Пошук

15.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by

 

Аздараўленне сына прыдворнага з Кафарнаума. Грвюра XVII ст. Мастак Жэрар Жален / Рinterest

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Ян 4, 43–54

Сёння мы зноў сустракаемся з Езусам у Кане Галілейскай, дзе Ён ужо здзейсніў знакаміты цуд перамянення вады ў віно. На гэты раз Хрыстус вылечвае сына каралеўскага прыдворнага.

Першы цуд быў незвычайным, але сённяшні, несумненна, больш каштоўны, бо датычыцца не дабрабыту, а ратавання чалавечага жыцця.

Новы цуд прыцягвае нашу ўвагу і таму, што Езус дзейнічае на адлегласці: не ідзе ў Кафарнаум, каб вылечыць хворага непасрэдна, а вылечвае яго, не пакідаючы Каны Галілейскай. «Прыдворны кажа Яму: Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё. Езус адказаў яму: Ідзі, сын твой жывы» (Ян 4, 49–50).

У нашым жыцці мы часта тлумачым сабе і іншым, апраўдваючыся, што не ў стане зрабіць дабро, бо не маем магчымасці фізічна знаходзіцца там, дзе патрэбныя ў гэтую хвіліну. Але гэта не так!

Першым урокам сённяшняга Евангелля для нас, вучняў Хрыста, няхай будзе ўсведамленне: адлегласць не з’яўляецца перашкодай для шчодрасці, дабрыні і адкрытасці сэрца для нашых бліжніх.

Калі жаданне і пастанова дапамагчы шчырая і ад сэрца, мы пераадолеем любыя межы, знойдзем усе сродкі і спосабы рэалізаваць нашыя добрыя памкненні і намеры.

Гаворка ідзе пра ўсе годныя ініцыятывы, скіраваныя на салідарнасць, узаемадапамогу, дабрачынныя праекты і пачынанні. Часам актыўны і змястоўны ўдзел не патрабуе выхаду з дому, і для кагосьці гэта стане сапраўдным цудам. Як казаў святы Аўгустын: «Хто мае любоў у сваім сэрцы, заўсёды знойдзе штосьці, каб ёю падзяліцца».

Нямецкі паэт, пісьменнік і навуковец Ёган Вольфганг фон Гётэ пакінуў нам важныя словы: «Прасіце аб высакародных велічных думках». Адным сказам паэт акрэсліў змест усяго свайго жыцця, яго сэнс і мэту. Вельмі часта пісьменнікі, прамоўцы і прапаведнікі цытуюць словы святога Аўгустына, біскупа Гіпонскага: «душа насычаецца ідэяй, але калі яе не стане, з’яўляецца пустка».

Думка і ідэя вельмі часта становяцца ў жыцці чалавека своеасаблівым рухавіком, які матывуе і скіроўвае да рэалізацыі і поспеху нават праз, здавалася б, непераадольныя перашкоды і цяжкасці. Аднак не толькі высокія думкі і змястоўныя ідэі дапамагаюць дасягаць мэтаў і ісці да перамогі. Адвагу і настойлівасць у здзяйсненні амаль гераічных учынкаў дадае перш за ўсё глыбокая і жывая вера. І калі высокія думкі вычэрпваюцца з-за адсутнасці натхнення, а ідэі страчваюць свой змест і актуальнасць ды пераўтвараюцца ў пустку, то вера, глыбока ўкаранёная ў Богу, — невычэрпная, трывалая і надзейная, яна не дае нам пахіснуцца і расчаравацца.

Гэта другі важны ўрок Хрыста з сённяшняга Евангелля: вера з’яўляецца ключом і ўмоваю дзейнасці Бога ў нашым жыцці.

Па меры разгортвання сённяшняй евангельскай гісторыі сам цуд становіцца менш важным, чым той факт, што прыдворны верыць Хрысту і Яго слову.

Вера прыдворнага стала прычынай здзяйснення цуду. «Ідзі, сын твой жывы. Чалавек гэты паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў» (Ян 4, 50).

На старонках Святога Пісання мы сустракаем шмат людзей, чыя вера ў Езуса грунтуецца толькі і выключна на цудах, якія Ён учыніў, і сведкамі якіх яны былі. Такую веру нельга назваць «марнай», але Езус чакае ад нас іншага.

Сапраўдная вера павінна грунтавацца на слуханні Божага Слова: я веру, таму што пачутае сведчыць мне, натхняе мяне, будуе мяне, матывуе і заклікае да дзейнасці, якая найбольш праявіцца як хрысціянскае сведчанне. Аднак для таго, каб такая вера нарадзілася ў чалавеку, трэба быць шчыра адкрытым на асаблівы давер Богу.

Не будзем здзіўляцца, калі Хрыстус учыніць у нашым жыцці нейкі цуд, у выніку якога наша вера стане большай. Аднак не будзем здзіўляцца і тады, калі Ён гэтага не ўчыніць, зрабіўшы нашу веру больш складанай, але праз гэта больш грунтоўнай і праўдзівай.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа