Пошук

15.12.2023 13:51   Vatican News
Ілюстрацыйная выява: humandevelopment.va

14 снежня ў Ватыкане было прадстаўлена Пасланне Папы Францішка на 57-ы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2024 года.

Кароткі агляд папскага дакумента прапануе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

У традыцыйным Пасланні Пантыфік заклікаў міжнародную супольнасць прыняць абавязковую міжнародную дамову, якая будзе рэгуляваць развіццё і выкарыстанне штучнага інтэлекту.

«Новыя тэхналогіі заўсёды павінны спрыяць міру і агульнаму дабру, служыць інтэгральнаму развіццю людзей і грамадстваў», 

— падкрэсліў Папа Францішак у дакуменце на тэму «Штучны інтэлект і мір».

Святы Айцец звярнуў увагу на «этычнае вымярэнне» новых тэхналогій, якія, з аднаго боку, могуць прывесці да паляпшэння чалавецтва і ператварэння свету, калі будуць садзейнічаць большаму парадку ў чалавечым грамадстве і большай братэрскай еднасці і свабодзе; а, з іншага боку, даюць «у рукі чалавека шырокі спектр магчымасцяў, у тым ліку тыя, якія могуць пагражаць нашаму выжыванню і ставіць пад пагрозу наш супольны дом».

Папа Францішак падкрэсліў, што ніякія навуковыя даследаванні і тэхналагічныя інавацыі не з’яўляюцца «нейтральнымі», але звязаныя з рашэннямі і намерамі тых, хто імі займаецца.

Гэта датычыцца таксама форм штучнага інтэлекту, бо іх уплыў залежыць ад мэт і інтарэсаў іх уладальнікаў і распрацоўнікаў, а таксама ад сітуацый, у якіх яны выкарыстоўваюцца.

Таму «мы не можам апрыёры меркаваць», што развіццё штучнага інтэлекту зробіць «карысны ўнёсак у будучыню чалавецтва і мір паміж народамі». Станоўчы вынік будзе дасягнуты толькі ў тым выпадку, калі мы пакажам сябе здольнымі дзейнічаць адказна і паважаць такія асноўныя чалавечыя каштоўнасці, як «інклюзіўнасць, празрыстасць, бяспека, справядлівасць, прыватнасць і надзейнасць», — адзначыў Папа Францішак.

На думку Святога Айца, неабходна «стварыць органы, якім будзе даручана разглядаць этычныя праблемы, што ўзнікаюць у гэтай галіне і абараняць правы тых, хто выкарыстоўвае формы штучнага інтэлекту ці закранаецца імі».

«Мы павінны пашырыць наш позірк і скіраваць навука-тэхнічныя даследаванні на дасягненне міру і агульнага дабра, на службу інтэгральнаму развіццю людзей і грамадстваў», — падкрэсліў Пантыфік.

«Тэхналагічныя распрацоўкі, якія не прыводзяць да паляпшэння якасці жыцця ўсяго чалавецтва, а наадварот, пагаршаюць няроўнасць і канфлікты, ніколі не могуць лічыцца сапраўдным прагрэсам», — асаблівым чынам адзначыў Пантыфік. 

Папа падкрэсліў шматлікія антрапалагічныя, адукацыйныя, сацыяльныя і палітычныя праблемы, звязаныя са штучным інтэлектам.

«Сур’ёзную праблему стварае выкарыстанне штучнага інтэлекту ў кампаніях дэзінфармацыі, якія распаўсюджваюць фэйкавыя навіны і выклікаюць рост недаверу да сродкаў масавай камунікацыі», — заўважыў ён, нагадаўшы, што новыя тэхналогіі могуць мець таксама іншыя негатыўныя наступствы, такія як дыскрымінацыя, умяшанне ў выбары, рост грамадства сачэння, лічбавая ізаляцыя і абвастрэнне індывідуалізму. Усё гэта, па словах Папы Францішка, з’яўляецца пагрозай для міру ва ўсім свеце.

Святы Айцец папярэдзіў аб рызыках для дэмакратычных грамадстваў і мірнага суіснавання, якія нясе тэхнакратычная парадыгма, што ляжыць у аснове штучнага інтэлекту.

«Прапануючы пераадолець усе абмежаванні з дапамогай тэхналогій, у навязлівым жаданні кантраляваць усё, мы ўсе рызыкуем згубіць кантроль над сабой», — напісаў ён.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.