Пошук

19.01.2021 15:06   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Хрысціяне ў Косаве жывуць у анклавах, у іх супольнасці, якая налічвае 100 тысяч чалавек, ёсць свае вуліцы, вёскі і раёны, з якіх яны не могуць выйсці без рызыкі стаць ахвярамі нападу.

Пра гэта паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, адзначаючы, што косаўскіх хрысціянаў рэгулярна збіваюць, рабуюць і прымушаюць з’ехаць; яны жывуць ва ўмовах скрайняй галечы і дыскрымінацыі.

«Мэта радыкальных ісламістаў — выкараніць сербскую і хрысціянскую прысутнасць у Косаве, таму цяпер самае галоўнае — гарантаваць ім бяспеку», — лічыць Арно Гуён, якога сербскі ўрад прызначыў дзяржсакратаром, адказным за косаўскую дыяспару.

Косава, што знаходзіцца ў цэнтры Балкан, ужо даўно з'яўляецца спрэчнай тэрыторыяй па этнічнай, рэлігійнай і культурнай прычынах.

З таго часу, як Сербія страціла кантроль над рэгіёнам, у дачыненні да сербаў, якія з’яўляюцца карэнным народам Косава, паволі вядзецца этнічная чыстка. Гэтыя працэсы асабліва паскорыліся з пачаткам вайны ў 1999 годзе. Кульмінацыяй ганенняў на хрысціянаў сталі пагромы 2004 года, падчас якіх было спалена каля тысячы дамоў і каля 30 праваслаўных цэркваў і манастыроў, у выніку чаго каля чатырох тысяч сербаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы.

Калі Косава ў 2008 г. у аднабаковым парадку абвясціла сваю незалежнасць ад Сербіі, 150 тысяч сербаў, большасць з якіх былі праваслаўнымі хрысціянамі, вырашылі застацца на зямлі, якую лічаць радзімай сваёй культуры і веры, нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы і няпростае суіснаванне з мусульманскай албанскай большасцю, што складае 90 працэнтаў насельніцтва.

Хрысціяне, якія стагоддзямі былі большасцю ў гэтым рэгіёне, цяпер складаюць толькі каля 6 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва. Аднак гэтая зямля ўсё яшчэ з'яўляецца важнай часткай праваслаўнай спадчыны, а таксама месцам, дзе знаходзяцца найстарэйшыя сербскія манастыры.

Пераслед не спыніўся з абвяшчэннем незалежнасці Косава.

Па-ранейшаму адбываліся напады ісламскіх тэрарыстаў на манастыры.

«Манастыр у Высокіх Дэчанах быў абстраляны і апаганены надпісамі ў стылі: „набліжаецца халіфат“. У 2016 годзе войскам НАТА ўдалося спыніць джыхадзістаў з „калашнікавымі“ каля брамы», — кажа Арно Гуён. «Большасць албанцаў памяркоўныя, але экстрэмісты вельмі моцныя. Албанскія ўлады вельмі рэдка асуджаюць іх дзеянні», — дадае ён.

Палітык адзначае, што калі б хрысціяне цалкам пакінулі гэтыя землі, гэта было б знакам бяды для ўсёй Еўропы. «З культурнага пункту гледжання знішчэнне сербскай і праваслаўнай спадчыны Косава, унесенай у спіс аб’ектаў спадчыны ЮНЕСКА, было б вялікай стратай для чалавецтва, паколькі яна ўяўляе сабой універсальную каштоўнасць», — тлумачыць Арно Гуён.

Абноўлена 19.01.2021 15:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.