Пошук

15.03.2018 16:54   rublev.com

Вышэйшы суд Ісламабада абавязаў усіх жыхароў краіны ўказваць рэлігійную прыналежнасць ва ўсіх афіцыйных дакументах, уключаючы пашпарты, пасведчанні аб нараджэнні і нават спісы выбаршчыкаў.

Пра гэта паведамляе World Religion News.

Суд таксама абавязвае ўсіх грамадзян, якія выходзяць на службу ў судовыя органы, Узброеныя сілы або на дзяржслужбу, прымаць прысягу на аснове рэлігіі.

Грамадзяне Пакістана, якія хаваюць сваю рэлігійную прыналежнасць, будуць абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. Кожны, хто будзе прэтэндаваць на працу ў дзяржаўных структурах, павінен будзе заяўляць пра сваю веру.

На думку праваабаронцаў, гэта будзе яшчэ адным ударам для рэлігійных немусульманскіх супольнасцяў краіны, у прыватнасці, для ахмадыйцаў.

Ахмадыйская супольнасць з’яўляецца рэлігійным рухам ісламу, заснаваным у Брытанскай Індыі ў канцы XIX стагоддзя. Прадстаўнікам гэтага руху не дазваляецца называць сябе мусульманамі або выкарыстоўваць ісламскія сімвалы ў сваёй рэлігійнай практыцы. Парушэнне гэтага правіла з’яўляецца злачынствам, за якое згодна з законамі Пакістана чалавек будзе пакараны за блюзнерства.

«Рэлігія — гэта асабістая справа кожнага, а не публічная дэманстрацыя», — адзначае Захра Юсуф, член Праўлення камісіі па правах чалавека, называючы такое рашэнне Пакістана «вельмі небяспечным».

Згодна з данымі перапісу насельніцтва, сёння ў Пакістане налічваецца 208 мільёнаў жыхароў, з якіх пераважная большасць — мусульмане, і толькі тры працэнты вызнаюць іншую веру.

Пакістан — другая краіна ў свеце пасля Інданезіі з найбольшай колькасцю жыхароў-мусульман. Пры гэтым ахмадыйцы афіцыйна не прызнаюцца як мусульманская меншасць. Ахмадыйцы Пакістана складаюць ад двух да пяці мільёнаў чалавек, што робіць іх самай буйной ахмадыйскай супольнасцю ў свеце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця