Пошук

19.02.2020 16:22   Паводле: press.vatican.va / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Арцыбіскуп Кястуціс Кевалас. Фота: bernardinai.lt

19 лютага Папа Францішак менаваў новым арцыбіскупам Мітрапалітам Каўнаскім Кястуціса Кеваласа, які да гэтага быў біскупам Цяльшайскім (Літва).

У афіцыйным паведамленні Святога Пасаду сказана, што Кястуціс Кевалас (Kestutis Kėvalas) нарадзіўся 17 лютага 1972 года ў Каўнасе.

Пасля заканчэння сярэдняй школы з 1990 па 1992 год навучаўся на факультэце радыёэлектронікі Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта.

У 1993 годзе паступіў у Каўнаскую вышэйшую духоўную семінарыю, дзе вывучаў філасофію і тэалогію да 1997 года, пасля чаго працягнуў вучобу ў семінарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Балціморы ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Завяршыўшы фармацыю і абараніўшы ліцэнцыят па тэалогіі, 29 чэрвеня 2000 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Быў прызначаны кіраўніком прапедэўтычнага (падрыхтоўчага) курсу ў Мітрапалітальнай семінарыі і адказным за душпастырства моладзі ў Каўнаскай архідыяцэзіі.

З 2002 года выкладаў маральную тэалогію на тэалагічным факультэце Каўнаскага ўніверсітэта імя Вітаўта Вялікага. 18 студзеня 2008 года ў гэтай навучальнай установе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі.

З чэрвеня 2005 па жнівень 2006 года быў духоўным айцом у Каўнаскай семінарыі, пасля чаго на працягу года працягваў навучанне ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Вярнуўшыся на радзіму, з 2007 па 2012 год выконваў душпастырскія абавязкі пры каўнаскай катэдры і быў спаведніком у семінарыі. 8 лютага 2010 года быў прызначаны праграмным дырэктарам «Радыё Марыя» ў Літве.

27 верасня 2012 года быў менаваны дапаможным біскупам Каўнаскай архідыяцэзіі. Біскупскае пасвячэнне прыняў 24 лістапада 2012 года.

Прызначаны 20 красавіка 2017 года біскупам-каад’ютарам Цяльшайскай дыяцэзіі, 18 верасня таго ж года стаў біскупам Цяльшайскім.

Кафедра арцыбіскупа Каўнаскага заставалася вакантнай пасля таго, як 1 сакавіка мінулага года Папа Францішак прыняў просьбу аб адстаўцы ад пастырскага кіравання архідыяцэзіяй арцыбіскупа Лёнгінаса Вірбаласа. Былы арцыбіскуп Каўнаскі, які належаў да ордэна езуітаў, патлумачыў свой адыход праблемамі са здароўем і жаданнем больш прысвяціць сябе манаскаму жыццю ў Таварыстве Езуса.

Абноўлена 19.02.2020 18:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.