Пошук

09.03.2021 07:00   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Прыпавесць аб нягодным слузе. Мастак Ян Лёйкен

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты  публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Мц 18, 21–35

Сённяшняе Евангелле з’яўляецца заключным фрагментам «эклезіялагічнай прамовы» Езуса, адрасаванай Яго вучням, у якой прадстаўлены прынцыпы жыцця ў хрысціянскай супольнасці.

Лаканічны адказ Хрыста на пытанне апостала Пятра аб прабачэнні — «не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў» (Мц 18, 22), — а таксама разгорнутая прыпавесць Езуса пра бязлітаснага даўжніка, акрэсліваюць своеасаблівы «клімат» жыцця ў еднасці і ўмацавання братэрства, «клімат» будавання касцёльнай супольнасці (пар. Мц 16, 18; 18, 17).

У дыялогах з Езусам апостал Пётр часта выступае ад імя ўсіх вучняў (пар. Мц 14, 28; 15, 15; 16, 16; 17, 4; 19, 27). Ён — першы сведка прабачальнай любові, якую адчуў найбольш востра, калі стаў «згубленай» і «знойдзенай авечкай», а пасля «пастухом», гатовым аддаць сваё жыццё за вернікаў сваіх (пар. Мц 26, 75; Ян 21, 15–19). Аднак для таго, каб цалкам зразумець і прыняць сапраўдную Божую міласэрнасць і любоў, якая выходзіць за межы натуральнага пачуцця справядлівасці, ён як вучань павінен няспынна весці дыялог з Настаўнікам, заўсёды суадносіць свой кірунак думак са словам і праўдай Хрыста (пар. Мц 16, 22; 26, 33 і наст.).

Пётр ужо ведае ад свайго Настаўніка, што Айцец Нябесны прабачыць нам, калі мы будзем прабачаць нашым бліжнім, асабліва тым, хто зграшыў супраць нас (пар. Мц 6, 12). У сваім пытанні да Езуса ён шукае пацвярджэння і ўпэўненасці, што ў выпадку, калі хтосьці з супольнасці зграшыць супраць яго асабіста, — абразіць, несправядліва абвінаваціць ці іншым чынам нанясе шкоду і крыўду, — ці трэба дараваць сем разоў?

У Бібліі лічба «сем» азначае дасканаласць і паўнату. Здавалася б, гатоўнасць Пятра прабачаць з’яўляецца знакам вялікай шчодрасці і ласкавасці апостала. Але, як разумеем з сённяшняй прыпавесці Езуса пра бязлітаснага даўжніка, гэтага не дастаткова.

Той, хто задаецца пытаннем, колькі разоў трэба прабачаць, не да канца разумее, што такое сапраўднае прабачэнне.

Сапраўднае прабачэнне з’яўляецца цнотаю самога Бога. Часам нам здаецца, што поўнае прабачэнне, якое цалкам сцірае налёт абразаў і адбіткі крыўдаў з нашага сэрца, немагчымае, што яно не ў нашых сілах.

Езус дае сваім вучням не толькі прыклад таго, як прабачаць, але таксама пакідае сваім братам катэгарычны і безальтэрнатыўны імператыў прабачэння.

Толькі прабачэнне абяззбройвае, ліквідуючы механізмы, якія няспынна спараджаюць беззаконні і грэх. Толькі прабачэнне пераадольвае непаразуменні і падзелы паміж братамі. Толькі прабачэнне можа спыніць і знішчыць назаўсёды нянавісць і помсту, падазронасць і недавер, сумневы і прадузятасць.

Крыніцай сапраўднага прабачэння з’яўляецца сам Бог: Божая любоў да чалавека і Яго міласэрнасць бязмежныя.

Словы сённяшняга Евангелля нагадваюць нам, што чалавек таксама павінен імкнуцца прабачаць іншым.

Падчас Вялікага посту будзем прасіць Бога аб такой цноце, як уменне прабачаць. Будзем прасіць аб гэтым з пакорай і адкрытымі сэрцамі падчас кожнай малітвы «Ойча наш»: «Адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым» (пар. Мц 6, 8b–15; Лк 11, 2–4).

Абноўлена 09.03.2021 09:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця