Пошук

15.12.2023 14:39   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: istockphoto

На пытанне біскупа з Дамініканскай Рэспублікі Рамона Альфрэдо дэ ла Крус Балдэры, якое датычыцца таго, што некаторыя маці, якія не знаходзяцца ў шлюбе, з-за страху не прыступаюць да Камуні, Прэфект Дыкастэрыі Веравучэння кардынал Віктар Мануэль Фэрнандэс разам з Папам Францішкам адказваюць, што жанчынам у такой сітуацыі неабходна дапамагчы атрымліваць збаўчую моц сакрамэнтаў.

Як паведаміла Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, самотным маці, або маці-адзіночкам, якія вырашылі захаваць сваіх дзяцей, што з’явіліся па-за шлюбам, нельга забараняць прыступаць да сакрамэнтаў, а наадварот, трэба заахвочваць іх рабіць гэта. У апублікаваным 14 снежня лісце Прэфекта Дыкастэрыі Веравучэння, які напярэдадні зацвердзіў Папа Францішак, адзначаецца, што «ў некаторых краінах духавенства і асобныя свецкія вернікі фактычна забараняюць маці, у якіх з’явілася пазашлюбнае дзіця, прыступаць да сакрамэнтаў, а часам нават і хрысціць сваіх дзяцей».

У лісце падкрэсліваецца, што, як нагадаў нядаўна Папа Францішак, «Эўхарыстыя — гэта адказ Бога на найбольш глыбокі голад чалавечага сэрца, на голад сапраўднага жыцця: у ёй сам Хрыстус рэальна прысутнічае сярод нас, каб нас накарміць, суцешыць і падтрымаць у дарозе» (З прамовы да Арганізацыйнага камітэта Нацыянальнага Эўхарыстачнага Кангрэса ЗША, 19 чэрвеня 2023 года).

У сувязі з гэтым, «жанчын, якія ў такой сітуацыі выбралі жыццё і вядуць вельмі складанае існаванне з-за гэтага выбару, неабходна заахвочваць прымаць збаўчую і суцяшальную моц сакрамэнтаў».

На канкрэтны выпадак самотных маці і тых цяжкасцяў, з якімі яны і іх дзеці сутыкаюцца ў прыманні сакрамэнтаў, ужо звяртаў увагу Святы Айцец у той час, калі быў біскупам Буэнас-Айрэса: «Ёсць святары, якія не хрысцяць дзяцей маці-адзіночак, бо яны не былі зачатыя ў святасці сужэнства. Гэта — сучасныя крывадушнікі. Яны клерыкалізавалі Касцёл. Яны аддаляюць Божы народ ад збаўлення. І гэтая бедная дзяўчына, якая б магла адмовіцца ад свайго дзіцяці, але мела адвагу нарадзіць яго на свет, вандруе з парафіі ў парафію, каб яго ахрысціць» (З гаміліі, прамоўленай у верасні 2012 г.).

Асабліва адзначаецца, што Папа Францішак прызнаў адвагу гэтых жанчын не перарываць цяжарнасць: «Я ведаю, што няпроста быць маці-адзіночкай, ведаю, што людзі часам коса на вас пазіраюць, але скажу табе адну рэч: ты — адважная жанчына, бо ты змагла нарадзіць на свет гэты дзвюх дачок. Ты магла забіць іх, калі яны былі ў тваім улонні, але ты захавала жыццё, захавала жыццё, якое насіла ў сабе, і Бог узнагодзіць цябе за гэта, ужо ўзнагароджвае. Не саромся, хадзі з высока ўзнятай галавой: „Я не забіла маіх дачок, я нарадзіла іх на свет!» Віншую цябе з гэтым, і няхай Бог цябе благаславіць» (З відэаканферэнцыі, перададзенай на канале ВВС, 4 верасня 2015 г.).

У гэтым сэнсе, працягвае ліст кардынал Фэрнандэс, «неабходна весці пастырскую працу ў мясцовым Касцёле, каб людзі зразумелі тое, што факт быцця самотнай маці не з’яўляецца перашкодаю для таго, каб прымаць Эўхарыстыю. Як усе іншыя хрысціяне, сакрамэнтальная споведзь і вызнанне ўчыненых грахоў дазваляе ім прыступаць да Камуніі. Супольнасць Касцёла павінна таксама належным чынам ацаніць тое, што ёсць жанчыны, якія прынялі і абаранілі дар жыцця, якое яны насілі ва ўлонні, і якія вядуць штодзённую барацьбу, каб гадаваць сваіх дзяцей».

Вядома, адзначаецца ў лісце Дыкастэрыі Веравучэння, ёсць складаныя сітуацыі, «якія неабходна распазнаваць, аказваючы пастырскае суправаджэнне.

Можа стацца, што некаторыя з такіх маці, пад уплывам уразлівасці свайго становішча, часам звяртаюцца да гандлю сваім целам для ўтрымання сям’і. Хрысціянская супольнасць паклікана зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ім пазбегчы гэтай сур’ёзнай рызыкі, а не судзіць з усёй строгасцю».

У сувязі з гэтым, сцвярджаецца ў лісце, «душастыры, якія прапануюць вернікам дасканалы ідэал Еангелля і вучэння Касцёла, павінны дапамагчы ім таксама навучыцца логіцы спачування ў адносінах да ўразлівых асоб і пазбягаць пераследу ці занадта строгіх і нецярплівых суджэнняў» (пар. Amoris lætitia, 308).

Кардынал Фэрнандэс заўважае, што часта, каментуючы евангельскі аповед пра жанчыну, схопленую на чужалостве (гл. Ян 8, 1–11), падкрэсліваюць апошнюю фразу: «больш не грашы». Несумненна, «Езус заўсёды запрашае змяніць жыццё, больш поўна адказаць на волю Бога, жыць з большай годнасцю. Разам з тым, гэтая фраза не заключае ў сабе галоўнай думкі гэтага евангельскага ўрыўку, у якім гаворка ідзе проста пра тое, што ніхто не можа кінуць першы камень». Вось чаму Папа Францішак, кажучы пра маці, якія вымушаны адны гадваць сваіх дзяцей, нагадвае, што «ў цяжкіх сітуацыях, якія перажываюць асобы ў найбольшай патрэбе, Касцёл павінен асаблівым чынам паклапаціцца пра тое, каб зразумець, суцешыць, інтэграваць, пазбягаючы навязвання ім шэрагу нормаў, як быццам каменных, у выніку чаго яны адчуваюць сябе асуджанымі і пакінутымі менавіта тою Маці, якая паклікана несці ім Божую міласэрнасць» (пар. Amoris lætitia, 49).

Кардынал Прэфект нагадвае словы Папы з яго Паслання да Сіноду Біскупаў адносна жаночага і мацярынскага аблічча Касцёла, адкідаючы «маскулінісцкія і дыктатарскія адносіны» тых служыцеляў, якія «злоўжываюць сваім служэннем і жорстка абыходзяцца з Божым народам»

(З прамовы да Сіноду Біскупаў, 25 кастрычніка 2023 г.).

«Вам належыць зрабіць так, каб падобныя паводзіны не праяўляліся ў вашым мясцовым Касцёле», — піша на заканчэнне кардынал Фэрнандэс у адказе біскупу з Дамініканскай Рэспублікі.

Абноўлена 15.12.2023 20:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа