Пошук

15.06.2018 11:38   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Папа падчас сустрэчы з беднымі ў Ватыкане © Vatican Media

14 чэрвеня ў Ватыкане было прадстаўлена пасланне папы Францішка на Сусветны дзень бедных, у якім Святы Айцец падкрэслівае, што «бедныя нас евангелізуюць, дапамагаючы штодня адкрываць прыгажосць Евангелля».

Дзень малітвы і ініцыятываў на карысць тых, хто жыве ў нястачы, сёлета будзе адзначацца 18 лістапада. Раскрываючы яго тэму — «Няшчасны паклікаў, і Пан яго выслухаў» (пар. Пс 34 (33), 7), — Папа зазначае, што Бог выслухоўвае ўсіх, хто пакутуе ад беднасці, хто пазбаўлены годнасці, каго пераследуюць у імя фальшывай справядлівасці, хто церпіць прыгнёт ад палітыкі, нягоднай так называцца; усіх тых, хто запалоханы насіллем.

Ніхто не можа адчуваць сябе выключаным з Божай любові, — падкрэсліў Святы Айцец, адзначыўшы, што вокліч бедных выражае іх пакуты і самоту, расчараванне і надзею.

«Мы можам спытацца ў сябе, чаму гэты вокліч, які ўзносіцца аж да Бога, не дасягае нашых вушэй і пакідае нас абыякавымі і безудзельнымі. У такі дзень, як гэты, мы пакліканы да сур’ёзнага рахунку сумлення, каб зразумець, ці сапраўды здольныя слухаць бедных», — піша Пантыфік.

Ён сцвярджае, што для таго, каб пачуць голас патрабуючых, трэба суцішыцца.

«Калі мы зашмат гаворым, то не здолеем іх выслухаць.

Я баюся, што многія ініцыятывы, хоць і з’яўляюцца годнымі і неабходнымі, часта больш скіраваныя на тое, каб падабацца самім сабе, чым на тое, каб па-сапраўднаму слухаць бедных», — з жалем прызнаў папа Францішак.

Ён пажадаў, каб Сусветны дзень бедных мог стаць «маленькім адказам» Касцёла ўсім патрабуючым, «каб яны не думалі, што іх вокліч ляціць у пустэчу».

«Магчыма, гэта будзе толькі кропля ў пустыні беднасці, але гэта можа стаць знакам дзялення з імі, каб яны адчулі дзейсную прысутнасць брата і сястры», — заахвочвае Святы Айцец і заклікае вернікаў не абмяжоўвацца толькі аказаннем падтрымкі, а дарыць бедным людзям увагу, поўную любові.

Беднасць, на думку Папы, была створана эгаізмам, пыхай, сквапнасцю і несправядлівасцю — грахамі, старажытнымі, як сам чалавек, якія закранаюць мноства нявінных людзей, цягнучы за сабою драматычныя сацыяльныя наступствы.

Неабходна, каб Бог умяшаўся і збавіў людзей з прыгнёту, а для гэтага неабходная дапамога веруючых людзей.

«Божае збаўленне набывае форму рукі, працягнутай беднаму, якая прапануе гасціннасць, бароніць і дазваляе адчуваць сяброўства, у якім ён мае патрэбу. З гэтай канкрэтнай і датыкальнай блізкасці пачынаецца сапраўдны шлях вызвалення. Кожны хрысціянін і кожная супольнасць пакліканыя быць Божымі прыладамі вызвалення і падтрымкі бедных дзеля поўнай сацыяльнай інтэграцыі, а значыць, быць уважлівымі да крыку беднага і гатовымі яго падтрымаць», — піша Пантыфік.

Папа Францішак узгадаў пра існаванне пэўнай «фобіі» ў адносінах да бедных, якія лічацца ўвасабленнем небяспекі і нестабільнасці, з-за чаго ад іх стараюцца трымацца далей.

«Людзі спрабуюць стварыць дыстанцыю паміж сабою і імі, не ўсведамляючы, што такім чынам ствараюць дыстанцыю з Панам Езусам, які іх не адштурхоўвае, а кліча да сябе і суцяшае», — сцвярджае Папа.

На яго думку, для таго, каб пераадолець прыгнёт і нястачу, неабходна, каб бедныя адчулі прысутнасць братоў і сясцёр, якія клапоцяцца пра іх.

Святы Айцец заклікае да канкрэтных жэстаў салідарнасці з беднымі, якімі можа стаць супольная малітва і пасілак пасля нядзельнай св. Імшы, як было ў першых хрысціянаў.

Акрамя таго, ён запрашае касцёльныя супольнасці да супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі, у тым ліку з тымі, якія кіруюцца не верай, а чалавечай салідарнасцю, каб падтрымліваць тых, хто не ў стане пра сябе паклапаціцца.

«Прызнанне таго, што ў бязмежным свеце беднасці нашыя сілы абмежаваныя, слабыя і недастатковыя, прывядзе да таго, што мы працягнем руку іншым людзям, бо ўзаемнае супрацоўніцтва дазволіць больш эфектыўна дасягнуць мэты», — перакананы Папа.

У сваім пасланні ён таксама заклікае памятаць пра тое, што калі мы знаходзім спосаб набліжэння да бедных, то гэта заслуга Бога, які адкрывае нашыя вочы і сэрца для навяртання.

«Бедным патрэбна не геройства, а любоў, здольная не паказваць сябе і забывацца пра зробленае дабро. Сапраўдныя героі — гэта Пан і бедныя.

Хто пачынае служыць, той становіцца прыладай у руках Бога, каб заззяла Яго прысутнасць і Яго збаўленне», — настаўляе вернікаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заклікаў адносіцца да бедных без пачуцця пагарды ці піетызму, а з пашанаю да іх, аддаючы ім перавагу, бо яны з’яўляюцца «рэальнай прысутнасцю Хрыста сярод нас». Паводле словаў Пантыфіка, часта менавіта бедныя выклікаюць крызіс нашай абыякавасці.

«Бедныя нас евангелізуюць, дапамагаючы штодня адкрываць прыгажосць Евангелля», — падкрэслівае ён.

На заканчэнне паслання Святы Айцец заклікае ўсіх адчуць сябе «даўжнікамі» бедных, бо калі мы працягваем рукі адзін да аднаго, адбываецца збаўчая сустрэча, якая падтрымлівае веру, робіць дзейснай любоў і запальвае надзею, каб з упэўненасцю ісці насустрач Пану, які прыходзіць.

Сусветны дзень бедных быў устаноўлены папам Францішкам на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці, які праходзіў у 2016 г. Папа пажадаў, каб ён адзначаўся у кожную 33-ю звычайную нядзелю.

Абноўлена 15.06.2018 17:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа