Пошук

28.07.2020 10:28   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота Tayyar

24 ліпеня ў Касцёле адзначаўся ўспамін святога Шарбэля. Святы Шарбэль (свецкае імя Жазэф Маклуф) нарадзіўся ў беднай шматдзетнай сям'і сялян у Бека-Кафра (паўночны Ліван) 8 мая 1828 года.

Як адзначае руская рэдакцыя парталу Vatican News, ён з дзяцінства адчуваў цягу да манаскага жыцця, але з-за супраціву родных толькі ў 23 гады змог назаўсёды пакінуць родную вёску і сям'ю. Ён паступіў у кляштар св. Марона.

Мараніты — ліванскія хрысціяне ўсходняга абраду; іх назва паходзіць ад імя св. Марона, які жыў у V ст. Гэта адзіная ўсходняя хрысціянская касцёльная супольнасць, якая заўсёды знаходзілася ў адзінстве з Рымскім Пасадам.

Манаскае імя Шарбэль было дадзена Жазэфу ў гонар эдэскага мучаніка, які памёр на пачатку ІІ ст.

У кляштары Шарбэль адразу пачаў весці аскетычнае жыццё. 23 ліпеня 1859 г. ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Разам з душпастырствам, апякуючыся вернікамі наваколля, ён займаўся і фізічнай працай на палях кляштара.

Усяго ў кляштары Шарбэль пражыў 47 гадоў, 23 з іх — у пустэльніцтве. Ён захоўваў строгі пост і маліўся ўначы. Шарбэль памёр у вігілію Божага Нараджэння 1898 г., пасля васьмідзённых пакутаў, якія пераносіў з вялікай цярплівасцю і пастаяннай малітвай. Яго пахавалі на Божае Нараджэнне.

Яшчэ пры жыцці Шарбэль быў вядомы як цудатворца, а пасля смерці колькасць аздараўленняў праз яго заступніцтва ўзрасла. На яго магіле з'явілася незвычайнае святло, пра якое сведчылі многія, у тым ліку мясцовы мусульманскі прэфект. Гэтае святло немагчыма было вытлумачыць рацыянальна. Урэшце ўлады далі дазвол адчыніць труну.

Цела Шарбэля аказалася несапсутым, а праз чатыры месяцы яго зноў адкрылі ў прысутнасці камісіі экспертаў, якія пацвердзілі, што цела захавалася ў такім стане, быццам яго толькі што паклалі ў труну.

Мараніцкі ордэн, да якога належаў Шарбэль, звярнуўся да Святога Пасаду з просьбай аб яго кананізацыі. Мясцовы біскуп збіраў звесткі пра святасць жыцця Шарбэля і цуды, якія адбыліся па яго малітвах. У чэрвені 1956 г. было пацверджана, што яго жыццё было сапраўдным подзвігам і адрознівалася хрысціянскімі цнотамі.

У лістападзе 1965 г. былі прызнаныя невытлумачальнымі аздараўленні манашкі Марыі Абэль Камары, якая 14 гадоў пакутавала на цяжкую хваробу страўніку, і Аляксандра Абеіда, які неверагодным чынам пачаў бачыць пасля 13 гадоў слепаты. Абодва аздараўленні адбыліся дзякуючы малітвам да Шарбэля Маклуфа. 5 снежня 1965 г. у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане ён быў беатыфікаваны. Для кананізацыі неабходна было даказаць яшчэ адзін цуд, і сярод шматлікіх для экспертызы абралі аздараўленне ад раку Марыям Асаф Ауад. Ён і паслужыў апошнім сведчаннем для падпісання Паўлам VI Дэкрэта аб кананізацыі. Яна адбылася 9 кастрычніка 1977 г. у ватыканскай базыліцы.

Магіла св. Шарбэля — адно з самых знакамітых месцаў пілігрымавання на Блізкім Усходзе. Ён стаў першым усходнім падзвіжнікам, кананізаваным у адпаведнасці з кананічным правам Рыма-Каталіцкага Касцёла. На кананізацыю ў Ватыкан прыбылі каля 10 тысяч ліванскіх католікаў, а таксама праваслаўная дэлегацыя з Лівана і прадстаўнікі ўлады. Упершыню набажэнства з ватыканскай базылікі транслявала ізраільскае радыё.

У жніўні 2017 г. у ліванскі горад Фарайя была прывезена манументальная 23-метровая фігура св. Шарбэля.

Яна была ўсталявана на вяршыні пагорка недалёка ад высокага жалезнага крыжа, устаноўленага ў 1951 г. Статую зрабіў ліванскі скульптар Найеф Алван. Спачатку ідэя ўсталявання помніка была часткай праектаў па развіцці турызму, распрацаваных кіраўніком мясцовага муніцыпалітэту Мішэлем Саламе. У 2016 г. яго 13-гадовы пляменнік захварэў на сур'ёзную форму менінгіту і ўпаў у глыбокую кому; усе яго родныя звярталіся да святога Шарбэля з просьбай аб цудоўным заступніцтве. У дні памяці святога Шарбэля і святога Іллі хлопчыку былі зроблены дзве аперацыі, пасля якіх ён цалкам вылечыўся ад хваробы.

Абноўлена 28.07.2020 11:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа