Пошук

25.03.2024 09:28   Фота: Баляслаў Гавэцкі / Catholic.by

У суботу 23 сакавіка ў парафіі Божай Маці Шкаплернай і святога Юды Тадэвуша ў Прывалках (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Усход) арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі памерлага месяц таму ксяндза Яна Гавэцкага.

У гэтай парафіяльнай супольнасці ў апошні час нёс служэнне спачылы святар. Памаліцца аб супакоі для яго душы праз 30 дзён пасля смерці сабралася вялікая колькасць мясцовых вернікаў.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч узгадаў жыццёвы шлях ксяндза Яна, які паходзіў з францішканскай парафіі Божай Маці Анёльскай у Гродне, да якой некалі належаў і сам будучы іерарх. Яны маліліся ў тым самым касцёле, і там адчулі пакліканне да святарства.

Божы Провід пакіраваў так, што Ян Гавэцкі служыў у войску ў Каўнасе, дзе знаходзілася адна з дзвюх дзеючых у Савецкім Саюзе каталіцкіх духоўных семінарый, куды ён і паступіў пасля вайсковай службы.

Ксёндз Ян Гавэцкі стаў першым святаром, прэзбітэрскае пасвячэнне якому ўдзяліў першы ў пасляваеннай гісторыі Касцёла на Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Адбылося гэта 27 мая 1990 года ў Гродзенскім фарным касцёле, цяперашняй катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя.

Пэўны час пасля пасвячэння ксёндз Ян працаваў у Вілкавішскай дыяцэзіі ў Літве, у якую быў інкардынаваны, пазней быў пробашчам у Трабах (Івейскі дэканат), а потым 25 гадоў быў пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі. Апошні час служыў у Прывалцы.

«На яго святарскую долю выпала нямала цярпенняў, якія ён перажываў у духу пакоры, давяраючы сябе Божай волі.

Ксёндз Ян увайшоў у гісторыю адраджэння Касцёла на Беларусі як вельмі актыўны і крэатыўны душпастыр, у тым ліку апякун моладзі, студэнтаў і дзяцей, сотні якіх летам бралі ўдзел у канікулах з Богам у івейскай парафіі», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Іерарх дадаў, што, акрамя душпастырскай і шматбаковай парафіяльнай дзейнасці, ксёндз Ян арганізоўваў пілігрымкі ў розныя санктуарыі Беларусі і замежжа. Яму належыць ідэя правядзення ў Іўі фестывалю калядных песень Gloria in еxcelsis Deo, які стаў «духоўным брэндам» парафіі. Не абмінаў увагаю бедных, пра што сведчыць актыўная дзейнасць у Іўі парафіяльнага Caritas, а таксама прычыніўся да развіцця міжканфесійнага дыялогу ў горадзе, дзе з даўніх часоў жывуць у міры і згодзе прадстаўнікі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў.

У сувязі з адыходам поўнага сіл святара заслужаны іерарх заўважыў, што ў Касцёле Гродзенскай дыяцэзіі стала менш на аднаго слугу алтара, тады як колькасць пакліканняў да святарства ў апошні час моцна скарацілася.

«У сувязі з гэтым узнікае пытанне: хто заменіць?.. Таму ўспамін памерлага святара і малітва ў яго інтэнцыі — гэта таксама просьба аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця», — зазначыў іерарх.

«Бог паклікаў ксяндза Яна да сябе падчас Вялікага посту, калі мы рыхтуемся да свята Пасхі. Усё яго святарскае жыццё — гэта падрыхтоўка людзей да духоўнага ўвакрасення праз пастырскую, пілігрымкавую і культурную дзейнасць», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і ўзнёс малітву да міласэрнага Бога аб вечным жыцці ў Валадарстве ўваскрослага Хрыста для памерлага ксяндза Яна Гавэцкага.

Пасля Імшы прысутны ў касцёле праваслаўны святар з Гожы айцец Дзмітрый Хямяляйнен цёплым словам узгадаў свайго спачылага каталіцкага сабрата.

Абноўлена 25.03.2024 10:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця