Пошук

04.03.2021 07:01   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
Багацей и бедны Лазар. Мастак Якапо Басана.

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты публікуюцца кожны дзень, акрамя нядзеляў.

Лк 16, 19-31

Багаты і жабрак з сённяшняга Евангелля — вобразы, ужытыя не зусім у матэрыяльным вымярэнні. У біблійнай мове слова «багаты» не заўсёды азначае чалавека, які валодае незлічонай маёмасцю і жыве ў раскошы: хіба што на гэта выразна ўказвае кантэкст. Як правіла, неабсяжныя зямныя даброты, пра якія ўзгадваецца ў Бібліі, сімвалізуюць частковую або поўную закрытасць і абыякавасць багатага чалавека да патрэбаў іншых.

Самадастатковасць багатага заможнага чалавека сведчыць пра лішак, прывязанасць да якога і залежнасць ад якога пазбаўляе яго здольнасці адкрывацца ласцы і дзеянню Бога ў свеце.

Такому чалавеку не патрэбен Бог, бо яго прывязанасці і схільнасці ўкарэнёныя ў матэрыяльным свеце, а ўсе яго надзеі і спадзяванні засноўваюцца на часовым дабрабыце і прамінальным шчасці.

Залежнасць ад багацця, клопат выключна пра зямное забіваюць у чалавеку спачуванне і спагаду да бліжніх, з’яўляюцца сваеасаблівымі «ключамі», якія адкрываюць чалавечае сэрца для ганарлівасці і пыхі. Багаты, пра якога гаворыцца ў сённяшнім Евангеллі, асуджаецца не за тое, што меў матэрыяльную маёмасць і даброты, а за тое, што, маючы сродкі для дапамогі і служэння бліжняму, не рабіў гэтага, а жыў выключна для сябе.

На старонках Бібліі паняцці «жабрак» і «беднасць» таксама не абмяжоўваюцца выключна прамым значэннем. Калі беднасць узнікла не ў выніку складаных жыццёвых абставін, а з прычыны ляноты, празмерных спажывецкіх выдаткаў ці неабдуманых укладанняў, то гэта зусім не тая беднасць, якую ўхваліў бы Бог. Падобныя паводзіны чалавека сведчаць пра занядбанні і пагарду да Божых дароў, пра ігнараванне Божай дапамогі і клопату.

Біблійная беднасць часта сімвалізуе пакору і сціпласць чалавечага сэрца, якія спрыяюць глыбокай пабожнасці і веры, вернасці Божым загадам, асабліваму даверу да Стварыцеля і адданасці Яму.

Такім чынам чалавек здольны ў Божым святле і праўдзе прыняць волю Стварыцеля, без нараканняў і скаргаў выканаць Божы план збаўлення.

Сённяшняе Евангелле ў кантэксце гэтых разважанняў мае выразны эсхаталагічны характар і дапамагае нам задумацца пра суаднясенне нашага жыцця, нашага стаўлення да бліжніх і нашага служэння бліжнім з рэаліямі вечнага жыцця.

Час Вялікага посту з’яўляецца асаблівай нагодай для нашага асабістага навяртання, прапануе незлічоныя магчымасці прысвячэння сябе бліжнім, каб стаць «беднымі» ў вачах Пана на шляху да вечнага жыцця.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.