Пошук

20.02.2024 11:08   Vatican News
Ікона копцкіх мучанікаў / blagovest-info

15 лютага прэфект Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох узначаліў экуменічную малітву ў памяць пра копцкіх мучанікаў, забітых тэрарыстамі ў Лівіі.

Як нагадвае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News15 лютага 2015 года тэрарысты з групоўкі «Ісламская дзяржава» выкралі 21 чалавека, якія эмігравалі ў Лівію ў пошуку працы. Сярод якіх былі 20 егіпецкіх коптаў і адзін грамадзянін Ганы. Апошні не быў хрысціянінам, але калі яго прымушалі адрачыся ад Хрыста, адказаў: «Іх Бог — мой Бог». Вернікаў жорстка забілі на ўзбярэжжы ў Сірце.

11 мая 2023 года Папа Францішак уключыў іх у Рымскі мартыралог — афіцыйны спіс святых Каталіцкага Касцёла.

Экуменічная малітва прайшла ў базіліцы святога Пятра ў дзявятую гадавіну смерці копцкіх мучанікаў. Гэта быў іх першы ўспамін у літургіі Каталіцкага Касцёла.

З гэтай нагоды ў базіліку былі прынесеныя рэліквіі дваццаці аднаго мучаніка, перададзеныя Папу Францішку Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам II. Спевы падчас набажэнства выконваў Копцкі праваслаўны хор царквы святога Юрыя ў Рыме.

Як адзначыў у гаміліі кардынал Курт Кох, мучанікі не з'яўляюцца для Касцёла «маргінальнай з’явай, але складаюць яго фундаментальны цэнтр». Ён нагадаў евангельскія словы Езуса: «Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць» (Ян 15, 20). Сведчанне мучанікаў «неаднаразова выяўлялася на працягу ўсёй гісторыі Касцёла», а таксама і ў сучасным свеце, дзе нават больш пакутнікаў, чым у часы ганенняў у першыя стагоддзі хрысціянства». Сёння 80% тых, каго пераследуюць з-за веры, з’яўляюцца хрысціянамі. «Такім чынам, у наш час хрысціянская вера з’яўляецца самай пераследаванай рэлігіяй», — адзначыў іерарх.

Забойства закладнікаў ў Лівіі / Фота: Wikipedia.org

Па словах кардынала Коха, Езус — першы мучанік і ўзор мучаніцтва для ўсіх хрысціянаў. «Як Хрыстус цалкам падпарадкаваўся волі Айца і аддаў за нас сваё жыццё на крыжы, так і хрысціянскі мучанік не шукае пакутніцтва, але прымае непазбежнае мучаніцтва, застаючыся верным сваёй веры», — падкрэсліў кардынал Кох.

Папа Францішак «заўсёды лічыў сведчанне копцкіх праваслаўных мучанікаў вельмі важным» і ўключыў іх у Рымскі мартыралог у «знак духоўных зносін, якія аб'ядноўваюць нашы Цэрквы». Такім чынам ён жадаў паказаць, што копцкія мучанікі «з'яўляюцца сведкамі веры і ў Каталіцкім Касцёле, што яны таксама з’яўляюцца нашымі мучанікамі», — заключыў кардынал Кох.

Пасля малітвы ў ватыканскай фільматэцы прайшоў паказ дакументальнага фільма The 21: The Power of Faith — «21: Моц веры». Ён быў зняты на радзіме мучанікаў пад патранатам Тавадраса ІІ. Пасля паказу фільма адбылося абмеркаванне ўзнятых у ім пытанняў з удзелам кардынала Коха, прадстаўнікоў Копцкай Праваслаўнай Царквы і рэжысёра фільма Самуэля Армніюса.

Абноўлена 20.02.2024 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.