Пошук

28.02.2023 05:15   Пераклад: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Штодзённа на працягу Вялікага посту разам з «Прасторай малітвы» ўдзельнічаем у велікапосных анлайн-рэкалекцыях, у якіх нас суправаджае дасведчаны духоўны кіраўнік — украінскі езуіт айцец Міхайла Станчышын SІ.

Дзень 7

«Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры»

(Ян 12, 46).

Ты можаш праслаўляць Бога сваім уважлівым і цярплівым слуханнем Ягонага слова, пошукам Ягонай прысутнасці, засяроджанасцю на Ягонай Асобе і адкрытасцю на Ягоную волю.

Слова Божае нясе святло гэтаму свету. Слова кліча да існавання і спрыяе пазнанню таго, што існуе. Езус — святло свету. У Ім мы нараджаемся як сыны і дочкі Божыя. Вера заўсёды мае повязь са святлом. Яна дазваляе пазнаць гэтую рэчаіснасць. Хто верыць у Езуса, той змяніў сваё месцазнаходжанне: перамясціўся з цемры ў святло, перайшоў ад смерці да жыцця. Вера ў Сына асвятляе нас пазнаннем праўды пра нас саміх, пра Бога. Праўда пра Бога выяўляецца ў пазнанні Бога як Айца і нас як Яго дзяцей.

Быць у святле азначае шукаць перш за ўсё сустрэчы з жывым Богам.

Быць у святле — гэта не пра бліскучыя веды, не пра догматы, але пра сустрэчу з Ім, уваскрослым Хрыстом, Сябрам. Жанчына, грэшніца, прыходзіць у дом Сымона фарысея дзеля сустрэчы з Хрыстом. І ёй гэта ўдалося! Сымон, які запрасіў Езуса ў свой дом, не змог сустрэцца з Ім. Мабыць таму, што па па-сапраўднаму не хацеў гэтага, не шукаў, не ведаў… (Лк 7, 36–50).

А ты — ці прагнеш сёння? Якая твая вера? Ці шукаеш сустрэчы?

Вера неад’емна спалучана з сустрэчай з жывым Богам. Асновай хрысціянства з’яўляецца сустрэча з асобай Уваскрослага Хрыста. Веды пра Яго, тыя ж катэхезы, маюць значэнне, аднак не з’яўляюцца і не могуць быць асновай. Веды не збаўляюць. Для хрысціяніна заўсёды існуе небяспека «гнозісу», інакш кажучы, небяспека спыніцца на ўзроўні ведаў пра Бога. Хрысціянін можа трапіць у пастку пераканання, што дастаткова ведаў, культу і запаведзяў і не трэба шукаць большага, не трэба шукаць сустрэчы з жывым Богам — у Слове, сакрамэнце пакаяння, Эўхарыстыі, а таксама ў іншай асобе. Хрысціянін можа нават не ведаць пра існаванне магчымасці сустрэчы.

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Багаты юнак мае свае скарбы і сваё бачанне жыцця. А Езус прапануе яму большы скарб: асабістыя адносіны (Мк 10, 17–22). Хрыстус прапануе Сябе замест багацця. Сёрэн К’еркегор, дацкі філосаф (1813–1855), у адным са сваіх твораў навучае пра тры ўзроўні духоўнага развіцця хрысціяніна:

  1. Узровень эстэтыкі: калі для пачаткоўцаў маюць значэнне рытуалы, абразы, кадзіла і традыцыі.
  2. Узровень этыкі: калі для больш дасведчаных важнымі робяцца запаведзі, маральна правільнае жыццё. Мы ўжо не разважаем пра абразкі, але пра тое, як выконваць запаведзі і любіць.
  3. Узровень рэлігійнасці: найвышэйшы ўзровень асабістых адносінаў, узровень сустрэчы і сяброўства з Езусам. Эстэтыка і этыка засяроджваюць нашую ўвагу на традыцыі і на захаванні запаведзяў. На ўзроўні асабістай сувязі Езус пытаецца, кім Ён з’яўляецца для вучня і колькі месца займае ў яго сэрцы.

Багатаму юнаку гэты ўзровень недасяжны, таму ён вымушаны адысці, маркотны і смутны. Дзе ты знаходзішся цяпер і дзе хацеў бы быць?

Сустрэча з Езусам — гэта ласка і святло, якія мы атрымліваем, калі шукаем Яго.

Якога Бога ты ведаеш? Багаццем юнака мог быць яго скажоны вобраз Бога (напрыклад, тырана), якому ён маліўся і ад якога не здолеў адмовіцца. Ён мог спалохацца Езуса. Багаты юнак мог маліцца да традыцый і абразоў, якія не з’яўляюцца Богам, а толькі «вокнамі» да святла і да пазнання жывога Бога і Яго любові.

Пане, дазволь Цябе «больш шукаць, каб больш любіць і наследаваць» (св. Ігнацый Лаёла). Навучы прабываць у святле Твайго Слова! Дапамажы мне распазнаваць у бліжнім святло Тваёй прысутнасці! Няхай усё стварэнне, напісанае Табой, як «цудоўная кніга», стане для нас святлом Тваёй прысутнасці (Папа Францішак, Laudato Si’, 85).

Праслаўляю Цябе, Пане!

Пане, штодня Ты ствараеш для мяне бязмежную колькасць дабра, падстаўляеш мне плячо, каб я меў апору, пракладаеш новыя масткі, каб я мог вярнуцца на Твой шлях. Прамаўляеш, але я, як тая згубленая авечка, сярод безлічы гукаў гэтага свету так часта не чую Твайго голасу. Ты паказваеш мне сапраўдны, высцелены Тваёй міласэрнасцю шлях, але я, як сляпы, блукаю, шукаючы дарогі без перашкодаў. Ахінаеш маё сэрца бязмежнай Любоўю, але яно застаецца зачыненым. Дзейнічаеш цягам дня праз іншых людзей, але я не маю адвагі гэта прыняць.

Езу, прабач, што не давяраю Табе і ў выніку блукаю ў цемры гэтага свету.

Уяві на момант, што ты, прачнуўшыся, атрымаў толькі тое, за што падзякаваў учора Пану! Сустрэнься сёння з Эўхарыстычным Езусам і прасі, каб Ён спадарожнічаў табе і далей. Прысвяці час на тое, каб пабыць з Езусам блізка-блізка. Ён чакае цябе, услухайся сэрцам у тое, што Ён кажа. Так пачуеш больш.

Абноўлена 28.02.2023 06:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця