Пошук


18 красавіка, у Вялікі чацвер, у архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску пасля св. Імшы Хрызма адбылася сустрэча духавенства Мінскай вобласці. Па традыцыі, да сабраных святароў напачатку звярнуўся са словам Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Прадстаўнік Святога Айца, між іншым, сказаў: «Сёння я хацеў бы падзяліцца з вамі, як дарам, словамі папы Францішка, якія гучаць у маім сэрцы: „Намашчаныя алеем радасці, каб намашчаць алеем радасці іншых“».

Як адзначыў іерарх, дар святарскага намашчэння — гэта «дадзеная нам Панам місія служэння Божаму народу». «Кожны з нас дасведчыў, што намашчаць, служыць — заданне не з лёгкіх.

Дастаткова нагадаць некаторыя абавязкі святароў, раскрытыя Езусам у Евангеллі: абвяшчаць добрую навіну ўбогім, перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным, суцяшаць усіх засмучаных, даць ім алей радасці замест суму», — дадаў ён.

«Заданні святара, згаданыя Езусам, патрабуюць ад нас здольнасці любіць, суперажываць, быць блізкімі, траціць час для чалавека; радавацца разам з закаханымі, якім удзяляем сакрамэнт шлюбу; смяяцца разам з дзіцём, якога прынеслі пахрысціць; спадзявацца разам з хворым, якому нясём сакрамэнт намашчэння; плакаць разам з тым, хто пахаваў свайго роднага, быць абдымкамі Бога для тых, хто шукае Яго прабачэння… Для нас, святароў, давераныя нам Богам людзі — гэта наша сям’я, за святасць якой мы нясём адказнасць», — заўважыў Апостальскі нунцый.

Разважаючы над тым, як гэта магчыма, іерарх прапанаваў звярнуцца да словаў Евангелля: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5) і «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).

«„Без Мяне нічога не можаце зрабіць“. Гэта азначае, дарагія браты, што наша святарская місія служэння вызначаецца не вялікімі колькасцямі і магутнасцямі, а здольнасцю даць у сабе — у звычайным чалавеку, грэшным і слабым, — месца Хрысту, а на практыцы — быць „другім Хрыстом” не толькі ў час цэлебрацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі, але і цэлы дзень, нават тады, калі ніхто мяне не бачыць.

Быць Хрыстом Міласэрным з кожным, хто патрабуе дапамогі, быць Хрыстом-Братам з прэзбітэрамі і кансэкраванымі Богу, як і я, асобамі, быць Хрыстом-Сынам з маім біскупам і маім настаяцелем, быць Хрыстом-Сябрам з кожным чалавекам — малым ці дарослым, жанчынай ці мужчынам, веруючым ці не, з маёй парафіі ці з іншага асяроддзя…

А каб быць Хрыстом, трэба быць з Хрыстом. Заўсёды, цэлы дзень. Як? Мы гэта ведаем: наследаваць Яго такім, якім Ён адкрывае Сябе ў Евангеллі, уцелаўляць Яго словы ў жыццё», — патлумачыў арцыбіскуп.

«„Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго“. Нас прызнаюць Хрыстовымі, калі будзем мець любоў адзін да аднаго. Езус не сказаў, што „ўсе пазнаюць, што вы Мае вучні“, калі будзеце ўмець прыгожа і цікава прамаўляць, ці калі будзеце ўмець арганізоўваць захапляльныя імпрэзы, і нават не тады, калі пабудуеце касцёлы і цэнтры. Людзі пазнаюць праз нас Хрыста і пойдуць за Ім, калі мы — біскупы, святары, манахі, манашкі, свецкія хрысціяне — будзем мець любоў адзін да аднаго.

<…> Узаемная любоў будуе еднасць. <…> Езус кажа далей: «...каб усе былі адно... каб свет паверыў...» Еднасць аб’яўляе прысутнасць Хрыста. Еднасць дае сілы ісці наперад, перамагаць цяжкасці, радавацца жыццю, — адзначыў іерарх. —

Гэта — дух сям’і, дух прыняцця адзін аднаго, дух узаемнай дапамогі, гэта простыя рэчы — простыя словы павагі, простыя жэсты клопату, шчыры позірк братэрства, гэта — жыццё Святой Тройцы».

На заканчэнне арцыбіскуп вярнуўся да думкі папы Францішка аб святарскім намашчэнні. «Кожны дзень мы прамаўляем на Святой Эўхарыстыі — Пан шэпча праз нас кожнаму чалавеку: „Гэта Цела Маё, гэта Кроў Мая…“ — гэта маё сэрца, мае рукі, мой час, усмешка, парада, сілы, радасць, малітва — для кожнага і не толькі ў час святой Імшы, але і на працягу цэлага дня — „Бярыце і ешце“. Тут выражаны поўны сэнс нашага намашчэння і дарога да святасці. І без імкнення ўцелаўляць гэтыя словы ў штодзённым жыцці прагоркне хрызма, якою мы былі намашчаныя, і горкімі стануць нашыя сэрцы», — падкрэсліў ён.

«Нашая святарская радасць ні з чым не параўнальная, а яе вытокі — у Любові Айца, — дадаў Апостальскі нунцый. — У Ім — наш адпачынак, аднаўленне сіл, творчая энергія, крыніца духоўнага бацькоўства і нашае шчасце.

Ён нас паклікаў, намасціў, і Ён клапоціцца пра нас. Наша асабістая частка — слухаць Яго Слова і жыць Ім, у еднасці паміж намі і нашым народам. Тады, я ўпэўнены, словы папы Францішка „Намашчаныя алеем радасці, каб намашчаць алеем радасці іншых“ будуць бачныя ў нашым жыцці і стануць магутным сведчаннем для свету».

Абноўлена 18.07.2019 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.