
Леў XIV заклікае «раззброіць тэхніку» і нагадвае пра маральную адказнасць палітыкаў у захаванні міру, асабліва ў сувязі з выкарыстаннем штучнага інтэлекту ў ваеннай сферы.
Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека апублікавала дэвіз 60-га Сусветнага дня міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2027 года. Святы Айцец Леў XIV выбраў тэму: «Раззброіць тэхніку, служыць міру. Палітыка як прэвентыўная адказнасць».
Штучны інтэлект не павінен вырашаць ваенных пытанняў
Як адзначаецца ў адмысловым паведамленні, гэтым выбарам Пантыфік звяртае ўвагу на маральную адказнасць палітычных дзеячаў. Святы Айцец заклікае ўсё чалавецтва садзейнічаць годнасці чалавечай асобы і ўдзельнічаць у будаўніцтве міру. Распачаць гэты працэс прапануецца менавіта з раззбраення тэхналогій.
Дыкастэрыя цытуе Пантыфіка, які ў сваёй першай энцыкліцы «Magnifica humanitas» перасцерагае ад небяспекі, звязанай з даверам ваенных рашэнняў штучнаму інтэлекту. Ён нагадвае важнае сцвярджэнне:
«Не існуе алгарытму, які мог бы зрабіць вайну маральна дапушчальнай».
Леў XIV падкрэслівае неабходнасць захавання чалавечай адказнасці ў свеце новых тэхналогій. Рашэнні аб жыцці людзей і суіснаванні народаў не могуць бяздумна перадавацца тэхнічным сістэмам.
Сумеснымі намаганнямі да агульнай бяспекі
Святы Айцец звяртаецца да міжнароднай супольнасці з заклікам выпрацоўваць супольныя дамоўленасці, накіраваныя на абарону маральных і гуманітарных прынцыпаў. Гэта асабліва актуальна ў сітуацыях, звязаных з жыццём людзей і адносінамі паміж народамі. Прафілактычная адказнасць палітыкаў павінна стаць асновай для сапраўднага і доўгатэрміновага міру.






