Пошук

18.03.2023 08:08   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Аздараўленне сляпога ад нараджэння. Мастак Эль Грэка / Wikipedia

1 чыт.: 1 Сам 16, 1b. 6–7. 10–13a;
Пс 23 (22), 1–3a. 3b–4. 5. 6;
2 чыт.: Эф 5, 8–14;
Ев.: Ян 9, 1–41

Супрацоўнічаць з Панам, які аздараўляе

«Хто зграшыў — ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» — пытаюцца вучні Езуса.

І сёння ўсё яшчэ часта можна сустрэць падобную ментальнасць нават сярод хрысціянаў: ёсць шмат людзей, якія шукаюць прычыну хваробы ці інваліднасці ў нейкім граху, у праклёне, успрымаюць падобны стан як Божую кару. Адказ Езуса адназначна адкідае такое тлумачэнне няшчасцяў у жыцці чалавека. Рэч не ў тым, каб адмаўляць, што дрэнныя паводзіны прыводзяць да адпаведных наступстваў і для саміх людзей, якія жывуць у нязгодзе з Божай воляй, і для іх атачэння. Аднак не ўсё зло, што здараецца ў гэтым свеце, можна патлумачыць такім чынам, не заўсёды можна знайсці непасрэдных вінаватых.

Адказ Езуса вучыць нас інакш ставіць пытанне: не «за што», а «дзеля чаго» здараецца тая ці іншая рэч.

«Сталася гэта дзеля таго, каб праз яго [невідушчага] выявіліся справы Божыя», — кажа Настаўнік, і такое бачанне рэчаіснасці нам варта пераняць ад Пана адносна ўсяго, што адбываецца ў нашым жыцці — і добрага, і дрэннага. Ніводная падзея ў гэтым свеце не з’яўляецца апошняй кропкай у гісторыі. Перад чалавекам заўсёды ёсць выбар, у якім духу ўспрымаць здарэнні, і драматычныя сітуацыі вельмі добра паказваюць, у што мы верым і на што спадзяемся.

Магчыма, сляпы ад нараджэння ўжо не меў ніякай надзеі на аздараўленне; не ўяўляў, што яго існаванне можа выглядаць інакш. Адносна некаторых сітуацый, напэўна, мы ставімся падобным чынам: не бачым ніякай іншай магчымасці; не ўяўляем, што можа адбыцца, каб нешта змянілася.

У выпадку з гэтым сляпым чалавекам ініцыятыва перамяніць яго жыццё належыць Пану: Езус верыць, што «справы Божыя» могуць адбыцца там, дзе з чалавечага пункту гледжання няма ніякіх шанцаў. Аднак невідушчы мусіць супрацоўнічаць з тым, хто нясе яму аздараўленне: у адрозненне ад іншых гісторый, пра якія ведаем з Евангелляў, цуд не адбываецца «тут жа», але Езус выкарыстоўвае як сродак сваю сліну, перамешаную з зямлёй, і кажа сляпому пайсці абмыцца ў адлеглай купальні Сілаам (і такое заданне для сляпога, можам уявіць, не было лёгкім…). Гэта «тэст» ягонай веры, гэта педагогіка Пана, які не ўспрымае чалавека як марыянетку, але чакае, што ў даверы да Яго мы зробім сваю частку высілку.

Хто сляпы?

Далейшы аповед евангеліста Яна паказвае, як аздараўленне дзіўным чынам становіцца крыніцай складанасцяў для былога невідушчага. Спачатку суседзі, а потым і фарысеі не вераць таму, што адбылося, і ўцягваюць яго ў свае дэбаты, скіраваныя супраць Езуса. Аднак гэты нечаканы канфлікт на самым пачатку жыцця ў новай якасці для былога сляпога жабрака ператвараецца ў нагоду лепш зразумець, што адбылося з ім, і, што важней, акрэсліць сваю пазіцыю ў адносінах да Езуса.

Тут мы яшчэ раз знаходзім пацверджанне той праўды, што складанасці і перашкоды — не кара і не доказ нашай няправеднасці, а спосаб узрастаць у веры і цнотах.

