Пошук

02.08.2020 09:05   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Shutterstock

Адказны за душпастырства моладзі біскуп Юзаф Станеўскі запрашае юнакоў і дзяўчат Беларусі падтрымаць ініцыятыву Папы Францішка і абняць «міласэрнаю любоўю» пажылых людзей, каб у час пандэміі яны не адчувалі сябе пакінутымі і непатрэбнымі.

Любая моладзь, дарагія браты і сёстры!

У сённяшнім Евангеллі, у якім апісваецца бездапаможнасць Апосталаў у канкрэтнай сітуацыі, калі яны апынуліся перад мноствам сасмаглых і галодных людзей, мы пачулі з вуснаў Хрыста: «Не трэба ім ісці (не трэба іх адпраўляць, пакідаць у гэтай сітуацыі), вы дайце ім есці» (пар. Мц 14, 16).

Ілюстрацыйнае фота: depositphotos.com

Перажываючы юбілей 100-годдзя святога Яна Паўла ІІ, хочацца прыгадаць яго выказванні, якія засталіся ў вучэнні і духоўнасці Касцёла.

Давайце ж сёння задумаемся над яго выразам: «міласэрная любоў».

Святы Папа выказаўся такім чынам 20 гадоў таму, калі беатыфікаваў у Рыме нашых назарэтанак сястру Стэлу і яе паплечніц, мучаніц з Навагрудка, якія дабравольна аддалі сваё жыццё за ўратаванне 120 жыхароў Навагрудка ў 1943 годзе. З моманту іх ахвяры мінула 77 гадоў, але і сёння ўдзячныя жыхары горада памятаюць іх подзвіг, а напрыканцы ліпеня мы штогод молімся і просім іх заступніцтва, бо і сёння грамадству патрэбная мужнасць і любоў — любоў сапраўдная. Інакш кажучы, тое, што кажа сваім вучням зрабіць Хрыстус: «Вы дайце…»

Мае дарагія сябры, менавіта аб гэтым у час пандэміі каранавірусу просіць нас Папа Францішак, калі жадае, каб моладзь абняла прадстаўнікоў старэйшага пакалення, кажучы, што ўсе пажылыя людзі — вашыя дзядулі і бабулі.

Ncregister.com

Любая моладзь! За Святым Айцом таксама ватыканская Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Касцёл на Беларусі, а асабліва пажылыя людзі просяць нас, маладых, аб «вынаходлівай любові», якая і ў складаных умовах знаходзіць шлях ад сэрца да сэрца: у тэлефоннай размове, па відэасувязі, ва ўменні слухаць, у абдымках і поціску рукі — вядома, з захаваннем санітарных прадпісанняў. Нас не можа заспакоіць самаапраўданне: «Нельга — значыць нельга».

Не пакінем жа нашых бабуль і дзядуляў, пажылых людзей без адпаведнай увагі, якая ім так патрэбная.

І не толькі сваіх родных, але, як заахвочвае нас Папа Францішак, стараючыся ўбачыць у кожным з іх сваіх дзядулю і бабулю.

Фота: CNS photo / Martin Rickett

Сапраўды, вернікі Касцёла на Беларусі, парафіі і супольнасці, а асабліва Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas вельмі шмат зрабілі і робяць для таго, каб чалавек у патрэбе не заставаўся ў адзіноце.

Каб заахвоціць як мага больш маладых людзей да канкрэтных учынкаў «міласэрнай любові» ў адносінах да старэйшых, Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця звяртаецца да нас з прапановаю дзяліцца гэтай інфармацыяй і распаўсюджваць у сацыяльных сетках фотаздымкі вашых «абдымкаў», што стане сведчаннем адзінства і пераемнасці пакаленняў нашага народа.

Aleteia

Мае дарагія маладыя сябры, цяпер час канікул і адпачынку, калі ў вас няма заняткаў. Гэта добрая нагода для таго, каб выканаць практычнае хатняе заданне.

Калі гэта магчыма, рабіце здымкі вашых «абдымкаў» і змяшчайце іх у сацыяльных сетках з хэштэгам #sendyourhug.

Гэтыя посты будуць адбірацца і распаўсюджвацца таксама на каналах Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця laityfamilylife.va.

laityfamilylife.va

«Дарагая моладзь, кожны з гэтых пажылых людзей — ваш дзядуля ці бабуля! Не пакідайце іх адных! Старэйшае пакаленне — гэта нашыя карані. Дрэва, адарванае ад каранёў, не цвіце і не дае пладоў. Таму так важна не згубіць гэтай еднасці і сувязі з каранямі», — просіць вас, дарагія мае маладыя сябры, Папа Францішак.

З малітвай аб еднасці пакаленняў,

біскуп Юзаф Станеўскі

Ілюстрацыйнае фота: Shutterstock

Абноўлена 02.08.2020 18:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця