Пошук

27.08.2020 12:29   Паводле: Кшыштаф Тамасік / КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота кс. Аляксандра Уласа

У сераду 26 жніўня Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ апублікавала інтэрв’ю з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, у якім кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату выказаўся пра прызначэнне Патрыяршым Экзархам епіскапа Веніяміна і пра сітуацыю ў Беларусі.

— Важнай падзеяй у Беларусі ў апошні час стала прызначэнне новым кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы епіскапа Веніяміна (Тупекі). Як вы ацэньваеце гэтае прызначэнне?

— Гэтае прызначэнне адбылося па рашэнні Сіноду Рускай Праваслаўнай Царквы, які 25 жніўня распачаў пасяджэнне ў Маскве. Са сваёй пасады сышоў Мітрапаліт Павел, які на працягу апошніх сямі гадоў кіраваў Праваслаўнай Царквой у Беларусі. Замест яго быў прызначаны епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін.

У Беларусі ён вядомы як сціплы чалавек малітвы.

Па адукацыі ён радыёфізік. У 2010 годзе ён стаў вікарным епіскапам Мітрапаліта Філарэта, а потым Паўла. Праваслаўныя святары маюць пра яго добрае меркаванне. Важна тое, што ўпершыню Экзархам стаў грамадзянін Беларусі, які нарадзіўся ў гэтай краіне. Яго папярэднік быў расіянінам, і да гэтага ставіліся па-рознаму. Цяпер у гэтым кантэксце, хіба што, пытанняў не будзе.

— Вы знаёмыя з ім?

— Знаёмыя, але вельмі мала. Шмат кантактаў у мяне было з Мітрапалітам Паўлам.

— Гэта добры выбар для Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гэты гарачы час?

— Мне цяжка сказаць: я мала ведаю чалавека. Не чуў ніводнай яго прамовы. Магу толькі спаслацца на тое, што пішуць беларускія і расійскія СМІ, якія называюць яго «добрым чалавекам».

— Як вы ацэньваеце цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, якая дынамічна змяняецца? Ці будзе дасягнута згода, ці працягнецца эскалацыя канфлікту?

— На жаль, працягваецца канфрантацыя. Пратэсты не спыняюцца.

Ніхто не спрабуе распачаць дыялог, хоць Праваслаўная Царква, Каталіцкі Касцёл, пратэстанты, юдэі і мусульмане ўвесь час да гэтага заахвочваюць.

Пра дыялог таксама ўвесь час гаворыць апазіцыя. Сітуацыя застаецца патавай. Няма таксама асаблівага жадання пасрэдніцтва паміж уладамі і апазіцыяй з боку краін Еўрапейскага Саюзу. Мы чуем пра спробы ў гэтым кірунку з боку некаторых дзяржаўных лідараў, між іншым канцлера Германіі Ангелы Меркель, але пакуль яны не далі ніякіх вынікаў.

Хоць штосьці зрушылася. Генеральная пракуратура Беларусі стварыла міжведамасную камісію, якая павінна расследаваць акты насілля, якія адбыліся на вуліцах беларускіх гарадоў. Пра гэта ў мінулую пятніцу мяне асабіста паінфармаваў міністр унутраных спраў Беларусі. Добра, што яна створана, але невядома, хто ўваходзіць у яе склад і як яна будзе дзейнічаць.

— Ці ў працэс стабілізацыі сітуацыі ўключыўся Каталіцкі Касцёл і іншыя канфесіі і наколькі актыўна?

— Шырокі рэзананс атрымала міжканфесійная і міжрэлігійная малітва за Бацькаўшчыну на мінулым тыдні. Мы пепрадусім заахвочваем да дыялогу і прабачэння. Гэта, напэўна, вельмі цяжка, асабліва для тых, хто пацярпеў. Асаблівую небяспеку нясе з сабою паглыбленне падзелу ў грамадстве.

Цялесныя раны загояцца, але духоўных ран не ўдасца хутка залячыць. Таму вялікую ролю ў гэтым павінны будуць адыграць усе хрысцяінскія Цэрквы і супольнасці, а таксама прадстаўнікі іншых рэлігій, якія дзейнічаюць у Беларусі.

Мы перадусім заахвочваем да дыялогу, з якога можа нарадзіцца прабачэнне.

— Прэзідэнт Лукашэнка перасцерагае, каб канфесіі не ўмешваліся ў палітыку…

— Ні Каталіцкі Касцёл, ані іншыя Цэрквы і рэлігійныя супольнасці не займаюцца палітыкай. Як католікі мы кіруемся сацыяльным вучэннем Касцёла. Паводле прынцыпаў, якіх прытрымліваецца таксама Праваслаўная Царква, мы маем права ацэньваць тое, што адбываецца, з маральнага пункту гледжання.

Мы не падбухторваем людзей, а заклікаем да згоды і прымірэння.

— Таму вы верыце ў тое, што падзеі ў Беларусі завершацца мірна?

— Так, я на гэта спадзяюся. Беларусы па сваёй натуры людзі мірныя. Надзею падмацоўвае і тое, што пасля трох дзён пратэстаў з чалавечымі ахвярамі цяпер стала адносна спакойна, хоць увесь час працягваюцца затрыманні. На шчасце, да актаў насілля справа не даходзіць.

Таксама, як і іншыя рэлігійныя лідары ў Беларусі, я гляджу ў будучыню з надзеяй, без якой наогул немагчыма жыць.

— Чым цяпер можа дапамагчы беларускаму народу Касцёл у Польшчы?

— Ад Касцёла ў Польшчы мы чакаем перадусім салідарнасці і малітвы. Арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, кіраўнік польскага епіскапату, ужо звярнуўся з такім заклікам да палякаў. Будзе добра, калі на яго адгукнецца як мага больш людзей, якія будуць памятаць пра Беларусь. Пакуль мы чакаем толькі гэтага. Магчыма, будучыня падкажа і іншыя формы дапамогі.

— А з боку польскіх уладаў?

— Ад польскіх уладаў мы перадусім жадаем, каб разам з усім Еўрапейскім Саюзам выступілі ў ролі пасрэднікаў, каб нарэшце бакі канфлікту селі за стол перамоваў.

Размаўляў Кшыштаф Тамасік / КАІ

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.