Пошук

22.11.2023 14:02   Паводле: КАІ / Catholic.by
Святая Цэцылія і анёл. Мастакі Арацыё Джэнцілескі і Джаванні Ланфранка / britannica.com

22 лістапада ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святой Цэцыліі, панны і мучаніцы.

Культ святой шырока распаўсюджаны. З Сярэднявечча яна лічыцца апякункай касцёльнай музыкі і спеваў.

Паводле аднаго папулярнага сярэднявечнага збору жыццяпісаў святых «Залатая легенда» Якуба дэ Варагінэ, імя Цэцылія паходзіць ад лацінскіх словаў Cæli lilia — «лілея нябёсаў».

Як апавядае легенда, якая адносіцца да V стагоддзя, Цэцылія жыла на мяжы ІІ і ІІІ стагоддзяў у багатай сям’і ў Рыме. Ужо ў раннім юнацтве яна дала шлюб чыстасці, і калі бацькі выдалі яе замуж за язычніка Валяр’яна, у першую шлюбную ноч сказала яму пра свой шлюб і дадала, што яе абараняе магутны анёл.

Святая Цэцылія (фрагмент). Мастак Гвідо Рэні / wikiart.org

Калі Валяр’ян пажадаў убачыць гэтага анёла, Цэцылія прапанавала яму прыняць хрост. З просьбай ахрысціць яго Валяр’ян звярнуўся да Папы Урбана І, пасля чаго ўбачыў анёла, які Цэцыліі і яму ўскладаў на галаву вянкі з райскіх руж і лілій. Неўзабаве хрост прыняў і брат Валяр’яна Тыбурцый.

Усе разам яны з клопатам падтрымлівалі пераследаваных хрысціянаў, і нарэшце самі былі схоплены і асуджаны на смерць.

Абодвум братам пасля катавання адсеклі галовы. Цэцылію на працягу многіх дзён катавалі. Ёй тройчы спрабавалі адсекчы галаву, але яна памерла толькі праз тры дні ад атрыманых ранаў. Гэта здарылася 22 лістапада 230 года.

Скульптура св. Цэцыліі ў галоўным алтары касцёла за Тыбрам. Скульптар Стэфано Мадэрна / Wikipedia commons

Цела святой было па распараджэнні Папы Урбана пахавана ў цэнтры катакомбаў Калікста. У 821 годзе яе рэліквіі па распараджэнні Папы Пасхалія І былі з пашанаю перанесена ў касцёл святой Цэцыліі за Тыбрам, пабудаваны на падмурках яе роднага дома. Падчас перабудовы святыні ў 1599 годзе яе рэліквіі былі знойдзены нятленнымі. Іх увекавечыў у 1600 годзе скульптар Стэфано Мадэрна. Яго скульптура, што выяўляе святую Цэцылію, якая ляжыць з завязанымі вачыма і са звязанымі рукамі, да гэтага часу знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла за Тыбрам, а адна з першых копій — у катакомбах Калікста.

Як жа так сталася, што з ранняга Сярэднявечча святая Цэцылія лічыцца апякункай музыкі, музыкаў, спевакоў і вытворцаў музычных інструментаў, а таксама паэтаў?

Мяркуюць, што гэта магло адбыцца за памылкі, або, дакладней, з-за не зусім карэктнага прачытання антыфоны VIII стагоддзя з Літургіі гадзінаў: Cantantibus organis Cæcilia virgo in corde suo soli Deo decantabat dicens — «Калі загучалі інструменты, панна Цэцылія ў сваім сэрцы спявала адзінаму Богу». Таму святую Цэцылію на абразах найчасцей можна ўбачыць з арганам і іншымі музычнымі інструментамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця