Пошук

19.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by

Святы Юзаф з Езусам. Вітраж / kofc.org

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 1, 16. 18–21. 24а

Ужо ў пачатку ўрыўку Евангелля з сённяшняй урачыстасці мы даведваемся пра паходжанне святога Юзафа: «Якуб быў бацькам Юзафа» (Мц 1, 16а). Калі мы звернемся да ўсяго радаводу Езуса Хрыста, што падае евангеліст Мацвей, то заўважым, што словазлучэнне «быў бацькам» паўтараецца 42 разы, аднак заканчваецца генеалогія словамі: «мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом» (Мц 1, 16b).

Гэтая заўвага евангеліста падкрэслівае, што Юзаф не з’яўляўся фізічным бацькам Езуса, але фізічнай маці Месіі была Найсвяцейшая Панна Марыя.

І святы Юзаф, як даведваемся з Евангелля паводле Мацвея, і Найсвяцейшая Панна Марыя, як сведчыць радавод з Евангелля паводле Лукі (пар. Лк 3, 23–28), мелі агульнага продка — караля Давіда, ад якога паходзіць Хрыстус. У абодвух тэкстах Евангелля падкрэсліваецца, што Езус быў зачаты не ад Юзафа, а праз Духа Святога. Марыя ж застаецца Дзевай, на якойспаўняецца прароцтва: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эмануэль, што азначае „з намі Бог“» (Мц 1, 23; пар. Іс 7, 14; 8,10). Езус — адзінародны Сын Айца, а святы Юзаф — толькі яго апякун.

Евангеліст Мацвей адразу пасля радаводу абвяшчае: «Такім было нараджэнне Езуса Хрыста: пасля заручынаў Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым пачалі жыць разам, яна зачала ад Духа Святога» (Мц 1, 18). Евангеліст Лука таксама ўказвае, што Найсвяцейшая Панна Марыя зачала ад Духа Святога: «І сказала Марыя анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым» (Лк 1, 34–35).

Паўстае лагічнае пытанне: чаму ў радаводзе Езуса Хрыста ўзгадваецца святы Юзаф, калі ён толькі апякун Збаўцы?

Святы Аўгустын з Гіпоны лічыў, што факт бацькоўства Юзафа праз усынаўленне з’яўляецца вычарпальным адказам на гэтае пытанне. Гэтага дастаткова для таго, каб Есус быў нашчадкам Давіда па яго лініі. Тэртуліян жа, адзін з найбольш славутых раннехрысціянскіх пісьменнікаў, тэолагаў і апалагетаў, аргументаваў паходжанне Хрыста з роду Давіда праз нараджэнне ад Дзевы Марыі, якая, згодна з радаводам евангеліста Лукі, належала да гэтага роду. У якасці біблійнага пацвярджэння ён прыводзіў таксама словы апостала Паўла пра Езуса, «які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы» (Рым 1, 3).

У чым жа заключалася апякунская місія святога Юзафа? Святы Юзаф быў справядлівым і не хацеў знеслаўлення сваёй жонкі Марыі, якая зачала ад Духа Святога, таму хацеў патаемна адпусціць Яе (пар. Мц 1, 18–19). Аднак Бог, Айцец Езуса Хрыста, праз анёла, які з’явіўся святому ў сне, ясна тлумачыць перспектыву звеставання: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў» (Мц 1, 20–21).

Святы Юзаф па волі Бога Айца і праз прыняцце Божай волі бярэ ўдзел у найвялікшай таямніцы гісторыі збаўлення, якая здзяйсняецца ў Божым Сыне, народжаным ад Духа Святога Найсвяцейшай Паннай Марыяй.

Бог Айцец даручыў святому Юзафу быць апекуном Божага Сына і выконваць абавязкі Яго зямнога бацькі. Гэта выключнае абранне, праз якое Бог Айцец узвялічыў Юзафа.

Не з’яўляючыся бацькам Езуса фізічна, ён, у пэўнай ступені, становіцца ўдзельнікам спаўнення Божага плану збаўлення чалавецтва, які здзяйсняецца ў Божым Сыне. Божы дар зямнога айцоўства, з пакорай і паслухмянасцю прыняты ад Нябеснага Айца і сумленна выкананы, далучае святога Юзафа да найвялікшай таямніцы — як зачацця і Богаўцелаўлення, так і збаўлення свету.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця