Пошук

06.04.2020 09:59   Тэкст: А. Брэндан МакМанус SI / Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

На працягу Вялікага посту прапануем распачынаць новы тыдзень працы і вучобы з ірландскім езуітам айцом Брэнданам МакМанусам SI, які на ўласным досведзе паказвае, наколькі актуальнай з’яўляецца спадчына святога Ігнацыя Лаёлы, які жыў у XVI стагоддзі.

Яго афарызмы — гэта ігнацыянскія правілы на практыцы. Яны карысныя і 15-гадовым, і тым, хто быў такім шмат гадоў таму. Цытаты з правілаў святога Ігнацыя Лаёлы ўзятыя ў чырвоныя двукоссі.

***

13. Самы цёмны час — перад світаннем

«І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў» (Лк 22, 62). Адрачэнне Пятра. Мастак Робэрт Антанін Ляйнвэбер / Wikipedia.org

Натуральна, нам хочацца, каб усё атрымлівалася лёгка, хочацца пазбегнуць болю, наколькі гэта толькі магчыма.

Парадаксальным чынам, найбольш цяжкія і балючыя падзеі майго жыцця сталіся і самымі каштоўнымі: адмаўленне ад працы ў ІТ-сферы з патыднёвай аплатай дзеля ўступлення ў ордэн езуітаў; адаптацыя да хаатычнага, але цудоўнага жыцця ў Паўднёвай Амерыцы; ацаленне падчас Каміно, якім я ішоў у памяць аб маім памерлым браце.

У кожным выпадку справы пагаршаліся перад тым, як палепшыцца.

Мне вельмі дапамог адзін артыкул, які я прачытаў у Калумбіі, на тэму працэсу ўваходжання ў іншую культуру. Мы наіўна мяркуем, што прагрэс уяўляе сабой лінейны рост, але насамрэч гэта крывая ў форме парабалы. Ёсць пачатковы перыяд, «мядовы месяц», калі ўсё здаецца цудоўным, потым адрозненні пачынаюць раздражняць, і нарэшце вы хочаце здацца і паехаць дадому, таму што ўсё занадта складана (самы ніз крывой), але калі не замнуцца ў сабе, а паспрабаваць інтэгравацца, — узнагарода будзе велізарнай з пункту гледжання новых навыкаў, выжывання і развіцця.

Па ўсёй верагоднасці, гэтую схему можна прыкласці амаль да любой перамены: усё робіцца горш перад тым, як стаць лепш (такі духоўны працэс некаторыя называюць «цёмнай ноччу» або «Крыжовым Шляхам»). Разуменне гэтага працэсу вельмі дапамагае, таму што чалавек тады ведае, чаго чакаць, настройваецца адпаведным чынам і, што асабліва важна, ведае, як даць рады ў сапраўды цяжкі час, праз які давядзецца прайсці, каб убачыць святло ў канцы тунэля.

Вы павінны прайсці праз досвед Крыжа ці Мукі, каб ацаніць каштоўнасць святла.

14. Верце ў большае

П’ета з Вільнёў-лез-Авіньён. Мастак Ангеран Картон / Wikipedia.org

Безумоўна, многае залежыць ад таго, як вы ўспрымаеце сябе, свет і тое, што можна назваць «Божым планам».

Што і казаць, у рэлігій ёсць свае недахопы, прыклады арганізацыйных правалаў ніколі не былі настолькі абуральнымі і катастрафічнымі, як ва ўлонні рэлігіі. Я ж маю на ўвазе асабісты досвед, тое, што надае сэнс, дапамагае растлумачыць і жахлівыя трагедыі, і радасці жыцця, напаўняе значэннем нашыя ўчынкі. У адваротным выпадку ні ў чым няма сэнсу, як сцвярджаюць экзістэнцыялісты.

Аднак жа я зразумеў, што існуе пласт сэнсу, які дасягаецца праз малітву і разважанне аб перажытым; ён паказвае ясны шлях, пераадольвае прэтэнзіі эга, дазваляе шчыра дапамагаць людзям і свету.

Ёсць істотная сувязь паміж нашым унутраным жыццём, Божай любоўю і служэннем у якасці Яго прыладаў у свеце.

Спажывальніцтва і матэрыялізм у канчатковым рахунку вядуць да пусткі і не задавольваюць унутраны голад, таму што распрадаюць чалавечнасць і патураюць жорсткаму эгаізму. Ёсць іншы лад жыцця.

Даверцеся вышэйшай сіле; адкіньце сябе, станьце свабоднымі ад эга.

15. Дазвольце жыццю вучыць сябе

Тры Марыі перад пустой грабніцай Хрыста. Мастак Дучо дзі Буонінсэнья. / Рinterest.com

Верагодна, гэта найбольш вычарпальнае выказванне, якое ахоплівае ўсе вышэйзгаданыя элементы. Ёсць энергія, або сіла (некаторыя называюць яе Боскай ці проста Богам), якая з’яўляецца галоўнай для жыцця і росквіту чалавека.

Хоць існуе шмат ідэй, нават ідэалогій аб тым, як трэба жыць і што з’яўляецца важным, яны не пазбаўляюць ад складанасцяў і выклікаў рэальнага жыцця.

Тое, як мы разыгрываем канкрэтныя карты: асабістыя абмежаванні, гены, характар, сям’ю, умовы і г.д., — вось што насамрэч вызначае нас. Часта гэта выяўляецца ў тым, якую вы абралі паставу: горычы або ўдзячнасці за тое, дзе вы апынуліся, а таксама ў тым, як вы ўзаемадзейнічаеце з наяўнымі варыянтамі. Я не адмаўляю вялізнага ўплыву сацыяльнай і культурнай няроўнасці, але, тым не менш, існуе паняцце фундаментальнага выбару — як мы падыходзім да праблемаў і магчымасцяў.

Адказы часта знаходзяцца ў заблытанай і вельмі складанай рэальнасці, у якой мы існуем.

Папа Францішак кажа, што «Бог ёсць у рэальнасці», што Ён занураны і ўключаны ў штодзённасць жыцця. Нягледзячы на тое, што ўцёкі ў фантазію — цалкам магчымы варыянт, на самай справе там няма адказаў.

Калі толькі неверагодная заможнасць не вызваліла вас ад звычайных абмежаванняў (ізалявала ад рэальнасці), вам, як і большасці людзей, даводзіцца мець справу з перавагамі і недахопамі, адмоўнымі і станоўчымі элементамі, якія прапануюць цяжкія задачы і магчымасці. Жыццё мае свой спосаб выпрабаваць нас, даючы нам дылемы і крызісы, якія прымушаюць пільна даследваць і старацца распазнаць шлях цераз перашкоды. Хоць стаўкі вельмі высокія, а наступствы рэальныя і непазбежныя, звычайна выйсце ёсць, і надзея — нашае праводнае святло.

Бог заўсёды з намі.

Абноўлена 06.04.2020 10:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця