Пошук

25.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
«Звеставанне». Фрэска, мастак Фра Анджэліко

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Лк 1, 26–38

На пачатку сённяшняга Евангелля святы Лука ўдакладняе, што падзея Звеставання Пана адбываецца праз шэсць месяцаў пасля зачацця Яна Хрысціцеля. Лічбу «шэсць» мы можам прачытаць у кантэксце шостага дня стварэння, у які «стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 27).

Праз таямніцу Богаўцелаўлення, у якой «неба цалуе зямлю», у гісторыю ўваходзіць вечнасць.

Гэта першы акт хрысціянскай гісторыі адкуплення, у якім паслухмянасць Панны Марыі ўраўнаважвае непаслухмянасць Евы.

Евангельскі тэкст паказвае нам анёла Габрыэля, пасланага Богам. З габрэйскай мовы мы можам перакласці гэтае імя, як «Бог моцны». У біблейскіх тэкстах анёлы заўсёды блізкія да Бога, а іх галоўная функцыя — абвяшчаць ад імя Бога ці выконваць дзеянне па загадзе самога Богам. Анёлы з’яўляюцца прадстаўнікамі збаўчай Божай сілы. З аднаго боку, прысутнасць анёла ў сцэне Звеставання ўказвае на асаблівую ласку, якою Бог ахінае Марыю, а з другога — на збаўчы характар гэтай падзеі.

Звяртаючыся да Марыі, анёл Габрыэль паўтарае словы прарока Ісаі, якімі той прадказаў нараджэнне Месіі ад Панны: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль, што значыць Бог з намі» (Іс 7, 14; пар. Мц 1, 21). Словы прароцтва знаходзяць увасабленне ў Марыі, якой анёл паведамляе: «Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца» (Лк 1, 31–33).

Прыметнік «вялікі», якім акрэслівае анёл Езуса, у Старым Запавеце найчасцей адносіўся да Бога: «Нікога нельга параўнаць з Табою, Пане! Ты — вялікі і вялікае ды магутнае Тваё імя!» (Ер 10, 6).

Выкарыстоўваючы менавіта гэты прыметнік, евангеліст хоча падкрэсліць боскасць Езуса ад самога моманту зачацця.

Асоба Езуса вызначаецца як «Сын Найвышэйшага». Такім чынам, Езус — Сын Божы, у якім адкрываецца аблічча Бога і Божы план збаўлення. Указваючы такім чынам на паходжанне Езуса ад Бога Айца, евангеліст таксама падае генеалогію чалавека (пар. Лк 3, 23–38), падкрэсліваючы паходжанне Езуса ад караля Давіда.

Гэтыя словы становяцца больш зразумелымі ў кантэксце прароцтва Натана цару Давіду: «Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады Я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Ён збудуе дом Майму імені, а Я ўмацую трон яго панавання навекі. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам. Калі ён учыніць беззаконне, Я пакараю яго людскою розгаю і ўдарамі чалавечых сыноў. Але міласэрнасці сваёй не адыму ў яго, як адняў у Саўла, папярэдніка твайго, якога Я адкінуў. І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі» (2 Сам 7, 12–16).

«Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?» (Лк 1, 34) — пытаецца Марыя ў анёла Габрыэля, закранаючы таямніцу «сумяшчэння» мацярынства і дзявоцтва. Адказ Анёла грунтуецца на акцэнтаванні стваральнага ўмяшальніцтва Бога: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага» (Лк 1, 35–37).

Марыя, задаючы пытанне, пацвярджае сваё дзявоцтва і сваю адкрытасць дзеянню Божай моцы, для якой няма нічога немагчымага.

Таму яна становіцца Маці Божага Сына праз дзеянне Святога Духа.

У тэалогіі святога Лукі Дух Святы найчасцей выконвае дзве функцыі. З аднаго боку, натхняе, асвячае, дае здольнасць да навучання і сведчання (пар. Лк 1, 41. 67; 10, 21; 12, 12), з другога — з’яўляецца стваральнай моцай (пар. Лк 1, 35; 4, 14; Дз 1, 8). Дух Святы будуе ўнутраную гармонію стасункаў Марыі і Сына, якая дазволіць Ёй рэалізаваць у паўнаце сваё мацярынства адносна Езуса і суправаджаць Яго ў выкананні Божага плану збаўлення.

Згода Марыі, якая выражаецца ў словах «вось я слуга Пана, няхай мне станецца паводле Яго слова» (Лк 1, 38), перадае Яе адкрытасць Богу. У грэчаскім тэксце Евангелля ад Лукі ўсім нам вядомае лацінскае fiat Марыі перададзена ў рэдкай форме дзеяслова γένοιτό, выкарыстанага ў адмысловай граматычнай форме, якая зазвычай паказвае на характар жадання, але ў гэтым выпадку набывае значэнне пакорнага прыняцця і згоды. Менавіта гэты дзеяслоў у дадзенай форме вельмі часта ўказвае на габрэйскую тэксталогію евангеліста Лукі, дзе гэтае слова адпавядае габрэйскаму слову «амэн».

У гэтым кантэксце fiat Марыі набывае характар асабліва ўрачысты і радасны, напоўнены не толькі паслухмяным прыняццем волі Айца Нябеснага, але перш за ўсё цвёрдай і непахіснай верай, чыстай і даверлівай пакораю.

Евангельскі сюжэт Звеставання прадстаўляе нам момант сустрэчы Божай волі са свабодай чалавека. У ім паказаны свабодны адказ Марыі на Божае запрашэнне, у чым выяўляецца Яе асаблівая веліч. Праз γένοιτό, «амэн», fiat Марыі адначасова рэалізуецца таямніца ўцелаўлення Божага Сына і збаўлення чалавецтва. У яе сціплым доме Вечнасць дакранаецца да бягучай гісторыі: «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14).

Звычайная габрэйская дзяўчына атрымлівае імя «Поўная ласкі». Праз Яе Бог хоча адкрыць чалавецтву магчымасць жыцця ў ласцы і святасці. Яна становіцца Маці Збаўцы свету. Бог праз Марыю набывае новае імя, у сваім гучанні поўнае надзеяі і радасці, дзейснай прысутнасці ў жыцці кожнага з нас: «з намі Бог» — Эмануэль!

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа