Пошук

19.03.2024 12:18   Паводле: Niedziela.pl / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Вольга Гузлова

У Каталіцкім Касцёле існуе традыцыя, пачынаючы з Пятай нядзелі вялікага Посту, якая сёлета прыпала на 17 сакавіка, закрываць крыжы ў святынях фіялетавай тканінай.

Лічыцца, што велікапосная традыцыя закрываць крыжы, а часам таксама і абразы ў касцёлах бярэ пачатак ад сярэднявечнага звычаю закрываць алтар спецыяльным сукном. Гэта мела сваю сімволіку, каб такім чынам як быццам «схаваць» ад вачэй грэшных людзей найбольш святыя рэчы, якія стануць даступнымі для іх позірку тады, калі яны паяднаюцца з Богам і Касцёлам. У прэзбітэрыях святыняў у тыя часы таксама выкарыстоўвалі так званую «посную заслону».

Гэты звычай закрануў і крыжы. З першых стагоддзяў хрысціянства крыж успрымаўся як сімвал пасхальнай перамогі Хрыста над грахом і смерцю.

Таму на крыжах першапачаткова не змяшчалі выяву ўкрыжаванага Збаўцы. Крыжы аздаблялі каштоўнымі камянямі і рознымі дэкаратыўнымі элементамі менавіта на знак Хрыстовай перамогі і хвалы Яго ўваскрасення, што было спалучана з надзеяй на наша ўласнае ўваскрашэнне і вечнае жыццё.

Калі ў Сярэднявеччы на крыжах пачалі з’яўляцца фігуры Езуса, то гэта былі выявы не ўкрыжаванага, а пераможнага Хрыста Валадара з каронай на галаве, часта ў аздобленых каралеўскіх шатах. Таму на час Вялікага посту — перыяд пакаяння і адрачэння — крыжы і абразы было прынята закрываць. Такім чынам увага вернікаў засяроджвалася перадусім на муках і смерці Хрыста як ахвяры адкуплення і ўміласціўлення за грахі.

Гэтая традыцыя мае таксама абгрунтаванне ў Святым Пісанні.

Яе звязваюць, між іншым, з наступнымі словамі з Евангелля паводле Яна: «Тады яны схапілі камяні, каб кінуць у Яго, але Езус укрыўся і выйшаў са святыні» (Ян 8, 59). Першапачаткова крыжы і абразы закрываліся на ўвесь перыяд Вялікага посту. Прыкладна з XVII стагоддзя гэтая традыцыя стала ахопліваць час ад Пятай нядзелі Вялікага посту да заканчэння літургіі Вялікай пятніцы. Абразы адкрывалі непасрэдна перад пачаткам Пасхальнай Вігіліі ўвечары ў Вялікую суботу.

Падчас рэформы Літургічнага календара, якая стала адным з наступстваў Другога Ватыканскага Сабору і адбылася ў 1969 годзе, было вырашана, што гэтую традыцыю можна захаваць, калі так вырашаць паасобныя канферэнцыі біскупаў для сваёй тэрыторыі. Такім чынам, гэты звычай да цяперашняга часу існуе ў Беларусі і ў суседніх краінах.

Паводле душпастрыскіх меркаванняў, гэтую прыгожую традыцыю варта падтрымліваць яшчэ і таму, што, калі на штосьці глядзіш штодзённа, вока, як кажуць, «замыльваецца»: губляе адчувальнасць і ўспрымальнасць.

Так і крыж можа з часам ўспрымацца проста як прывычная частка касцёльная інтэр’еру. Калі ж крыж закрываецца, вернікі могуць глыбей усвядоміць тое, што на ім сапраўды адбылося і наколькі гэта важна для нашага збаўлення.

Тады ўся Пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста перажываецца паўней як свята канчатковай перамогі Езуса, здабытай Ім на крыжы.

Абноўлена 19.03.2024 12:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця