Пошук

01.03.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 8

Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу. Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?» А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму? Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро». Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў — і яна стала здаровай, як другая. Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго.

(Мц 12, 9–14)

Праслаўленнем Бога з’яўяецца адкрытасць сэрца на дзеянне Бога ў жыцці. Праслаўленнем можа быць твая працягнутая рука, якая моліць аб дапамозе, але таксама гатовая дарыць любоў.

Езус прыйшоў аздаравіць рукі Адама і Евы, якія высахлі пасля таго, як яны працягнулі іх па забаронены плод. Вылечаная далонь адкрываецца, каб прыняць жыццё.

Адкрытасць далоні на прыняцце дару — справа жыцця і смерці. Немагчыма жыць, не беручы дары.

Сёння надзвычай важна заўважыць у сабе гэтага чалавека з усохлай рукой. Не трэба саромецца ці баяцца яго вызнаць. Ён дакладна ўва мне ёсць. Ці распазнаеш яго ў сабе?

Засохнуць можа мая рука, зняволеная некай «маёмасцю»: узгадаем таго багатага юнака, які прыйшоў да Пана, але не змог Яго прыняць і не адкрыўся на абдымкі Бога, які яго палюбіў.

Засохнуць могуць твае ногі, якія ўжо даўно перасталі быць носьбітамі спакою і прабачэння.

Засохнуць можа язык, які пустасловіць.

Засохнуць могуць вочы, якія не заўважаюць прыгажосці жыцця — насуперак усяму злу, а таксама вочы, якія не ў стане бачыць бедных.

Засохнуць можа сэрца, якое страціла адчувальнасць да няшчасця бліжняга.

Засохнуць можа розум, якому не хапае святла для распазнавання дабра і зла.

Засохнуць можа воля да барацьбы, зняволеная страхам захавання свайго жыцця нават цаной няволі.

Засохнуць могуць думкі, якія толькі асуджаюць.

Засохнуць можа голас, які не абвяшчае Евангелле.

Засохнуць можа вуха, якое не слухае, таму што ніколі не было пачутым.

Засохнуць можа сумленне, замерзнуць, быццам памерці.

Езус просіць чалавека: «Працягні сваю руку».

Ілюстрацыйная выява: Adobe Stock

Пане, сёння мы таксама прыходзім у святыню і просім Цябе: працягні свае любячыя рукі над намі, каб абараніць ад варожых сіл. І адкрый нас, просім, на святло Тваёй любові і Тваёй волі!

Увайдзі ў глыбіню свайго сэрца, адчыні ўсе запыленыя скрыні і шуфлядкі. Як часта тое, што месціцца ў іх, табе баліць? Баліць з-за перажытых крыўдаў, якія пакінулі раны на сэрцы.

Найбольш балючыя раны — атрыманыя ў дзяцінстве. Ты носіш іх як неацэнны скарб, хоць мог бы ўжо пазбыцца гэтага цяжару. Часта рэагуеш на гэтыя раны пачуццём страху, хаваешся, замыкаешся ў сабе або, наадварот, выбухаеш злосцю, атакуеш, крытыкуеш. І гэта ўсё з прычыны таго, што нешта ў табе крычыць ад болю. Але што? Езу, увайдзі ў самыя патаемныя куткі майго сэрца, выкрый усе мае раны, бо толькі Ты здольны ацаліць мяне.

Адсачы моманты, калі цябе хтосьці раніць. Затрымайся, калі цябе штосьці моцна закранае, нібы датыкаецца застарэлых шнароў, і зноў робіцца балюча. Паглядзі на гэтыя раны, пастарайся зразумець, чаму так баліць? Даверся Езусу, працягні свае далоні, поўныя болю, і прасі аб ласцы ацалення твайго сэрца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.