Пошук

22.03.2023 16:27   Паводле: Vatican News
Фота: iglesia.cl

20 сакавіка завяршылася сінадальная асамблея Касцёла ў Лацінскай Амерыцы, якая праходзіла ў сталіцы Калумбіі Багаце.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, лацінаамерыканская асамблея стала апошняй з шэрагу кантынентальных сустрэч у межах Сінадальнага працэсу. У панядзелак яе ўдзельнікі завяршылі падрыхтоўку канчатковага дакумента для кастрычніцкага сходу ў Ватыкане. Яшчэ да публікацыі тэксту, некалькімі важнымі тэмамі, узнятымі ў ім, падзяліўся з Vatican News старшыня Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі (CELAM) арцыбіскуп Мігель Кабрэхас. Паводле яго, сінадальная форма прыняцця рашэнняў павінна застацца і ў будучыні.

У выніковы дакумент, падрыхтаваны працоўнай групай, увайшлі прапановы 22-х епіскапатаў.

Акрамя таго, у ім былі ўлічаны дакументы, якія датычацца душпастырскага клопату пра тры адмысловыя групы лацінаамерыканскага грамадства: карэнныя народы, народнасць гарыфуна — людзей афрыканскага паходжання ў Гандурасе, і народы Амазоніі.

Арцыбіскуп Кабрэхас згадаў ролю жанчын і іх удзел у жыцці Касцёла як «пастаянную тэму»; гэты пункт быў уключаны ў выніковы дакумент. Гаворка ідзе, у тым ліку, і пра іх удзел у працэсах прыняцця рашэнняў.

У агульнай колькасці ў сустрэчах узялі ўдзел 406 свецкіх вернікаў, манаскіх асоб, дыяканаў, святароў, біскупаў. Мовамі зносін былі іспанская, партугальская, англійская і французская. Паралельна ішоў «лічбавы Сінод», у якім удзельнічалі маладыя прадстаўнікі кожнага рэгіёна.

Па словах іерарха, асаблівасцю лацінаамерыканскага Сінадальнага працэсу стаў «метад духоўнай гутаркі», калі людзі слухалі адзін аднаго «без прадузятасці», а потым прымалі рашэнні на аснове «агульнага распазнання».

Лацінаамерыканскіая асамблея Сіноду стала апошняй у серыі кантынентальных асамблей у межах Сінадальнага працэсу, абвешчанага Папам.

Да гэтага дэлегаты мясцовых Касцёлаў Еўропы сустрэліся ў Празе, Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў — у Бейруце, Касцёлаў Азіі — у Бангкоку, Касцёлаў афрыканскага кантынента — у Адыс-Абебе. У Паўночнай Амерыцы было праведзена дзесяць рэгіянальных анлайн-асамблей.

Кожная з кантынентальных Асамблей рыхтуе ўласны выніковы дакумент і скіроўвае яго ў Ватыкан, у сакратарыят Сіноду. Гэтыя сем тэкстаў стануць асновай другога працоўнага дакумента Сіноду, які павінен быць апублікаваны ў чэрвені 2023 года. На яго падставе адбудуцца дыскусіі ў межах перашага этапу Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў, які пройдзе з 4 па 29 кастрычніка ў Ватыкане. Касцёл у Беларусі на ім прадставіць старшыня Сінадальна камісіі пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Абноўлена 22.03.2023 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа