Пошук

08.04.2022 11:11   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Manuel Blondeau/AOP Press/Maxppp

7 красавіка адбыліся выбары кіраўніцтва Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Францыі.

На веснавым пасяджэнні французскага епіскапату, якое з 5 па 8 красавіка праходзіць у Люрдзе, Старшынёй Канферэнцыі на другі тэрмін быў абраны арцыбіскуп Рэймскі Эрык дэ Мулен-Бафор. Быў пераабраны таксама намеснік Старшыні, якім зноў стаў біскуп Крэтэйскі Дамінік Бланшэ. Другім намеснікам Старшыні быў абраны арцыбіскуп Турскі Венсан Жардзі, які зменіць на гэтай пасадзе арцыбіскупа Араскага Аліўе Леборня.

Паводле Статуту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Францыі, тэрмін паўнамоцтваў на згаданых пасадах працягваецца тры гады. Новы тэрмін распачнецца 1 ліпеня.

Як нагадвае Французская рэдакцыя парталу Vatican News, кіраўнік епіскапату, які застанецца на гэтай пасадзе яшчэ на тры гады, атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1991 годзе ў Парыжскай дыяцэзіі з рук кардынала Люсціжэ. Большая частка яго душпастырскага служэння прайшла ў сталіцы Францыі. Напачатку ён быў дырэктарам Парыжскай семінарыі, а ў 2000 быў прызначаны пробашчам сталічнай парафіі святога Паўла і святога Людвіка і заставаўся на гэтай пасадзе пяць гадоў.

Займаўся выкладчыцкай і прапаведніцкай дзейнасцю ў шэрагу каталіцкіх навучальных устаноў. У 2005 годзе стаў сакратаром па асаблівых даручэннях кардынала Вэн-Труа, які ў той час быў прызначаны арцыбіскупам Парыжскім. У 2008 годзе Папа Бэнэдыкт XVI менаваў Эрыка дэ Мулен-Бафора дапаможным біскупам Парыжскай архідыяцэзіі, а ў жніўні 2018 года Папа Францішак прызначыў яго арцыбіскупам Рэймскім.

3 красавіка 2019 года Арцыбіскуп дэ Мулен-Бафор быў упершыню абраны Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Францыі.

У гэтай якасці яму давялося займацца праблемай сексуальных злоўжыванняў, для чаго была створана незалежная камісія, дзейнічаць ва ўмовах пандэміі Covid-19 і сутыкнуцца з яе наступствамі для жыцця Касцёла, рэагаваць на рэформы французскіх уладаў у галіне біяэтыкі, а таксама прыводзіць у парадак касцёльныя фінансы. Гэта тыя пытанні, якімі кіраўніку французскага епіскапату, па ўсёй верагоднасці, давядзецца займацца і ў наступныя тры гады.

Абноўлена 08.04.2022 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця