Пошук

02.11.2026 19:56   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Паводле: Vatican News BY / Catholic.by

Папа Леў XIV і айцец Алехандра Мараль. Фота: Osafund - Fondazione Agostiniani nel Mondo

Візіт Льва XIV у Аргенціну можа стаць нагодай для пераадолення грамадскіх падзелаў і пошуку агульнага дабра, лічыць айцец Алехандра Мараль, былы генеральны настаяцель Ордэна святога Аўгустына і даўні сябар Папы.

8 лістапада Леў XIV павінен прыбыць у Аргенціну. Мясцовыя жыхары з радасцю чакаюць яго візіту. Пра гэта ў размове з журналісткай Бэнэдэтай Капэлі з «Vatican News» распавёў 71-гадовы айцец Алехандра Мараль, які цяпер жыве ў Буэнас-Айрэсе і працуе ў адной з мясцовых парафій.

Аргенціна чакае Папу

«Людзі вельмі радыя прыезду Папы, рыхтуюцца да яго малітвай, паўсюль адчуваецца радасны настрой. Тое самае адбываецца і ў аўгустынскай супольнасці», — адзначыў святар, выказаўшы надзею на сустрэчу Святога Айца з сабратамі.

Айцец Мараль расказаў, што ў Аргенціне дзейнічаюць чатыры супольнасці Ордэна святога Аўгустына, у якіх служаць 18 законнікаў. Яны знаходзяцца ў Буэнас-Айрэсе, Мендосе, Сальце і Санта-Марыі ў правінцыі Катамарка. Іх дзейнасць звязана галоўным чынам са служэннем у парафіях і школах.

Леў XIV ведае праблемы Аргенціны

Святар звярнуў увагу на важнасць візіту Папы ў кантэксце грамадскіх падзелаў у Аргенціне. Паводле яго слоў, Леў XIV добра ведае сітуацыю ў краіне і сваімі словамі можа дапамагчы знайсці шляхі да паразумення.

«Ён з’яўляецца голасам адзінства і заўсёды заклікае да дыялогу»,

— падкрэсліў айцец Мараль.

Больш чалавечнасці

Паводле місіянера, кожны візіт Папы ў тую ці іншую краіну пакідае людзям арыенцір для далейшага жыцця — ісці наперад разам з Хрыстом. Ён выказаў спадзяванне, што прыезд Льва XIV дапаможа аргенцінцам умацаваць братэрства, будаваць больш чалавечнае грамадства і клапаціцца пра агульнае дабро. «Ён дапаможа нам расці, ісці наперад разам і шукаць найлепшае для гэтай вялікай краіны — Аргенціны», — падсумаваў святар.
 

Абноўлена 02.11.2026 23:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.