Вызнанне Езуса Месіяй напрыканцы эпізоду — не менш важнае, чым зрок, што жабрак атрымаў дзякуючы Езусу. У гэтым заключаецца сапраўдная здольнасць бачыць: не проста карыстацца фізічным зрокам, але распазнаць у Езусе пасланага Богам Месію, Збаўцу.

Паралельна з тым, як былы сляпы паступова бачыць усё ясней не толькі святло зямное, але Таго, хто ёсць «святлом свету», евангеліст паказвае, як адбываецца адваротны працэс з фарысеямі, якія адмаўляюцца прызнаць «справы Божыя», здзейсненыя Езусам. Яны ўсё больш пагружаюцца ў цемру ўласных прадузятасцяў, закрываючыся на праўду. Евангелле ставіць перад намі пытанне пра нашу (ня)здольнасць бачыць: як часта мы становімся закладнікамі сваіх прадузятасцяў, не жадаючы прызнаць відавочнага? Як часта бліскучая мішура гэтага свету асляпляе нас, засланяе прастату праўды? Як часта мы бачым рэчы і людзей скажонымі, бо глядзім на рэчаіснасць праз прызму ўласных інтарэсаў, свайго эгаізму, жадання дамінаваць і кантраляваць усіх? Ці ж не дазваляем страху сказіць, пераблытаць прапорцыі таго, як выглядае стан рэчаў? Ці наш позірк часам не «загіпнатызаваны» негатывізмам, так што не ўмеем заўважыць прыгажосць, якая нас акружае? Ці жадаем узрастаць у благаслаўленні/шчасці тых, «хто не бачыў, а паверыў» (пар. Ян 20, 29)?..

Праўда, што большую частку інфармацыі з нашых органаў пачуццяў мы атрымліваем праз зрок. Аднак сучасная навука сцвярджае, што велізарная частка нават фізічнай рэчаіснасці недаступная чалавечаму воку: для яе пазнання патрэбныя зусім іншыя інструменты. Гэты факт дапамагае нам усвядоміць у пакоры, што можам толькі прымаць на веру — ці з верай/даверам — тое, што нябачна. «Я не гляджу, як глядзяць людзі, бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца», — кажа Бог Самуэлю ў сённяшнім першым чытанні.

Няхай Пан дасць нам здольнасць бачыць так, як Ён бачыць, і тады мы будзем па-сапраўднаму відучшымі.

…што значыць «пасланы»

Евангеліст Ян узгадвае ў сваім аповедзе пэўныя дэталі, якія зусім не другасныя, але маюць сімвалічнае значэнне. Затрымаемся над тым, што Езус кажа сляпому пайсці абмыцца ў купальні Сілаам, якая знаходзілася на адлегласці каля аднаго кіламетра на поўдзень ад святыні. Як тлумачыць евангеліст, назва купальні перакладаецца «пасланы». Крыху раней Езус кажа пра сябе (не ў першы раз у Евангеллі) як пра «пасланага» ў гэты свет сваім Айцом.

Сустрэча з Езусам гэтага чалавека на шляху аздараўлення працягваецца ў тым месцы, куды ён ідзе ў паслухмянасці слову Пана, пасланага ў свет, каб прынесці сапраўднае, вечнае святло людзям. Адначасова аздароўлены сам становіцца пасланым: яму даверана сведчанне пра тое, што з ім адбылося, і пра Таго, хто перамяніў яго жыццё. Хоць першы яго аповед сустракаецца з супрацівам, гэта зусім не азначае, што яго дзеянні бессэнсоўныя. Трэба спадзявацца, што пазней яго сведчанне перад многімі іншымі людзьмі прынесла багаты плён веры.

Можам тут узгадаць яшчэ аднаго чалавека, які стаў сляпым на тры дні па дарозе ў Дамаск, а пасля таго, як да яго вярнуўся зрок, стаў «пасланым», апосталам — Саўла, будучага Паўла.

Езус ператварае сваіх вучняў у апосталаў, пасланых несці сведчанне пра Яго: гэта датычыцца і нас, нават калі кола людзей, перад якімі маем магчымасць сведчыць, вельмі абмежаванае.

Адкрыемся на тое святло, што нясе нам Сын Айца, пасланы да нас, і будзем несці сведчанне пра Яго. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа