гэты час ён займаўся іншай душпастырскай працай. 

Калі адбыўся напад, біскуп Кадыса і Сэуты Рафаэль Сарноса знаходзіўся ў горадзе з пастырскім візітам і змог хутка прыбыць на месца здарэння.

Ксёндз Антоніё Лусена і сакрысціянін Дыего Валенсія былі пасмяротна ўзнагароджаны дыяцэзіяльным медалём Pro Ecclesia Сadicense et Septense — За заслугі перад Касцёлам Кадыса і Сэуты.

Абноўлена 30.11.2023 16:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця