Пошук

24.04.2020 14:11   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота Science News

Галандыя робіць чарговыя крокі ў падтрымку «культуры смерці». Вярхоўны суд гэтай краіны выдаў вердыкт, які легалізуе эўтаназію асобаў з дэменцыяй.

«Яна можа праводзіцца таксама ў сітуацыі, калі пацыент не ў стане выказаць сваю волю», — гаворыцца ў паведамленні галандскага трыбуналу, якое цытуе польская рэдакцыя парталу Vatican News.

Рашэнне суду стала адказам на смерць 74-гадовай жанчыны з хваробай Альцгеймера, якой у 2016 г., каб стала магчымай яе эўтаназія, былі падсыпаны ў каву ўсыпляльныя сродкі.

Жанчына страціла прытомнасць, але праз хвіліну ачуняла, і дачка мусіла яе прытрымаць да завяршэння смяротнай ін’екцыі. Гэтае здарэнне стала вядомым, а лекара абвінавацілі ў забойстве, бо нават галандскі закон аб дазволе эўтаназіі сцвярджае, што пацыент, які хоча памерці, павінен пацвердзіць жаданне здзяйснення эўтаназіі.

Справа трапіла ў суд ніжэйшай інстанцыі, які вызваліў лекара ад усялякіх абвінавачванняў, а затым «у інтарэсах закону» ў Вярхоўны суд, які падтрымаў рашэнне.

Дачка памерлай узяла бок лекара, сцвярджаючы, што тая толькі вызваліла яе маці з вязніцы нядзеючага розуму. Разам з тым дачка спачылай нагадала, што пажылая жанчына задоўга да гэтага падпісала так званы біялагічны тэстамэнт, які ўключае магчымасць правядзення эўтаназіі.

Хворая пакінула, тым не менш, за сабой рашэнне, ці адбудзецца гэта ў пазнейшы час і калі адбудзецца. Рашэнне, аднак, было прынята за яе.

Ліберальныя СМІ, адзначаючы чарговы «поспех эўтаназіі», прывіталі рашэнне суду. Аднак яны нічога не сказалі пра яго негатыўны аспект. Рашэнне дазваляе ўсё шырэй праводзіць эўтаназію, якая легалізавана ў Галандыі ўжо 20 гадоў.

Абаронцы жыцця папярэджваюць, што такія практыкі цалкам супярэчаць свабодзе пацыента і парушаюць яго фундаментальныя правы. Таксама яны перасцерагаюць перад з’яўленнем так званага тэстамэнту жыцця, які хочуць легалізаваць і іншыя краіны, паколькі, як паказвае гэтая гісторыя, ён можа стаць смяротнай пасткай, не пакідаючы патэнцыйным пацыентам магчымасці адмовіцца ад свайго рашэння.

Існуе пагроза, як здарылася ў выпадку гэтай 74-гадовай пацыенткі, што атручаная кава будзе падавацца без папярэджання.

Пралайф-арганізацыі б’юць трывогу, што галандская «машына смерці» ўсё больш распаўсюджваецца і прадпрымае чарговыя крокі, каб распараджацца чалавечым жыццём.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.