Пошук

15.02.2024 05:55   Паводле: кс. Лявон Несцер ОМІ / Misyjne.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Адкуль узнікла практыка посту і як яна змянялася на працягу стагоддзяў, тлумачыць ксёндз Лявон Несцер ОМІ, выкладчык патрыстычнай тэалогіі на тэалагічным факультэце Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве.

У Бібліі ідзе гаворка пра практыку частага і рэгулярнага посту ў акрэсленыя дні тыдня. У Евангеллі паводле святога Лукі (гл. Лк 18, 12) згадваецца пра рэгулярны пост фарысея, які посціцца два разы на тыдзень і ганарыцца гэтым. У «Дзідахэ», творы ІІ стагоддзя, юдэйскі пост супрацьпастаўляецца посту хрысціянаў. Адсюль пры нагодзе можна даведацца, у якія дні пасцілі пабожныя юдэі.

Дык вось, ізраэльцяне практыкавалі пост па панядзелках і чацвяргах, хрысціяне ж посцяць па серадах і пятніцах.

Практыку посту ў сераду і пятніцу пацвярджае Арыген і іншыя пісьменнікі. Абодва гэтыя дні звязаныя з Мукай Хрыста: серада звязана са здрадай Юды і арыштам Езуса, а пятніца — з Яго смерцю. Менавіта тады быў забраны Хрыстус як Жаніх, у памяць чаго Яго вучні посцяць (пар. Лк 5, 35).

У Тэртуліяна праводзіцца адрозненне паміж устрыманнем ад ежы, абмежаваннем у ёй (так званы «сухі пост» — ксерафагія) і стацыяй як прыёмам ежы у больш позні час. Стацыя распачыналася раніцай Эўхарыстыяй, якая разам з больш працяглай малітвай асвячала ў гэтыя дні пост. З цягам часу, як на пачатку V стагоддзя ў Рыме, назва стацыя перайшла на літургічны сход з удзелам Папы, духавенства і вернікаў у адным з рымскіх касцёлаў.

Пасхальны пост

Натуральным чынам хрысціяне адчувалі патэбу ў посце перад урачыстасцямі Пасхі, або святкаваннем Змёртвыхпаўстання Пана, успамінаючы муку і смерць Хрыста. Фармальнае сведчанне такіх практык сустракаюцца пад канец ІІ стагоддзя ў святога Ірэнэя. У кантэксце дэбатаў адносна дня святкавання Пасхі Ірэнэй піша Папу Віктару, што не толькі гэтая ўрачыстасць, але і пост, які ёй папярэднічае, з’яўляюцца прычынай супярэчнасцяў. Паколькі адны посцяць дзень перад Пасхай, іншыя — два дні, іншыя — яшчэ даўжэй. Аднак складаецца ўражанне, што пост, пра які піша Ірэнэй, не выходзіў па-за межы Вялікага тыдня.

У любым выпадку, пасхальны пост, які працягваўся да літургіі Пасхальнай вігіліі, строга захоўваўся ў старажытным Касцёле.

Яго значэнне павялічвалася у сувязі з практыкай хросту катэхуменаў у Вялікую суботу. У «Дзідахэ» рэкамендуецца пост, які працягваецца дзень або два перад хростам.

Неўзабаве час посных практык павялічыўся да цэлага тыдня, які папярэднічаў святу Змёртвыхпаўстання Пана. Святы біскуп Дыянісій Александрыйскі (памёр каля 264 г.) напісаў ліст Базылідэсу, які сведчыць пра існаванне ў александрыйскім Касцёле шасцідзённага посту, што папярэднічаў Пасхе. Пазней гэты перыяд павялічыўся яшчэ на некалькі тыдняў, пакуль не дайшло да сарака дзён, і такім чынам склалася традыцыя Вялікага посту.

Біблійны пост

Сорак дзён — гэтая лічба мае багатую біблійную сімволіку. Тэалагічнае значэнне гэтага перыяду выходзіць па-за межы практычнага сэнсу, які мае на ўвазе падрыхтоўку да Пасхі.

Ён звязаны з саракадзённым постам Майсея перад заключэннем Запавету з Ягвэ, з саракагадовым вандраваннем ізраэльцянаў па пустныі, з саракадзённым постам Іллі па загадзе Бога, з саракадзённым пакаяннем жыхароў Нінівы, якія навярнуліся дзякуючы пропаведзі прарока Ёны, а перадусім з саракадзённым знаходжаннем Хрыста ў пустыні.

Ужо ў 325 годзе Першы Нікейскі Сабор згадвае пра перыяд у сорак дзён, які папярэднічае Пасхе, а святы Геранім (памёр каля 420 г.) сцвярджае, што для хрысціянаў такі пост з’яўляецца чымсьці відавочным: «Мы посцім на працягу аднаго саракадзённага перыяду, паводле апостальскай традыцыі, згодна з усім светам». Фармаванню Вялікага посту спрыяла таксама неабходнасць даўжэйшага часу на падрыхтоўку да хросту перад Вялікай суботай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця