Пошук

04.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 11

«Маўчанне вуснаў навучыць нас многаму: размаўляць з Хрыстом, цешыцца ўнутранай цішынёй і ўсведамленнем таго, што так шмат трэба Яму сказаць. Калі мы пагружаемся ў бязмоўнасць, Хрыстус прамаўляе да нас праз іншых, а падчас медытацыі звяртаецца непасрэдна. Маўчанне робіць нас вельмі падобнымі да Хрыста, бо Ён асабліва ўпадабаў гэтую цноту» (св. Маці Тэрэза).

Праслаўленнем Бога можа быць тваё ціхае жыццё. Праслаўленнем з’яўляецца цішыня, якую ты, насуперак усяму, знаходзіш у свеце і ствараеш вакол сябе.

Цішыня — незаменны складнік паўнацэннага жыцця: жыцця, поўнага радасці.

Сёння цішыня — гэта раскоша, таму што шум і грукат быццам бы авалодалі светам. Аўтарытэт здабылі балбатлівасць, пустаслоўе і крытыканства. Чалавек крычыць вонкі і ўнутры сябе. Крычаць бацькі і крычаць дзеці. Няма цішыні ні ў садочках, ані ў кляштарах, як кажа кардынал Рабэр Сара. Чалавек шуміць і моліцца на шум. Быццам усталяваўся культ ляманту і цывілізацыя цемры.

Калі Пан суцішыў буру на моры, настала «вялікая ціша» (Мк 4, 39). Ён дакладна ведае, што чалавеку карысна. Гэтай цішыні чалавек шукае ў глыбіні сваёй сутнасці. Сэрца чалавека прагне цішыні дзеля таго, каб жыць, пераадольваць перашкоды і, галоўнае, каб радавацца жыццю — у паўнаце і нягледзячы ні на што. Ціша — люстра душы. Ціша дазваляе адчуць смак прысутнасці Бога, які наведвае душу і перамяняе яе. Дазваляе пільна прыслухоўвацца да натхнення Духа Святога, глыбока прымаць і засвойваць Слова, каб яно — як піша Бэнэдыкт XVI — стала «формай жыцця» (Verbum Domini, 27).

Ілюстрацыйная выява: Pinterest

Зноў і зноў задаюся пытаннем пра значэнне цішыні і маўчання ў маім жыцці. Хачу сёння паразважаць над гэтым. Хачу спасцігнуць дар цішыні. Зразумець, каб прыняць. Цішыня — Божы дар. У ёй жыве сам Бог. Святая Маці Тэрэза з Калькуты кажа, што маўчанне — наймагутнейшая мова Бога Айца, Стварыцеля ўсяго існага. «Паглядзі на гэтае дрэва, на траву, на хмары… Ты іх бачыш? Яны маўчаць, але Пан гаворыць праз іх». Ён стварыў іх з любові да цябе і да мяне. Ён гаворыць праз іх, няспынна. Прырода — гэта велічнае праслаўленне Стварыцеля!

Грукат вайны руйнуе ўсё жывое на сваім шляху. Аднак ён можа навучыць мяне больш берагчы скарб сцішанасці і маўчання. Магчыма, з сённяшняга дня я буду больш шукаць цішыні ў адносінах з Богам і людзьмі. Буду імкнуцца больш слухаць іншых. Маўклівасць спрыяе ачышчэнню розуму і сэрца ад наступстваў вайны. Магчыма, упершыню з’явіцца мара аб васьмідзённых рэкалекцыях у поўным маўчанні — сам-насам з Богам, які здольны ацаліць мяне ад ляманту ўсіх маіх крыўдаў.

Чалавека, які знайшоў і дасведчыў цішыню, ужо не спыніць. Ён шукае глыбіні бязмоўя да канца свайго жыцця, каб у паўнаце дасягнуць гэтага ў вечнасці, у абдымках Таго, хто ёсць Цішай і прыходзіць у ціхім подыху ветру (гл. 1 Вал 19, 12).

Малітва ў цішыні неабходная, каб даць месца голасу Бога, даверыцца Яму безумоўна, упасці ў Яго абдымкі, каб Ён мог суправаджаць нас. Малітва словамі часта азначае ўцёкі ад поўнага даверу Богу ў цішыні свайго сэрца. Чалавеку часта не хапае цярплівасці. Таму Езус кажа пра людзей, якія шануюць Яго вуснамі, а сэрца іх далёка ад Яго (пар. Мк 7, 6).

У Вялікім посце гаворка ідзе пра вялікую цішу і маўчанне Бога, які змоўк на дрэве крыжа. Вялікі пост запрашае і мяне сціхнуць менавіта ў самым сэрцы свайго існавання, каб пачуць найглыбейшы голас Бога ўва мне: «Люблю цябе»…

Упадзі ў абдымкі Езуса, у абдымкі Айца, дазволь сябе абняць і прымі гэтую Дасканалую Любоў усім сэрцам. Бо толькі сэрца, поўнае Любові, не здатнае да крытыкі і зла. Дазволь Богу вылечыць твой язык ад крытыцызму, абгавораў іншых, насмешак над слабейшымі і кпінаў з чалавечых недахопаў падчас асабістай малітвы. Устрымайся ад крытыкі і вострых словаў, якімі можаш параніць сэрца блізкага чалавека.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.