Пошук

08.01.2024 13:48   Яна Чайко

7 студзеня ў парафіі святой Фаўстыны ў варшаўскім раёне Брудна (Варшаўска-Пражская дыяцэзія, Польшча) адбылася першая cвятая Імша на беларускай мове.

Цяпер Літургія для беларусаў католікаў рымскага абраду будзе рэгулярна цэлебравацца на абодвух берагах ракі Вісла, якая падзяляе сталіцу Польшчы на дзве часткі.

У нядзелю Хросту Пана вернікі з бліжэйшых раёнаў сабраліся на святую Імшу ў новым месцы. Падчас Літургіі можна было ушанаваць рэліквіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі — сына Валожынскай зямлі, апостала Божай Міласэрнасці. Пасля малітвы беларусы сабраліся на гарбату.

Парафія святой Фаўстыны была выбрана нездарма — менавіта тут на працягу некалькіх гадоў нясе служэнне ксёндз доктар Яўген Вінтоў — адзін з душпастыраў мясцовай беларускай супольнасці. З благаслаўлення пробашча ксяндза Рышарда Лядзінскага парафіяльны дом парафіі святой Фаўстыны стаў другім месцам, дзе ўзносіцца малітва па-беларуску. Адпаведная інфармацыя была перададзена таксама мясцоваму біскупу Рамуальду Камінскаму.

Патрэба дадатковай святой Імшы ў іншым раёне Варшавы з’явілася з-за памераў польскай сталіцы: некаторыя вернікі жывуць даволі далёка ад касцёла святога Аляксандра — да нядаўніх часоў  адзінай святыні, дзе рэгулярна цэлебравалася святая Імша па-беларуску.

Для жыхароў раёнаў Таргувэк, Прага, Зомбкі, Бялалэнка новае месца ў раёне Брудна — цудоўная магчымасць удзельнічаць у літургіі на роднай мове. 

  • Святыя Імшы ў парафіі святой Фаўстыны цэлебруюцца штонядзелю ў 10.30 у парафіяльным доме па адрасе: Żuromińska 2 (будынак справа ад касцёла). 
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.